Сёлета навучальны год завяршыўся нечаканым сюрпрызам: рэктар, спаткаўшы мяне каля ўваходу ў семінарыю, запрапанаваў паехаць на летнюю практыку ў Германію. Я моцна здзівіўся: сярод клерыкаў, якія наведвалі факультатыў па нямецкай мове, большасць, у адрозненне ад мяне, вывучала гэтую мову на працягу многіх гадоў яшчэ перад семінарыяй. Але выбар упаў на мяне. Часам нават уявіць цяжка, што табе рыхтуе Бог!
Я адразу пачаў інтэнсіўна вывучаць нямецкую самастойна – перыяд падрыхтоўкі праляцеў хутка, і ўжо на пачатку ліпеня я быў у горадзе Дзюсельдорфе.
Галоўнай мэтай маёй практыкі было як мага лепшае авалоданне нямецкай мовай. Таму ўвесь час майго прабывання ў Германіі быў распланаваны так, каб у найвышэйшай ступені выканаць пастаўленыя задачы. Асабліва ў гэтым мне дапамаглі пробашч касцёла, дзе я спыніўся, і шматлікія парафіяне. У першы дзень пасля майго прыезду ў касцёльнай газеце з’явілася аб’ява, прыблізна наступнага зместу: “Дарагія парафіяне, да нас прыехаў клерык з Беларусі, які вывучае нямецкую мову. Будзе цудоўна, калі вы знойдзеце час і запросіце яго ў госці на невялікую гутарку”.
І сапраўды, пасля гэтага паведамлення я атрымаў шмат запрашэнняў. Нямецкія сем’і былі вельмі гасцінныя. Некаторыя з іх запрашалі мяне на абед ці вячэру. Іншыя прапаноўвалі разам з імі паглядзець на славутасці горада.
Таксама ў мяне была магчымасць наведваць жанчыну, якая займалася са мной нямецкай мовай. Гэта было вельмі карысна, асабліва ў першы час. Бо, калі я толькі прыехаў, мне было цяжка зразумець, што кажуць іншыя людзі. Вымаўленне немцаў моцна адрознівалася ад таго, якое я прывык чуць на лекцыях немецкай мовы або падчас слухання адмысловых аудыё ўрокаў. Але мая самастойная падрыхтоўка ўсё роўна мне дапамагала, і, калі я не мог падтрымаць дыялог, то, па меншай меры, разумеў, што мне казалі.
Кожны дзень я ўдзельнічаў у св. Імшы на нямецкай мове. Спачатку яна здавалася мне крыху незвычайнай, бо ўсё ў ёй выглядала неяк занадта ўрачыста. Вялікія касцёлы ў гатычным стылі, зачаравальная ігра на арганах, міністранты, апранутыя не толькі ў белыя комжы, але і ў чырвоныя сутаны – усё гэта стварала атмасферу, якую цяжка перадаць словамі. Таксама мне давялося прымаць удзел у розных набажэнствах: ва ўдзяленні сакрамантаў, у пахавальных цырымоніях і г. д.
У Германіі гарады маюць сваіх святых апекуноў. Таксама і Дзюсельдорф мае ўласнага нябеснага заступніка – св. Апалінарыя. Мне пашанцавала, што перыяд майго прабывання на практыцы супаў з урачыстасцю ўзгаданага святога. Гэта адна з найбольш важных дат для Дзюсельдорфа. Падчас урачыстасці ў горадзе праводзяцца шматлікія мерапрыемствы. Асноўныя з іх – гэта працэсія ў гонар св. Апалінарыя па вуліцах горада, адкрыццё ярмаркі і фееерверк над Рэйнам. Гэтыя мерапрыемствы выглядаюць грандыёзна, і на іх збіраецца шматлікая колькасць людзей.
За час практыкі ў мяне атрымалася не толькі палепшыць узровень валодання нямецкай мовай, але таксама пазнаёміцца з багатай культурай гэтага народа, зблізіцца з цікавымі людзьмі, назапасіць добрых успамінаў і атрымаць вельмі карысны досвед.
Касцёл, членамі якога мы з’яўляемся, завецца каталіцкім, што з грэцкай мовы азначае "паўсюдны", інакш кажучы такі, які не абмяжоўваецца рамкамі нейкай адной дзяржавы, культуры, супольнасці. І мая летняя практыка з’яўляецца добрым таму доказам.
Семінарыст Аляксей Шарыпаў