Летні перыяд для семінарыста – цудоўная магчымасць рэалізаваць сваё прызначэнне, пацвердзіць сваё пакліканне служыць Богу і людзям. Пра свае ўражанні ад летняй практыкі ў англійскай парафіі распавядае семінарыст Яўген Амасёнак.
Дазвольце падзяліцца з вамі ўражаннямі, якія я атрымаў падчас летняй практыкі ў адной з англійскіх парафій, якая знаходзіцца недалёка ад Лондана. На працягу месяца я жыў у невялікай вёсцы Great Missenden (Грэйт Міссэндэн) і дапамагаў а. Вэйну (Fr. Wayne Coughlin) у выкананні яго штодзённых абавязкаў.
Шчыра кажучы, у той момант, калі кс. Раман Рачко, рэктар семінарыі, прапанаваў мне паехаць у Англію, я нават і не спадзяваўся атрымаць такі багаты душпастыркі вопыт, які я не забуду ніколі і паспрабую рэалізаваць штосьці з яго ў сваім будучым святарскім служэнні. Я вельмі ўдзячны Богу за тое, што сустрэў на сваім жыццёвым шляху менавіта такіх святароў, якія моцна шануюць і прытрымліваюцца тых каталіцкіх традыцый, якія асабліва блізкія нашаму сэрцу. Трэба адзначыць, што гэта вялікая рэдкасць сярод англічан, рэлігійныя погляды якіх у большай ступені абапіраюцца на пратэстанцкае вучэнне.
Штодзённая святая Імша, разважанні над таямніцамі святога Ружанца, удзел у сакрамэнце хросту і намашчэння хворых, наведванне турмы і шматлікія сустрэчы з вернікамі спрыялі таму, каб я яшчэ больш адчуў неабходнасць і значнасць святарскага служэння.
Упершыню мне давялося прысутнічаць на святой Імшы, падчас якой два браты-аўгустыянцы склалі перад Богам вечныя манаскія абяцанні ў адной з лонданскіх святыняў. Таксама я меў унікальную магчымасць падзяліцца з вернікамі некаторымі думкамі наконт свайго паклікання, распавесці гісторыю жыцця св. Максімільяна Кольбэ і паразважаць разам з імі над бязмежнай таямніцай святой Эўхарыстыі.
Нязвыклым было для мяне тое, што пасля нядзельнай Імшы пробашч парафіі развітваўся з кожным вернікам пааасобку, якія, у сваю чаргу, запрашалі нас на супольны абед ці вячэру. Здзівіў мяне таксама факт, што святар звычайна ўспрымаецца веруючымі не як пастыр ці настаўнік, а хутчэй як блізкі сябар, які карыстаецца павагай і чыя роля заключаецца ў тым, каб не нагадваць вернікам, як трэба жыць, а проста быць заўсёды гатовым дапамагчы ў складаную хвіліну.
Нярэдка даводзіцца чуць, што англічане вельмі гасцінныя, добразычлівыя і надзвычай ветлівыя людзі. І гэта сапраўды так. Спытаеце на “ламанай” англійскай мове на вуліцы любога горада, як трапіць у тое ці іншае месца, і вам падрабязна ўсё раскажуць, адвядуць туды, куды трэба, і яшчэ на развітанне ласкава звернуцца да вас “dear” або “love”.
На працягу дня брытанец кажа “please” і “sorry” незлічоную колькасць разоў. Напрыклад, калі выпадкова вы наступіце англічаніну на нагу, хутчэй за ўсё ён папросіць прабачэння першым. І нават калі вы толькі пачалі вывучаць англійскую мову, вам скажуць, што вы валодаеце ёю ў найвышэйшай ступені. Паколькі мая англійская далёкая ад ідэалу, мне гэта казалі сотні разоў. У выпадку пярэчанняў дададуць, што іх руская ўсё роўна горшая.
Немагчыма не заўважыць, што англічане вельмі ганарацца сваімі садамі. Калі вам пашчасціць атрымаць запрашэнне ў прыватны дом, то нават не спадзявайцеся на экскурсію па пакоях. У першую чаргу вам, напэўна, пакажуць сад, распавядуць пра кожнае дрэва і кветачку і будуць чакаць вашай рэакцыі ў адказ.
Пра англійскія традыцыі можна гаварыць гадзінамі, як гэта звычайна робяць англічане, абмяркоўваючы апошнія падзеі за кубачкам гарбаты з малаком. Хачу толькі падзякаваць Пану Богу за атрыманую магчымасць дзяліцца ў іншамоўным асяроддзі самым каштоўным у маім жыцці – радасцю штодзённага прабывання з Хрыстом.
Семінарыст Яўген Амасёнак