У большасці каталіцкіх сем’яў Божае Нараджэнне святкуецца аднолькава. Каб даведацца як адзначаюць гэтае свята святары парафій Гродзеншчыны, партал ostrovets.by задаў ім пяць пытанняў аб галоўным:
1. Як Вы святкавалі Божае Нараджэнне ў дзяцінстве?
2. У нашым рэгіёне рэлігійныя традыцыі цесна пераплецены з народнымі. Тут варта прыгадаць калядаванне, варажбу, цяганне варот… Ці даводзілася Вам у юнацтве прымаць удзел у такіх забавах?
3. Ці змянілася ўспрыманне свята з узростам?
4. Як Вы зараз сустракаеце нараджэнне Дзіцяткі Езуса?
5. Што для Вас значыць свята Божага Нараджэння?
кс. Андрэй Горбач, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы:
1. Я нарадзіўся ў Іўі, адметным краі, дзе спакон вякоў пераплятаюцца тры рэлігіі, па суседству жывуць каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, іўдэі і мусульмане. Але хрысціянскія каштоўнасці і традыцыі заўсёды былі моцнымі. Немагчыма ўявіць, каб вігілія праходзіла без кагосьці з членаў сям’і: па магчымасці, усе – нават той, хто далёка жыў – у гэты дзень прыязджалі да бацькоў. Помню, бабця малілася пры вігілійным стале і ўспамінала памерлых з жалем, што не могуць быць разам з намі. Спецыяльна для гэтага на стале была дадатковая талерка. Ноччу ішлі ў касцёл на Пастэрку. Урачысты настрой бацькоў перадаваўся і нам, малым. Мы былі вельмі шчаслівыя, што нам дазволілі ў 12 гадзін ночы прысутнічаць на Імшы!
2. Гучных калядных забаў у нашым краі не было. Я аналізаваў пытанне, чаму ў некаторых рэгіёнах у святкаванні Божага Нараджэння цесна спляліся рэлігійныя і народныя традыцыі. Думаю, што гэта проста забава, жарты, адзін са спосабаў заняць сябе нечым у святочныя доўгія зімовыя дні.
3. Любое шараговае свята можа з гадамі зацерціся і знікнуць. Лічу, што Божае Нараджэнне – гэта тое свята, якое ніколі і ні праз каго не будзе забытым. Ці можна пра яго забыць? Нават свой дзень нараджэння з узростам значна менш успамінаеш.
4. Напярэдадні Божага Нараджэння святары Гродзенскай дыяцэзіі збіраюцца на аплаткавую сустрэчу. Па традыцыі ў нашай парафіі амаль кожны год праходзіць аплаткавая сустрэча ксяндзоў Астравецкага дэканата. На вігілійную вячэру на стол кладу сена, пакрываю белым абрусам. Малюся, успамінаю ўсіх родных, знаёмых, парафіян – раблю ўсё тое, што было ў маёй сям’і. Апоўначы ў касцёле пачынаецца Пастэрка. Спакон вякоў урачыстая Імша ў гонар маленькага Езуса адпраўлялася ў 24.00 гадзін. Гэтай традыцыі мы прытрымліваемся і ў нашай парафіі.
5. Свята Божага Нараджэння значыць для мяне тое ж, што і для іншага чалавека, – гэта паўната радасці. Калі мне трэба было б адказаць на гэта пытанне навуковай, тэалагічнай мовай, то я б сказаў “глядзі адказы вышэй”. Гэта свята еднасці і прабачэння, калі за вігілійны стол сядаюць і веруючыя, і практыкуючыя хрысціяне, і тыя, хто пахіснуўся ў сваёй веры. Дзіцятка Езус штогод прыносіць чалавеку надзею, умацоўвае веру і прыкладам свайго жыцця вучыць любіць.
а. Казімір Мараўскі, пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі:
1. Я нарадзіўся ў Польшчы ў моцна веруючай сям’і. У бацькоў было сямёра дзяцей – я самы малодшы. Божае Нараджэнне, як і Вялікдзень, – лічыліся галоўнымі святамі. Да нараджэння Дзіцяткі Езуса мы рыхтаваліся духоўна на працягу ўсяго Адвэнта. Галоўнай традыцыяй гэтага перыяду ў нашай парафіі былі Рараты, якія пачыналіся ў 6 гадзін раніцы. Колькі часу мінула, але гэтыя набажэнствы ў гонар Марыі па-ранейшаму адпраўляюцца ў адзін і той жа час. У касцёл трэба было ісці пешшу крыху больш за два кіламетры, таму ў 5 гадзін раніцы ўсе былі на нагах. На Рараты ішлі ўсе, хто толькі свабодны. Нават старэйшыя браты, якія цяжка працавалі на працягу дня, іх не прапускалі. А колькі было міністрантаў! Нашай парафіі пашанцавала з пробашчам – быў вялікай душы чалавек. За 38 гадоў яго душпастырства ў нас больш за 60 маладых людзей і дзяўчат сталі ксяндзамі і законнымі сёстрамі. На Божае Нараджэнне ў палякаў з 23 снежня пачынаюцца вакацыі, якія працягваюцца ажно да ўрачыстасці Трох каралёў. Напярэдадні вігіліі мама завіхалася на кухні, а мы ўпрыгожвалі ёлку. Электрычных гірляндаў у той час не было, таму зялёную прыгажуню аздаблялі свечкамі, “дожджыкам”, пацеркамі. Аднойчы ёлка загарэлася, добра, што старэйшыя браты былі побач і прадухілілі бяду. З першай зоркай мы распачыналі вігілію: маліліся, дзяліліся аплаткай і абменьваліся пажаданнямі.
2. Свята Божага Нараджэння – вельмі дамашняе, сямейнае. Ніхто ў гэты час не ходзіць па вуліцы: усе сустракаюць нараджэнне Дзіцяткі Езуса разам са сваякамі, блізкімі і роднымі, а пасля ідуць у касцёл на Пастэрку. У Польшчы моладзь звычайна збіраецца на Андрэйкі: хлопцы і дзяўчаты варожаць на воску, танцуюць. У Гудагайскай парафіі ёсць калядная традыцыя, калі моладзь збіраецца разам памаліцца, паспяваць пад гітару песні.
3. З узростам успрыманне свята безумоўна мяняецца. Мне на ўсё жыццё запомнілася малітва бацькі перад вігілійнай вячэрай, чытанне ўрыўка з Евангелля, спевы калядак… Свята Божага Нараджэння збірала ўсіх у бацькоўскім доме: старэйшыя браты заўсёды прыязджалі на вігілію, мы дзяліліся аплаткай адзін з адным, а пасля ўсе разам ішлі на Пастэрку.
4. Мы, манахі, падрыхтоўку да вігіліі пачынаем з малітвы. У манастырах гэта адбываецца яшчэ больш урачыста. Вігілійны вечар распачынаем не з вячэры, а з чытання ўрачыстых нешпараў, іншых малітваў, а ўжо толькі потым сядаем за стол. У гэты вечар разам з намі нехта ёсць: то ксёндз, то чалавек, якому няма з кім сустрэць свята. Пасля дзялення аплаткай і вячэры застаецца дзве-тры гадзіны да Пастэркі. Каля 23 гадзін я іду ў касцёл і сядаю ў канфесіянал, каб не пакінуць нікога без споведзі. Апоўначы пачынаецца Пастэрка. Некалькі гадоў запар на свята Божага Нараджэння мы на вуліцы праводзілі ўрачыстую Імшу. Уявіце сабе: паўсюль сена, ля шопкі – жывыя паўліны і авечкі, а цемру асвятляюць распаленыя кастры. Гудагайскі Бэтлеем… Пасля Імшы раздаём парафіянам і гасцям аплаткі і дзелімся імі. Увогуле ламанне аплаткі – славянская традыцыя. У Італіі, напрыклад, такога звычаю няма.
5. Свята Божага Нараджэння – гэта радасць, еднасць, згода і любоў. Езус напаўняе наша сэрца надзеяй, а жыццё – сэнсам. У гэтае свята трэба адведаць не толькі бацькоў ці сяброў, але і тых, пра каго няма каму паклапаціцца. У Італіі моладзь на свята Божага Нараджэння проста на вуліцы віншавала бяздомных невялікімі падарункамі. У гэтых людзей выступалі слёзы на вачах… Як сказала святая Маці Тарэза з Калькуты, не важна, колькі даеш іншаму, важна тое, з якой дозай любові ты гэта робіш.
кс. Анатоль Захарэўскі, пробашч парафій у Міхалішках, Клюшчанах, Жукойнях-Жэлядскіх:
1. Я нарадзіўся ў вёсцы Слабада, што на Ашмяншчыне. Бацькі гадавалі нас – трох сыноў – ў веры да Бога. Я і мой малодшы брат Віктар абралі шлях служэння Богу і людзям. Калядныя традыцыі ў нашай сям’і захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Да сустрэчы з Дзіцяткам Езусам мы рыхтаваліся на працягу ўсяго Адвэнту. Спачатку бабуля, а пасля мама рыхтавала вячэру на вігілійны стол. Тата прыносіў ёлку, якую мы ўсе разам упрыгожвалі. Пад белым саматканым абрусам абавязкова ляжала духмянае сена. На стол спачатку ставілі свечку – сімвал Хрыста, клалі аплаткі, а пасля ўжо прыносілі посныя стравы. Бацькі на Каляды рабілі нам невялікія падарункі, але традыцыі класці іх пад ёлку ў нас не было. Пасля вячэры спявалі калядкі і пешшу ішлі каля 2 кіламетраў у касцёл на Пастэрку.
2. Я не ўдзельнічаў у гучных забавах моладзі. У нашай вёсцы і ваколіцах на Каляды разам збіраліся хлопцы і дзяўчаты: цягнулі саломінкі, абдымалі плот, а пасля свавольнічалі – здымалі вароты, падпіралі палкамі дзверы… Аднойчы нават воз на дах аўтобуснага прыпынку зацягнулі. А бабуля расказвала, што за ноч нават кароў мянялі ў хлявах, каб пажартаваць з суседзяў.
3. У дзяцінстве нашае чаканне больш маляўнічае, вобразнае, чым у дарослым жыцці. З узростам чалавек пачынае разумець глыбокі сэнс гэтай надзвычай важнай для ўсяго чалавецтва падзеі – нараджэння Збаўцы.
4. У гэты дзень я заўсёды еду да бацькоў на вігілійную вячэру. Пасля спяшаюся назад: праводжу святочную Імшу – Пастэрку – у трох касцёлах: Клюшчанскім, Жукойне-Жалядскім і Міхалішкаўскім. Разам з парафіянамі мы рыхтуемся да Божага Нараджэння. Напрыклад, у мінулым годзе па ўсім касцёле ляжала сена – як знак таго, што з прыходам у гэты свет маленькага Езуса мы таксама нанова нараджаемся; панавала цемра, якую потым асвяціла зорка – сімвал веры, надзеі і любові…
5. Езус прыходзіць у наш грэшны свет, каб зрабіць яго лепшым, каб даць чалавеку шанс стаць больш чулым і спагадлівым. Бог даў чалавеку волю і больш таго, аддаў дзеля збаўлення людзей свайго адзінага Сына… А што робім мы? Як мы адносімся да бліжніх? Па вялікім рахунку, любая вайна спачатку нараджаецца ў сэрцы, а пасля выходзіць у вялікі свет. Божае Нараджэнне яднае нас, жыхароў Зямлі, незалежна ад канфесіі і ўзросту. Усім людзям на свята Божага Нараджэння і Новы год я хачу пажадаць благаслаўлення ад Дзіцяткі Езуса, які нараджаецца для кожнага з нас, і апекі Маці Божай. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць любоў і згода. Радасных святаў!
Алена Гануліч, фота аўтара