Гукі нябеснага інструмента суцяшаюць устрывожаных, абуджаюць разгубленых і натхняюць бестурботных. Пра таямніцу яго гучання распавядае арганіст катэдральнай базілікі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне Лявон Ліс.
У далёкім мінулым арган быў інструментам выключна свецкім. Яго музыка гучала падчас гладыятарскіх баёў у амфітэатрах, суправаджала цыркавыя прадстаўленні, выкарыстоўвалася ў язычніцкіх абрадах. У сувязі з апошнім Касцёл доўгі час не адважваўся ўвесці арганны акампанемент у літургію. Пералом наступіў у VII стагоддзі, калі Папа Рымскі Віталій выдаў дэкрэт, які дазваляў усталёўваць арганы ў святынях. Напачатку новаўвядзенне сустрэлася з супрацівам з боку вернікаў і духавенства. Але паступова арган выклікаў усё большую зацікаўленасць. І, урэшце, хрысціяне сышліся ў меркаванні, што яго ўрачыстае гучанне як нельга лепш падыходзіць да велічнай архітэктуры касцёлаў.
Інструмент з характарам
“Арган замяняе сабой цэлы аркестр, – распавядае Лявон. – Унутры інструмента, нібы ў хатцы, ёсць і пакоі, і лесвіцы, і столі. Прыгожыя бліскучыя трубы, якія мы бачым у фасаднай частцы аргана ў катэдры, гэта муляж. Граюць толькі тыя трубы, што знаходзяцца ўнутры інструмента. Іх у аргане ў катэдры налічваецца звыш пяці тысяч”.
З-за вялікай колькасці механізмаў, якія ўваходзяць у склад інструмента, арганісту нярэдка асістуе памочнік. А стагоддзі таму ўнутры інструмента знаходзіліся працоўныя. Яны пампавалі паветра мяхамі, каб прымусіць трубы выдаваць гукі.
“Арган вельмі патрабавальны інструмент, – адзначае Лявон. – Напрыклад, калі прыходзяць халады, металёвыя трубы звужаюцца і тон аргана павышаецца. Улетку наадварот – метал пашыраецца і тон становіцца ніжэй. Тое самае адбываецца з драўлянымі трубамі. Толькі на іх гучанне ўплывае не тэмпература, а вільготнасць”.
Арган патрабуе пастаянных дробных рамонтаў і наладак. Тэхнічае абслугоўванне інструмента ў абавязкі арганіста не ўваходзіць. Ён толькі сочыць за станам аргана, інфармуючы адмысловых майстроў аб непаладках.
Кожны арган – непаўторны
“У свеце не існуе двух аднолькавых арганаў, – адзначае Лявон. – Гэты інструмент праектуецца і збіраецца для кожнага касцёла асобна. Пры складанні плана вымяраецца ўнутраны аб'ём святыні, што дапамагае вызначыць, якой магутнасці павінен быць арган, каб адпаведным чынам напоўніць касцёл яго гучаннем. Занадта ціхае або гучнае, яно можа парушыць малітоўную атмасферу ў святыні”.
Арган, які грае катэдры, быў замоўлены і прывезены цягніком з Варшавы для Фары Вітаўта. Ён выкарыстоўваўся там на працягу некалькіх гадоў. Падчас баявых дзеянняў ІІ Сусветнай вайны згарэў дах святыні, і каб захаваць арган ад пашкоджанняў, ігравы стол і трубы інструмента былі перанесены ў касцёл св. Францішка Ксаверыя, замяніўшы старыя “унутранасці” тутэйшага аргана.
На працы – класіка, у слухаўках – бардаўская песня
У катэдры штодня праходзіць некалькі службаў. Арганіст суправаджае музыкай кожную літургію, таму працуе без выхадных. “Я не ўвесь час у касцёле, - гаворыць з усмешкай Лявон. – У суме па будням граю толькі па тры гадзіны ў дзень, таму ён свабодны, але разбіты. З-за прывязанасці да месца складана адлучыцца далёка. Раней у перапынках паміж Імшамі наведваўся ў бліжэйшую чытальню. Бібліятэкары нават жартавалі, што прыходжу туды, як на працу”.
Рэпертуар для літургіі арганіст падбірае самастойна. Акрамя сакральных твораў перад распачаццем Імшы любіць пагружаць людзей у малітву мелодыямі Баха і Стэнлі.
Але ў жыцці Лявон не з’яўляецца прыхільнікам выключна класічнай музыкі. У яго плэеры гучаць творы бардаў і народныя песні розных нацыянальнасцей. "Бардаў люблю за тое, што іх тэксты звяртаюцца больш да інтэлекту, а не пачуццяў. Калі хочацца расслабіцца, слухаю традыцыйныя няхітрыя габрэйскія песенкі пра ўсялякія балалайкі, штаны, абаранкі ці жалязкі”.
Бог ведае, на каго робіць стаўкі
Лявон не мае скончанай музычнай адукацыі. На аргане грае з дапамогай адной нагі, страціўшы другую канечнасць яшчэ ў падлеткавым узросце. Вольны ад знешніх абмежаванняў, ён дае выразнае сведчанне, што ўсё магчыма з Тым, хто цябе ўзмацняе. Далікатнае і ўзвышанае гранне арганіста ўжо на працягу некалькіх гадоў зачароўвае сэрцы шматлікіх вернікаў, якія наведваюць галоўную святыню Гродзеншчыны.
“Я граю ў касцёле, каб выказаць Богу свой давер і любоў. Спадзяюся, што Яму мае мелодыі падабаюцца, а людзям дапамагаюць быць бліжэй да Госпада”, – падсумоўвае арганіст.
“Да ўсіх пачуццяў трачу я давер,
Толькі слыху верыць я магу цяпер.
Веру моцна ў тое, што сказаў Бог-Сын,
Словы вечнай праўды мае Ён адзін”.
(Прасляўляю з верай)
Тэкст: Ангеліна Марцішэўская
Фота: Ангеліна Пакачайла