Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету прыпадае афіцыйна заканчэнне Года Міласэрнасці. Адным з плёнаў гэтага часу стала ініцыятыва духоўнага ўсынаўлення вязняў, якая зарадзілася ў Польшчы і атрымала распаўсюджанне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Наколькі важна даваць чалавеку другі шанц і як дзейнічае малітва ў інтэнцыі зняволеных распавядаюць вернікі нашых парафій.
Ганна Таўрэль, парафія імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне
Усе не без граху. Зняволеныя адрозніваюцца толькі тым, што пакаранне за свае правіны яны нясуць тут, на зямлі. Кожны мае задаткі святога ці злачынцы (такой з’яўляецца чалавечая сутнасць), сваю “даліну цемры” і праходзіць праз яе, перажываючы перамогі і паражэнні. Таму кожны з нас патрабуе Збаўцы.
Ініцыятыву малітвы за вязняў я ўспрымаю як яшчэ адну магчымасць дапамагчы чалавеку, які заблукаў у жыцці. Асуджаныя патрабуюць унутранай сілы, каб перамагчы вязніцу граху. Часта гэтыя людзі не ў стане самі распачаць малітву. Патрабуюць кагосьці, хто падтрымае, пачне маліцца за іх, а пасля – разам з імі. Калі называем сябе хрысціянамі, то павінны памятаць, што нам уласціва не абыякавасць, але дух адказнасці за бліжняга.
Сястра Марлена, Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі
Мой бацька казаў мне: ”Дабро, якое зробіш для бліжняга свайго, адлюструецца дабром у тваім сэрцы”. Менавіта так дзейнічае малітва, якую я ахвярую ў інтэнцыі зняволенага чалавека. Яна вучыць з пакорай ацэньваць уласныя ўчынкі, быць чуллівай на бяду бліжняга, не асуджаць, але дапамагаць і ўпачувацца ў тое, што ён перажывае. Пашырае гарызонты мыслення адносна цяжкасцей, з якімі сутыкаецца чалавек. Малітва ў інтэнцыі вязня – гэта ўчынак міласэрнасці адносна бліжняга. А міласэрныя, як вядома, міласэрнасць спазнаюць.
Наталля Барыльнікава, парафія імя св. Вацлава ў Ваўкавыску
Мы адначосава з’ўяляемся тымі, хто патрабуе прабачэння, але таксама і тымі, хто можа прабачаць. Толькі ці хочам, ці вучымся гэтаму? Менавіта ініцыятыва духоўнага ўсынаўлення вязняў стала для мяне нагодай, каб спыніцца і падумаць: можа і ў маім жыцці ёсць асоба, якая чакае прабачэння?
Молячыся за вязня штодня на працягу апошняга года, я нанова адкрыла для сябе простую ісціну: кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. І незалежна ад таго, які грэх здзейснены, варта дапамагчы чалавеку адшукаць у сабе святло, закладзенае Госпадам.
Езус любіць усіх без выключэння і хоча, каб кожны чалавек прыходзіў да Яго з усімі сваімі грахамі, слязамі і турботамі. Вучыць нас кіравацца сваім прыкладам у жыцці. Калі вызнаем любоў да Хрыста, але пагараджаем тымі, хто аступіўся, наўрад ці можам назваць сябе добрымі вучнямі.
Наталля Катушонак, парафія імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне
Зняволеныя у пэўны момант свайго жыцця дакрануліся да зла, якое авалодала імі. Гісторыя кожнага з іх адрозніваецца адна ад другой, і няма відавочнага адказу, чаму так адбываецца. Гэта таямніцы розных жыццёвых перыпетый: складаных адносін у сям’і або іх абсалютная адсутнасць, цяжкая матэрыяльная сітуацыя, перажытае няшчасце, насілле і г.д.
Біблія гаворыць пра тое, што трэба прабачаць не сем разоў, а семдзесят сем. Гэта цяжка, але праз гэта мы можам дапамагчы чалавеку навярнуцца. Калі будзем проста адкідваць людзей, якія аступіліся, то пазбавім іх шанцу на духоўнае перамяненне, а саміх сябе – шанцу на жыццё ў лепшым грамадстве. Дзве хвіліны ў дзень, якія патрабуе малітва за злачынцаў. Гэта меншае, што можна зрабіць для тых, што згубіліся.
***
Ініцыятыва духоўнага ўсынаўлення зняволеных распаўсюджваецца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі дзякуючы с. Зоі Дамброўскай з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі. Сутнасцю ініцыятывы з’яўяляецца малітва ў інтэнцыі чалавека, які трапіў у вязніцу, аб духоўным вызваленні для яго.
Калі жадаеце далучыцца, звяртайцеся за больш падрабязнай інфармацыяй па тэлефоне: +375 29 965 35 74 (c. Зоя).
“Я быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.(…) Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. (Мц 25, 36;40)
Ангеліна Марцішэўская