Skip to main content

“Дэкалог” хрысціянскага валанцёра

 

hand 506754 1280Здзяйсняючы валанцёрскую працу, мы выконваем акрэсленыя заданні. Яны дазваляюць здабыць досвед, новыя ўменні і веды. Валанцёры дзякуючы сваёй актыўнасці маюць магчымасць усталяваць новыя знаёмствы. Вялікай карысцю з’яўляецца самарэалізацыя, выйсце за рамкі звычайнай працы, магчымасць выявіць сябе ў дзейнасці.

Валанцёрская дзейнасць – гэта велізарная інвестыцыя ў самога сябе. Дзякуючы валантарыяту мы развіваем уменні працы з іншымі, такія, як камунікацыя, ці праца ў групе. Праз уключэнне ў валантарыят чалавек атрымлівае магчымасць дзяліцца тым, што мае. Гэта могуць быць веды, уменні, а часам энергія, патрэбная для дзейнасці. Гэта дазваляе шырэй зірнуць на тое, што мы робім і кім з’яўляемся. Валантарыят можа прымаць шмат форм і сёння, калі мы камунікуем амаль бесперапынна, кожны можа знайсці штосьці для сябе. Самым галоўным аспектам з’яўляецца бескарыслівая дзейнасць дзеля іншай асобы.

  1. Дзейнічаючы ад імя Касцёла, хрысціянскі валантарыят атаясамлівае сябе з Касцёлам, яго мэтамі, формамі дзейнасці і сродкамі рэалізацыі гэтых мэтаў. Не памяншаючы значэння натуральнай, гуманістычнай матывацыі, хрысціянскі валантарыят стараецца пастаянна паглыбляць сваю духоўна-рэлігійную матывацыю.
  2. Хрысціянскі валантарыят адзначаецца гатоўнасцю служыць людзям на ўзор Хрыста, які “не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 45).
  3. Будучы сам часта бедным, хрысціянскі валанцёр дзеліцца з іншымі найперш любоўю на ўзор Хрыста, які ўзбагаціў свет не матэрыяльнымі дабротамі, а багаццем любові (пар. 2 Кар 8, 9).heart 2719081 1280
  4. Валанцёр рэалізуе апостальства Касцёла, калі праз учынкі любові і міласэрнасці вучыць іншых хрысціян спачуванню і велікадушнай дапамозе патрабуючым.
  5. У асобе таго, каму дапамагаюць, хрысціянскі валанцёр бачыць самога Хрыста, які атаясамліваецца з кожным патрабуючым (Мц 25, 35-36.42-43). Хрысціянскі валанцёр памятае, што дзейсная любоў – найпаўнейшы шлях да вечнага жыцця, бо “любоў ніколі не мінае” (1 Кар 13, 8).
  6. Валанцёр з’яўляецца прадстаўніком, вестуном і будаўніком Валадарства Хрыстовага на зямлі – валадарства любові, справядлівасці і міру (KK 36).
  7. Асноўным крытэрыем ацэнкі валанцёра з’яўляецца асабістая годнасць і веліч Божага паклікання, якім кожны чалавек быў адораны.
  8. Хрысціянскі валанцёр адкрыты і чулы да ўсялякіх патрэбаў бліжніх, з асаблівай павагай і любоўю ставіцца да людзей, прыніжаных з прычыны нястачы.
  9. З павагай і любоўю валанцёр ставіцца да людзей з іншымі поглядамі, асабліва тых, якія “без уласнай віны, не ведаючы Хрыстовага Евангелля і Хрыстовага Касцёла, шчырым сэрцам шукаюць Бога” (KK 16).
  10. Хрысціянскі валанцёр не чакае за сваю працу іншай платы, як толькі вечнай узнагароды ў небе, згодна са словамі Хрыста: “Хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады, (…) не страціць узнагароды сваёй” (Мц 10, 42).

Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч

 

 

Рэдагавана: 20 Верасня 2017