22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у Гродне адбудзецца святочны канцэрт дыяцэзіяльнага хору “Cantate Domino”. У гэты дзень харысты, для якіх музычная дзейнасць складае вельмі важную частку жыцця, падзякуюць Богу за 17 гадоў існавання калектыву і магчымасць несці людзям святло любові Хрыста.
Сакральная музыка аб’ядноўвае людзей розных узростаўі прафесій Хор “Cantate Domino” быў заснаваны ў 1999 годзе ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці па ініцыятыве Генрыха Давідовіча і Антонія Юроўскага. “З Генрыхам мы разам спявалі ў хоры ў гродзенскай парафіі айцоў францішканцаў, – узгадвае Антоній. – Калі на Вішняўцы асвяцілі пляц пад будову касцёла і пачалі ўзводзіць святыню, я выйшаў з прапановай стварыць у маладой парафіі хор. Са сваёй ініцыятывай звярнуўся да ксяндза пробашча, распавёў, што ёсць таленавіты, адданы сваёй справе чалавек, Генрых Давідовіч, які змог бы ўзяцца за кіраўніцтва хорам. Затым мы ўсе разам абмеркавалі перспектывы развіцця і пачалі "збіраць" калектыў: рабілі аб’явы ў касцёлах, запрашалі знаёмых”.
Ва ўспамін св. Цэцыліі
17 гадоў таму было афіцыйна абвешчана аб “нараджэнні” хору. У яго склад увайшла невялікая група людзей. “Сярод першых удзельнікаў мала хто меў музычную адукацыю. У асноўным прыходзілі энтузіясты, якія хацелі спяваць, але не мелі належнай падрыхтоўкі, – гаворыць Антоній Юроўскі. – Таму з імі прыходзілася шмат працаваць, каб развіць дадзеныя Богам таленты. Магчыма, не кожны рызыкнуў бы ўзяць у калектыў такіх аматараў, але гэтыя людзі так моцна гарэлі жаданнем, што дзякуючы сваёй напорыстасці дасягнулі мэты”. Вось, напрыклад, Яўген прыйшоў у калектыў яшчэ будучы падлеткам. “У той час я быў міністрантам і ў дзень дэбюту хору акурат прыслужваў пры алтары, – распавядае ён. – Мне вельмі падабалася ўшаноўваць Пана Бога праз спеў, таму папрасіўся ў калектыў. Шмат рэпеціраваў. А ўжо падчас другога канцэрта хору выступаў у яго складзе. Пасля запрасіў сюды сябра. Хор даў нам вялікі штуршок наперад. А яшчэ ў калектыве пазнаёміліся з дзяўчатамі, якія сталі нашымі жонкамі”.
Спяваем Пану!
Рэпертуар узбагачалі паступова. Пачыналі з простых твораў, а пазней, калі ў хоры з’явілася больш людзей з музычнай адукацыяй, пачалі развучваць складаныя і цікавыя кампазіцыі. Сёння ў выкананні хору можна пачуць творы на беларускай, польскай, лацінскай і рускай мовах. Як літургічныя спевы, так і творы вядомых кампазітараў класічнай музыкі. “Для мяне як кіраўніка, – падкрэслівае Генрых Давідовіч, – усе кампазіцыі любімыя, бо сам іх падбіраю. Харыстам найбольш падабаецца «Ойча наш» у апрацоўцы Станіслава Манюшкі, «Верую» Анджэя Фляркоўскага, «Вечнасць». Стараюся, каб кожны год у нашым рэпертуары з’яўляліся новыя творы. Нахнення не шукаю, яно неяк само прыходзіць”.
Дзякуючы стараннай працы харыстаў калектыў з кожным годам павышае свой прафесійны ўзровень. Яго запрашаюць з канцэртамі ў розныя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама за мяжу. За час свайго існавання хор “Cantate Domino” ўпрыгожыў сваім спевам шмат урачыстасцей, даў шэраг канцэртаў. Сярод найбольш запамінальных – музычнае афармленне св. Імшы з удзелам беларускіх вернікаў у межах Тыдня апекі Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, канцэрт у польскім Цеханаве ў гонар св. Яна Паўла ІІ, выступленне на адкрыцці Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне і канцэрт з нагоды 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі ў гарадскім Доме культуры.
У 2007 годзе ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч надаў хору “Cantate Domino” статус дыяцэзіяльнага. Сёння яго сталымі ўдзельнікамі з’яўляюцца 40 чалавек. Усе яны розныя па характары, роду заняткаў, узросце, але аб’яднаныя агульнай мэтай – праз спеў спрыяць будаванню Валадарства Божага на зямлі. Гэта, зрэшты, пацвярджае і назва хору. “Дарэчы, наконт назвы мы доўга не маглі вызначыцца, – распавядае кіраўнік хору Генрых Давідовіч. – Былі розныя прапановы, але ні адна з іх не прыжывалася. Тады я звярнуўся да ксяндза Яна Кучынскага, пробашча гродзенскай катэдры, з просьбай дапамагчы і параіць нешта слушнае. Святар падумаў і прапанаваў «Cantate Domino», што ў перакладзе азначае «спявайце Пану». Гэтая назва нам адпавядае. Зараз нават жартуем, што ксёндз Ян – хросны бацька нашага хору”.
Найлепшая падзяка – крануць струны людской душы
“Падчас сваіх выступленняў звяртаем увагу на рэакцыю публікі, – гаворыць Генрых Давідовіч. – Калі чалавек, слухаючы творы ў нашым выкананні, узрушыўся, значыць, спеў крануў яго душу. А для нас няма большай узнагароды”.
Такога ж меркавання прытрымліваецца харыстка Алёна: “У сучасным свеце людзі моцна патрабуюць духоўнасці. І мы прагнем падзяліцца ёю. Здараецца, што пасля канцэрта падыходзяць людзі і пачынаюць распавядаць, што творы, якія мы выконвалі, яны чулі ў дзяцінстве з вуснаў матулі ці бабулі, просяць перапісаць тэксты. Таму важна, што наша творчасць дазваляе перадаць наступным пакаленням спадчыну, якая засталася ад продкаў альбо была зафіксавана класікамі”.
Удзельнікі “Cantate Domino” падкрэсліваюць, што чалавек, які звязвае сваё жыццё з сакральнай музыкай, сам духоўна ўзбагачаецца, а таксама дапамагае іншым людзям адкрыць свае сэрцы, зрабіць іх чулымі. “Рэлігійная музыка натхняе. Гэта глыбіня душы. Калі спяваеш у касцёле, здаецца, што душа некуды ляціць, – дзеліцца ўражаннямі харыстка Веслава. – Тады ўсё навокал падаецца добрым, прыгожым. Забываешся пра ўсе змрочныя моманты жыцця. Хочацца спяваць, бо атрымліваеш вялікі зарад энергіі і радасці”.
Іншая ўдзельніца хору зазначае, што ўжо каля 10-ці гадоў спявае рэлігійныя песні, і гэта прыносіць ёй вялікае задавальненне. “Святы Аўгустын казаў, што спяваючы чалавек двойчы моліцца. Мы выконваем класічныя творы Баха, Манюшкі... Гэта вымагае вялікай працы. Таму стараемся прапускаць кампазіцыі праз сябе і «спяваць душой», каб людзі нас пачулі, – распавядае Яніна. – Прыходзім на рэпетыцыі пасля працы змучаныя. Але стома не адчуваецца, бо спяваем, углядаючыся ў Хрыста, які пазірае на нас з абраза, што вісіць на сцяне ў зале. Аддаём Яму свае сэрцы, напаўняемся радасцю, і, акрыленыя, вяртаемся дадому”.
Спеў хору можна пачуць у Гродне кожную 1-ую нядзелю месяца ў 11.00 у касцёле Божай Міласэрнасці, а таксама кожную 2-ую нядзелю ў 12.00 у катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя.
За час свайго існавання хор запісаў 2 дыскі: з агульным рэлігійным рэпертуарам і калядкамі ды пастаралкамі. Зараз калектыў шукае фінансавай падтрымкі для выдання 3-га альбома.
Харысты сустракаюцца не толькі падчас рэпетыцый. Сумесна святкуюць дні нараджэння, шлюбы, праводзяць аплаткавыя і велікодныя сустрэчы.
Паводле "Слова Жыцця"