Аддача нашых клопатаў і праблем, пакут і смутку Богу з'яўляецца адным са спосабаў надаць сэнс таму, што часам нам здаецца недарэчным і бессэнсоўным. Гэтая ахвяра дае вельмі істотныя сілы для ацалення і можа прынесці супакой тым, хто мае непрыемнасці. Акрамя таго, сапраўды пачынае набываць большую значнасць удзел у св. Імшы.
Не магу дараваць
Адзін з самых частых "крыкаў душы", які даводзіцца чуць святару, гэта: "Айцец, я хачу прабачыць гэтага чалавека за тое, што ён зрабіў. Але я проста не магу. Боль не сыходзіць, і я не знаходжу ў сабе сілы выкінуць усё гэта з галавы ". Людзі, якія былі параненыя, хацелі б знайсці шлях да даравання і супакою, аднак, памяць зноў вяртае іх да таго, што адбывалася раней. Яны ўсё роўна адчуваюць горыч у адносінах да чалавека, які прычыніў ім боль.
У Евангеллі у Езуса былі непрыяцелі - фарысеі. Яны часта не мелі рацыі, але ў адным з выпадкаў яны былі беспамылковыя. Калі Езус збіраўся ацаліць паралізаванага, ён у той жа час паабяцаў дараваць грахі, і фарысеі былі гэтым ўзрушаныя: "Кім лічыць сябе гэты чалавек? Хіба ён не ведае, што толькі Бог можа дараваць грахі?". Яны казалі праўду, самі таго не ўсведамляючы. Езус ёсць Бог у чалавечай плоці. Таму ён мае ўладу дараваць грахі. І менавіта па той прычыне, што Хрыстос з усёй моцай прысутнічае падчас Імшы, мы можам набыць сілы, каб дараваць тым, хто прычыніў нам крыўду. Мы кажам: "Я не магу прабачыць гэтага чалавека!" Так, дакладна, дараваць - не ў нашых сілах. Але дараваць можа Хрыстос. І мы можам дастаткова проста атрымаць доступ да Яго сілы, таму што кожны тыдзень наведваем Імшу.
Імша як ахвяра
Раней людзі прыносілі ахвяры па самых розных прычынах. Гэта былі ахвяры падзякі, ахвярапрынашэнні за грэх і ахвяры дзеля адкуплення і прабачэння. Для таго, каб мець магчымасць атрымаць прабачэнне падчас Імшы, неабходна ўдзельнічаць у ёй і ўспрымаць службу як ахвярапрынашэнне. У тыя часы, калі адкупленчая ахвяра нявіннай жывёлы прыносілася на алтары, грахі чалавека, які складаў ахвяру, у думках пераносіліся на жывёлу. І яе смерць з'яўлялася знакам таго, што пакаранне за грэх кампенсавана. Прынясенне жывёл у ахвяру паказвала на яшчэ большую ахвяру, якую павінен быў прынесці Езус.
Прыняўшы смерць на крыжы, Ён грахі ўсяго свету ўзяў на Сябе, віну адкупіў Сабой. Хрыстос гаворыць: "Прыйдзіце да мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя" (Мц 11,28). У іншым месцы Новага Запавету адзначаецца: "Усе клопаты вашыя ўскладзіце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас" (1 Пётр 5,7). На Імшы мы сустракаем Езуса, і Ён стрымлівае Сваё абяцанне ўзяць нашы цяжкасці на Сябе. Гэта адбываецца практычным і досыць штодзённым чынам. Каб атрымаць прабачэнне, мы павінны прыйсці на Імшу і "здзейсніць ахвяру." Успрымаючы Імшу як ахвярапрынашэнне, мы аддаем крыўды, якія перапаўняюць нас, Хрысту, і, такім чынам, усё гэта можа быць даравана і забыта.
"Што было, то мінула"
Так мы гаворым аб мінулых крыўдах. Гэтая прымаўка мае нават крыху большае значэнне для каталікоў. Гаворка ідзе пра святую ваду, якая змывае грахі і прыносіць прабачэнне. Езус з'яўляецца мастом, які адкрывае шлях на другі бераг, дзе мы і знаходзім свой супакой.
Калі разважаць адносна Імшы, то мы маем патрэбу ў здзяйсненні касцёльных абрадаў. Перш за ўсё, пераступіўшы парог святыні, мы павінны зрабіць знак крыжа святой вадой. Зрабіце гэта павольна, як напамін пра тое, што святая вада ачысціла нас і надала сілы прабачаць. І перш чым мы зоймем сваё месца, варта прыпыніцца і ўдумліва прыхіліць калена, усвядоміць прысутнасць Хрыста. Затым, калі прысядзем, нам варта памаліцца і папрасіць Бога, каб Ён дапамог нам знайсці сілы для прабачэння і прыняць намер, каб дадзеная Імша была прысвечана чалавеку, які нас пакрыўдзіў.
Папрасіце Яго вызваліць вас ад горычы, ад пачуцця крыўды. На працягу Імшы, кожны раз, калі святар або парафіяне здзяйсняюць той ці іншы абрад, думайце пра таго, хто пакрыўдзіў Вас і даверце гэтага чалавека Божай міласэрнасці. Калі святар падымае ўверх гостыю, уявіце сабе, што гэтая асоба ўзносіцца да нябёсаў. Калі святар кажа: "Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету," уявіце, як Езус бярэ на сябе вашыя грахі, і даруйце крыўды чалавеку, які параніў вас. І пасля прыміце Св. Камунію ў знак прабачэння, якое было вам дадзена.
Дзейсная вера
Самым выдатным аспектам нашай каталіцкай веры з'яўляецца тое, што яна дзейсная. Мы верым, што Езус прысутнічае на Імшы ва ўсёй сваёй паўнаце і самым дзейсным чынам. І сёння Ён здзяйсняе тое, што Яму прыйшлося зрабіць яшчэ тады, калі Ён быў на зямлі: вучыць, ацаляе, прабачае.
Нам трэба толькі пачаць узаемадзейнічаць з Ім. Калі мы прыходзім у касцёл з цвёрдай верай, то з кожным разам Імша будзе набываць для нас усё большае значэнне. Неўзабаве мы зразумеем, што ахвяра, якая здзяйсняецца падчас яе, зможа адкупіць не толькі нашыя правіны, але і ўсяго свету. Хутка мы зможам давяраць Богу патрэбы і душэўныя парывы нашай сям'і, сяброў, а таксама праблемы нашага грамадства і масавыя хваляванні, якія бушуюць у свеце.
Кожны каталік закліканы прымаць удзел у Імшы ўсім сваім духам, розумам і целам. Любая думка і ўспамін, намер і рашэнне павінны быць давераны Богу менавіта такім чынам. Калі мы зможам гэта ажыццяўляць, то неўзабаве адчуем, што Імша становіцца сэрцам нашага існавання, крыніцай багацця і вечнага жыцця, абяцанага звыш.
Паводле catholicdigest