Skip to main content

Прачытаць знакі часу і акрэсліць планы на будучыню

sinod16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, у нашым лакальным Касцёле распачнецца ўзнёслая гістарычная падзея. У гэты дзень у катэдральным касцёле ў Гродне будзе ўрачыста адкрыты І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. У сённяшнім нумары газеты кс. канонік Антоній Грэмза, генеральны сакратар сінода, распавядае аб мэтах яго склікання і значэнні для дыяцэзіяльнай супольнасці.
gremza sz
 
– Што такое дыяцэзіяльны сінод і з якой мэтай яго склікаюць?
 
– Слова “сінод” паходзіць ад грэчаскага слова “sýnodos” і перакладаецца як “сход” альбо “супольны шлях”. У разуменні кананічнага права дыяцэзіяльны сінод з’яўляецца кансультатыўным сходам, які ўтвараюць святары, кансэкраваныя і свецкія асобы Касцёла на тэрыторыі дадзенай дыяцэзіі, і які склікаецца і праводзіцца пад кіраўніцтвам біскупа для новага апісання і вызначэння аблічча партыкулярнага Касцёла.
 
Сінод – вельмі старажытная практыка ў Касцёле. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства біскупы праводзілі нарады са святарамі як са сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі для кансультавання і з мэтай супольнага пошуку найлепшых рашэнняў актуальных праблем і выклікаў. І сёння каталіцкая супольнасць збіраецца, каб абмеркаваць важныя справы альбо прыняць сумесныя рашэнні, што ў далейшым дапамогуць развівацца і рэалізаваць тыя заданні, якія даручыў Езус Хрыстус. Гэта таксама добрая нагода да ўзрастання ў веры і любові ў супольнасці.
 
На працягу стагоддзяў адбываліся шматлікія змены ў разуменні і функцыянаванні дыяцэзіяльных сінодаў. Да найважнейшых трэба залічыць уведзеныя ІІ Ватыканскім саборам, калі да ўдзелу ў іх працах былі запрошаны, акрамя духавенства і кансэкраваных асоб, што служаць у дыяцэзіі, таксама свецкія вернікі. Яны могуць прымаць удзел у дыскусіях сінода, выражаць сваё меркаванне, мець уплыў на характар выніковых дакументаў. Так яшчэ больш падкрэслена калегіяльнасць сінода і сумесная адказнасць усёй дыяцэзіяльнай супольнасці – значыць не толькі душпастыраў, але і вернага люду – за ўласны лакальны Касцёл. Таму, згодна з дэкрэтам, “у славу Бога, у Тройцы Адзінага, у клопаце пра духоўнае дабро вернікаў, кіруючыся наяўнымі патрэбамі дыяцэзіяльнага гродзенскага Касцёла, якія тычацца паглыблення веры і адказнасці Божага люду дыяцэзіі за Святы Касцёл, для акрэслення асноўнай душпастырскай дзейнасці ў парафіях і жыцця паводле Евангелля, а таксама з мэтай уніфікацыі цэлебрацыі літургічных абрадаў і ўстанаўлення касцёльнага лакальнага права з захаваннем норм Кодэкса кананічнага права і ўказанняў Святога Пасаду” біскуп Аляксандр Кашкевіч прыняў рашэнне аб скліканні сінода. Спадзяёмся, што гэта будзе сапраўды адметная гістарычная падзея, якая задасць Касцёлу на Гродзеншчыне новы напрамак развіцця.
   
Якія факты прамовілі за патрэбу склікання І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі?
 
– Апошні сінод, які датычыў Касцёла на нашых землях, меў месца ў 1931 годзе, калі тэрыторыя Гродзеншчыны належала да Віленскай архідыяцэзіі. З таго часу сітуацыя лакальнага Касцёла вельмі змянілася. Неабходна пры гэтым падкрэсліць, што змяніліся не толькі абставіны месца і часу, у якіх Касцёл выконвае сваю місію, але таксама сам Касцёл. Найперш дзякуючы вялікай справе аднаўлення, пачатак якой быў пакладзены ІІ Ватыканскім саборам і якая была паслядоўна рэалізавана чарговымі Папамі і іх супрацоўнікамі – біскупамі. Не падлягае сумненню, што многія з пастанаўленняў віленскага сінода папросту страцілі актуальнасць, іншыя ж патрабуюць глыбокай рэвізіі і дастасавання да сучасных умоў. Акрамя таго, паслясаборная рэчаіснасць, у якой мы жывём, знакі часоў, якія спрабуем адчытаць, і выклікі, перад якімі стаіць сёння наш партыкулярны Касцёл, патрабуюць супольнага шукання новых, лепшых, больш паспяховых рашэнняў, адпаведна меркам ХХІ стагоддзя.
   
– Сінод распачнецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, і пройдзе пад дэвізам “Жыць Евангеллем”. Чаму абраны менавіта такі заклік?
   
– Сёння хрысціянства патрабуе прыпамінання неабходнасці вяртання да навукі Езуса Хрыста. Таму “Жыць Евангеллем” – гэта вельмі важныя і актуальныя словы, свайго роду выклік для сучасных людзей, як духоўных, так і свецкіх, якім трэба задумацца над тым, ці сапраўды будуюць жыццё згодна з Божым законам. Калі ў якасці падмурка выкарыстоўваць навучанне Езуса, то мяняцца да лепшага будзем не толькі мы самі, але і грамадства, дыяцэзія, краіна. Таксама прыкладзём намаганні, каб уся праца сінода, пасяджэнні камісій, сустрэчы адпавядалі закліку “Жыць Евангеллем”. Гэта самая простая навука, і трэба яе трымацца. Чаму сінод пачнецца менавіта 16 лістапада? Гэта дзень, калі ўзгадваем Маці Міласэрнасці – галоўную апякунку Гродзенскай дыяцэзіі. Хочам даручыць Ёй першы гістарычны сінод, усіх яго арганізатараў і ўдзельнікаў. Верым, што Маці Божая дапаможа нам у вырашэнні важных пытанняў.
   
– Адной з задач сінода з’яўляецца разважанне над грамадска-душпастырскай сітуацыяй. Якія праблемы ці выклікі будуць абмеркаваны ў ходзе дыскусій?
 
– Да асобных пытанняў належаць, між іншым, спецыфічныя душпастырскія выклікі ў гарадскіх і вясковых парафіях; патрэба глыбокага духоўнага і маральнага аднаўлення грамадства; клопат аб узрастанні колькасці святарскіх, манаскіх і місіянерскіх пакліканняў; развіццё і актывізацыя касцёльных таварыстваў і рухаў; выпрацоўка форм больш блізкай сумеснай дзейнасці духавенства і свецкіх вернікаў; пошук аптымальных эканамічных і адміністрацыйных вырашэнняў для дыяцэзіі і парафіі; а таксама іншыя практычныя пытанні, якія будуць узнікаць падчас працы сінода.
 
– Сінод павінен прадстаўляць усю дыяцэзію. Хто будзе ўваходзіць у яго склад?
 
– Членамі Сінода, у адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса кананічнага права (Кан. 463) і інструкцыі Кангрэгацыі па справах біскупаў ад 19 сакавіка 1997 года “Аб дыяцэзіяльных сінодах”, будуць прызначаны прадстаўнікі духавенства, асобы кансэкраванага жыцця і свецкія католікі-дыяцэзіяне. Асобнымі дэкрэтамі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч зацвердзіць галоўную камісію, сінадальныя камісіі і сакратарыят сінода, задача якіх заключаецца ў распрацоўцы праектаў, прызначаных для статута сінода, і прадстаўленні іх на пленарных сесіях сінода. Біскупам таксама будзе вызначана прапорцыя ўдзельнікаў (духоўных і свецкіх асоб). Варта адзначыць, што наш пастыр сардэчна заахвочвае свецкіх вернікаў, якія турбуюцца за будучыню Касцёла, да ўдзелу ў сінодзе.
   
– Якім чынам сінод павінен паспрыяць плённай дзейнасці і развіццю Касцёла на Гродзеншчыне?
 
– Сінод дапаможа біскупу ў паспяховым кіраванні лакальным Касцёлам і фарміраванні душпастырскага аблічча дыяцэзіі. У сваю чаргу для ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці сінод будзе запрашэннем да яшчэ больш актыўнага і свядомага ўключэння ў яго “сёння” і да адказнага клопату пра яго “заўтра”. Гэта іспыт нашай дзейнасці і свайго роду экзамен для ўсіх – біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў – ці сапраўды з’яўляемся вернай супольнасцю Пана. Важна, каб, абмяркоўваючы актуальныя праблемы і выклікі, людзі не баяліся выказваць сваё меркаванне, каб абаранялі хрысціянскія каштоўнасці і не цураліся браць на сябе адказнасць за Касцёл, які мы разам будуем. Добрага плёну можам чакаць у тым выпадку, калі ўдзельнікі сінода будуць актыўна і адказна працаваць, а вернікі – суперажываць і маліцца ў інтэнцыі працы камісій.
 
Кінга Красіцкая 
 

Рэдагавана: 15 Лістапада 2017