Skip to main content

Што ўяўляе сабой касцёльны суд і якія пытанні ён разглядае?

slub wesele 008 obraczki slubneКожная сям’я за гады сумеснага жыцця перажывае не толькі радасныя моманты, але і крызісы. Хтосьці іх пераадольвае, а нехта разыходзіцца па розных сцежках. Вырашыць сямейныя і не толькі пытанні каталікам можа дапамагчы касцёльны суд. Што гэта за інстанцыя і якія справы там разглядаюцца распавядае віцэ-афіцыял Гродзенскага касцёльнага суда, кс. Павел Урбан.

– Што ўяўляе сабой касцёльны суд і якія абавязкі выконвае віцэ-афіцыял?

– Касцёльны суд – гэта інстытут, які стаіць на абароне правоў і інтарэсаў вернікаў – не толькі каталікоў, але і прадстаўнікоў іншых канфесій. Напрыклад, праваслаўны чалавек бярэ шлюб у касцёле з каталіком – значыць, у пэўным сэнсе ён падпадае пад юрысдыкцыю кананічнага права.

Касцёльным судом кіруе афіцыял. У нашай дыяцэзіі гэта ксёндз Цэзарый Міх, які яшчэ з’яўляецца і пробашчам Скідзельскай парафіі, а я, так бы мовіць, яго намеснік – гэтак жа, як і афіцыял, забяспечваю дзейнасць судзебнага працэсу.

– Пры разглядзе справы ў звычайным судзе ёсць абвінаваўца і адвакат. А ў касцёльным?

– Так, ёсць адвакат, які абараняе шлюб, і той, хто супраць. Акрамя гэтага, прысутнічаюць упаўнаважаныя святары, псіхолагі – з дзяржаўных і рэлігійных устаноў, людзі, якія маюць для гэтага дазвол… Судовых пасяджэнняў можа быць некалькі. Пасля разгляду ўсіх матэрыялаў, выступленняў сведак, аналізу і экспертыз калегія суддзяў выносіць рашэнне.

– Ці доўга ідзе разгляд справы?

– Не больш за адзін год. Аднак часта здараецца, што справа разглядаецца 5 гадоў і нават больш. Гэта звязана з вялікай колькасцю заяў аб несапраўднасці шлюбу, якія разглядае касцёльны суд. Людзі падаюць іск і самі зацягваюць працэс, не прадстаўляючы патрэбных дакументаў ці забываючы прыйсці на сустрэчу з суддзёй.

– З якімі пытаннямі да Вас звяртаюцца?

– Мы разглядаем сужэнскія справы, якія тычацца сапраўднасці ці несапраўднасці шлюбу. Аднак, перш чым прыняць у чалавека заяву, афіцыял ці яго намеснік не раз з ім гутарыць і менавіта на гэтым этапе вырашае, ці ёсць падставы для разгляду справы.

– У якіх выпадках шлюб можа быць скасаваны?

– Скасавання шлюбу, як гэта бывае ў свецкім судзе, у касцёле няма – ёсць магчымасць даказаць, што ён быў несапраўдным з самага пачатку. Напрыклад, малады чалавек утаіў сваю псіхічную хваробу, алкагольную ці наркатычную залежнасць або дзяўчына не расказала, што не можа мець дзяцей, хоць ведала пра гэта да шлюбу… А вось такую прычыну, як несумяшчальнасць характараў, на падставе якой часта разводзяць у свецкім судзе, касцёльны суд не прызнае.

– Ці шмат выпадкаў, калі шлюб прызнаецца несапраўдным?

– За мінулы год была сфарміравана база ў 200 спраў і выдадзена каля 60 пастаноў, у большасці выпадках – станоўчых.

– Як даўно існуе касцёльны суд?

– На Беларусі ён узнік, калі зарадзіліся структуры каталіцкага Касцёла. Першы касцёльны суд з’явіўся ў Гродне. Пад яго юрысдыкцыю падпадалі ўсе дыяцэзіі нашай краіны, а таксама заходнія часткі Расіі і Казахстана.

Зараз на Беларусі дзейнічаюць тры касцёльныя суды ў Мінску, Гродне і Віцебску. З нядаўняга часу Гродзенскі каталіцкі суд займаецца справамі толькі жыхароў Гродзеншчыны. У адпаведнасці з кананічным правам, у кожнай дыяцэзіі можа быць свой касцёльны суд.

– Ці здараюцца памылкі ў Вашай дзейнасці?

– Цяжка адказаць на гэтае пытанне. У Евангеллі напісана "каму адпусціце – таму адпушчана". Каб мінімізаваць верагоднасць памылкі, рашэнне па шлюбных справах выносіць не адзін чалавек, а калегія суддзяў, пры гэтым кожны незалежна адзін ад аднаго.

– Некаторыя лічаць некарэктным, што сямейныя справы разглядаюць людзі, якія не маюць уласнай сям’і і некалі давалі абет бясшлюбнасці. Як Вы ставіцеся да такой пазіцыі?

– Кожная канкрэтная сітуацыя касцёльнай судовай калегіяй разглядаецца праз прызму кананічнага права, дзе ўсё дакладна вызначана і прапісана.

– Не толькі палітычныя і духоўныя лідары, але і сродкі масавай інфармацыі б’юць у набат: колькасць разводаў з году ў год павялічваецца ва ўсім свеце. У чым Вы бачыце крызіс сямейнага жыцця?

– Сучасны чалавек у меншай ступені, чым яго папярэднікі, здольны цярпець нягоды. Калі раней на першым месцы была сям’я, то зараз – сам чалавек, яго патрэбы і турботы. Як гэта ні прыкра, але ў модзе камфорт і спажывецкі лад жыцця. Чалавек развучыўся жыць для другога чалавека.

– Ксёндз Павел, што б Вы пажадалі нашым чытачам?

– Каб жылі і выхоўвалі дзяцей у любові. Калі людзі не толькі слухаюць, але і чуюць адзін аднаго, падтрымліваюць і дапамагаюць у радасцях і турботах і сустракаюць з Богам кожны новы дзень – гэта і ёсць сапраўдная сям’я.

Даведка

Кананічнае права – гэта звод нормаў, законаў агульнага і ўніверсальнага характару. Ім у сваёй дзейнасці кіруецца каталіцкі Касцёл, у тым ліку і касцёльны суд. Сучасны кодэкс складаецца з 1 752 канонаў, падзеленых на сем кніг: агульныя нормы, працэсы, народ Божы і іншыя.

Перашкоды для шлюбавання:

Кроўнае сваяцтва ў першай ступені (бацька-дзіця).

Мінімальны ўзрост для мужчын – 16 гадоў, а для жанчын – 14. Канферэнцыя епіскапаў можа павысіць гэты парог.

Няздольнасць да выканання супружаскіх абавязкаў. Бясплоддзе, калі яно не ўтойвалася, не з’яўляецца перашкодай.

Мінулы шлюб – пакуль юрыдычна не будзе ўстаноўлена, што ён прызнаны несапраўдным.

Рэлігійныя адрозненні: без дазволу ардынарыя хрышчаны католік не мае права браць шлюб з асобай, якая не прымала хрост. Хрысціяне розных канфесій могуць браць шлюб пры выкананні адпаведных умоў.

Духоўныя асобы, якія давалі абет бясшлюбнасці: святары, дыяканы, манахі і манахіні – не могуць браць шлюб.

Немагчымы шлюб паміж мужчынам і жанчынай, які/якая выкрадзены ці ўтрымліваюцца з мэтай узяцця шлюбу. А таксама калі шлюбная згода мае наступныя хібы: псіхічныя парушэнні асобы; памылка пры выказванні згоды; згода пад прымусам; згода пад уздзеяннем страху; няпоўная сужэнская згода.

Злачынства: у выпадку, калі хто-небудзь удзельнічае, нават апасродкавана, у забойстве мужа/жонкі, каб у будучым ізноў выйсці замуж ці ажаніцца.

Кроўнае сваяцтва: забаронены шлюб родных па прамой лініі на кожнай ступені, а ў бакавой лініі – да чацвёртай ступені ўключна.

Перашкода сваяцтва: забаронены шлюб паміж сваякамі мужа і жонкі па прамой лініі на кожнай ступені.

Перашкода юрыдычнага сваяцтва – узнікае пры ўсынаўленні паміж роднымі бацькамі і асобай, якую ўсынавілі.

Перашкода духоўнага сваяцтва для каталікоў усходняга абраду – узнікае паміж хрышчонай асобай і яго хросным.

Перашкода публічнай прыстойнасці. Узнікае з сужыцельства.

Паводле ostrovets.by

Рэдагавана: 05 Лютага 2017