Дыякан Андрэй Бялаблоцкі нядаўна вярнуўся з Паўднёвай Амерыкі, дзе быў на паўгадавой практыцы. Будучы святар распавядае нашаму парталу пра новыя спосабы евангелізацыі, адметнасці мясцовых вернікаў і сутнасць місіянерства.
Запавет міласэрнасці
Мінулым летам дк. Андрэю давялося пазнаёміцца з кс. Антанэлай Гадэду – заснавальнікам супольнасці “Запавет Міласэрнасці” у Бразіліі. Члены гэтай арганізацыі ўжо на працягу 16-ці гадоў дапамагаюць вярнуцца да нармальнага жыцця заблукалым і патрабуючым.
“Я быў моцна ўражаны, даведаўшыся аб новых спосабах евангелізацыі, – распавядае дыякан. У рамках супольнасці «Запавета міласэрнасці» існуюць розныя «дамы місіянераў», якія займаюцца адпаведнай для іх харызмата дзейнасцю. Ёсць «дом тэатралаў», які ставіць мюзіклы і паказвае іх на вуліцах горада. «Дом для дзяцей з вуліцы», дзе бяздомныя хлопцы і дзяўчаты бясплатна жывуць і вучацца да асягенння 18-гадовага ўзросту. Мужчынскія і жаночыя «дамы для людзей з залежнасцямі», дзе тыя працуюць і збіраюцца на супольнай малітве. Ёсць місіянеры, якія раздзяляюць усе цяжкасці жыцця з бяздомнымі людзьмі, нават начуюць разам з імі на вуліцы. А сродкі, атрыманыя з ахвяраванняў, выдаюць на дапамогу ўбогім”.
Пасля знаёмства з заснавальнікам супольнасці дк. Андрэй на працягу шасці месяцаў праходзіў фармацыю ў “Доме падрыхтоўкі місіянераў” недалёка ад г. Сан-Паулу.
Вулічная евангелізацыя
Як адзначае будучы святар, будні ў супольнасці выглядаюць аднолькава. Тры пасілкі ў дзень (на два з якіх традыцыйна падаюць рыс з фасоляй), гадзіннае разважанне Божага Слова, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, вучэбныя заняткі, фізічныя працы і св. Імша на заканчэнне. На выхадных жыхары “Дома” радзяляюцца на групы і выходзяць у горад, дзе на працягу двух дзён евангелізуюць мясцовае насельніцтва.
“Мне пашчасціла працаваць амаль з кожнай групай, – узгадвае дыякан.– Я прапаведваў ў жаночай вязніцы і калоніі для малалетніх, наведваў школы, універсітэты і бальніцы, евангелізаваў блудніц і бяздомных, на працягу трох месяцаў жыў у фавэле”.
Бразілія – краіна, вядомая фавэламі, шматлікай колькасцю трушчобаў з высокім узроўнем злачыннасці і крайняй беднасцю. Большасць дамоў збудаваны з матэрыялаў, знойдзеных на сметніку, або з крадзенай сыравіны. Некаторыя людзі жывуць проста на голай зямлі. Фавэлы моцна кантрастуюць з багатымі раёнамі горада. З боку дзяржавы спробы палепшыць сацыяльнае становішча людзей у трушчобах падымаліся толькі ў сувязі з правядзеннему краіне грандыёзных міжнародных мерапрыемстваў: такіх як Чэмпіянат свету па футболе 2014 і Алімпіяда 2016.
“Я знайшоў сябе менавіта ў працы з убогімі, – гаворыць дк. Андрэй. – Начаваў разам з імі на вуліцы, стрыг валасы і галіў бароды, дзяліў з імі ежу. Гуляў з дзецьмі ў футбол пустой бутэлькай і катаў іх на сваіх плячах. За гэта атрымаў прозвішча “tio legal” (“класны дзядзька”). Меў цудоўную магчымасць не толькі дзяліцца любоўю з тымі, хто сапраўды гэтага патрабуе, але і выйсці з уласнай зоны камфорту”.
Свядомыя веры
Хрысціяне ў Бразіліі складаюць 87% насельніцтва, 64% з іх – каталікі. “Бразільцы ганарацца сваёй верай. Можна заўважыць, што многія магазіны, рэстараны, цырульні, шпіталі і школы носяць імёны святых. Мясцовыя жыхары актыўна задзейнічаны ў жыцці Касцёла. Аднойчы мне давялося прымаць удзел ва ўсяночным чуванні на гары Каркавада пад статуяй Хрыста Адкупіцеля. У набажэнстве ўдзельнічала шмат маладзёнаў. Мне было даручана блаславіць на досвітку прысутных на чуванні вернікаў і горад Рыа. Фотаздымак скажа больш, чым словы”, – гаворыць з усмешкай дыякан.
У краіне шмат касцёлаў. Але ў некаторыя парафіі ксёндз даязджае 1-2 разы ў месяц, таму вернікі самастойна дбаюць пра святыні. “Бразільцы тэмпераментныя людзі. Яны літаральна выпраменьваюць энергію, што заўважна і на Імшах. Кожная літургія суправаджаецца ігрой на гітары і бадзёрымі рухамі ў хвіліны спеву. Дарэчы, падчас прабывання ў Бразіліі мне толькі два разы давялося пачуць гукі аргана ў касцёле”, – адзначае дк. Андрэй.
Місіянер – у кожным з нас
Сёння будучы святар упэўнены, што для таго, каб быць місіянерам, неабавязкова ехаць на край свету. “У Беларусі наўрад давядзецца спаць на вуліцы, але досвед, атрыманы ў Бразіліі, дапамог мне зразумець, што святара робяць місіянерам не экстрэмальныя ўмовы. Ксёндз дае сведчанне Бога ўсім сваім жыццём, – падкрэслівае дк. Андрэй. - Дарэчы, распаўсюджванне Добрай Навіны залежыць ад усіх нас. Місіянерам можа быць кожны, хто праяўляе любоў у стаўленні да бліжняга там, дзе ён вучыцца, працуе або адпачывае – жыве”.
***
Дк. Андрэй Бялаблоцкі выказвае падзяку біскупу Аляксандру Кашкевічу за дазвол і бласлаўленне на місію ў Бразіліі, а таксама а. Антанэлу Гадэду і Энрыке Порку за магчымасць практыкі і карыстання плёнам службы ў супольнасці “Запавет міласэрнасці”.
Ангеліна Марцішэўская