16 кастрычніка ў каталіцкім Касцёле распачынаецца Сусветны місійны тыдзень. У сваіх малітвах будзем узгадваць духоўных і свецкіх асоб, якія працуюць у розных кутках свету, абвяшчаюць Божае слова і паказваюць шлях да Збаўлення праз Хрыста. Сярод тых, хто выконвае вялікую місійную справу – дыякан Анджэй Ганчар. Выпускнік Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў канцы лета адправіўся на гадавую місію ў Камерун. Будучы святар ужо распавядаў парталу пра свой шлях да місіянерства, а сёння дзеліцца першымі ўражаннямі ад служэння ў афрыканскай краіне.
- Як выглядае жыццё на місіі, і што ўваходзіць у Вашы абавязкі?
- Мой дзень пачынаецца а палове 5-й раніцы. Я маю прыкладна гадзіну, каб памыцца, памаліцца на Брэвіярыі, пачытаць Святое Пісанне і паразважаць над ім, паколькі днём практычна немагчыма знайсці вольны час. Дзеці прачынаюцца раней – а 4-й гадзіне, бо павінны прыбрацца і паспець выканаць некаторыя даручэнні. У 6.00 распачынаецца св. Імша. Пасля набажэнства дзеці снедаюць і ідуць у школу, а ў нас з айцом Дарыюшам пачынаецца “вірлівае” жыццё. Я шмат працую фізічна, паколькі дзіцячы дом размяшчаецца на вялікай тэрыторыі. Там ёсць хатняя гаспадарка: трусы, галубы, паўліны. За ўсім неабходны дагляд. Акрамя таго, на мяне ўскладзена вельмі адказнае заданне – лячыць хворых дзяцей.
Каля 3-й гадзіны дня хлопчыкі і дзяўчынкі вяртаюцца са школы. Старэйшыя мыюць школьную форму, малодшыя малююць альбо гуляюць. У 17.30 усе моляцца на Ружанцы. Калі па нейкіх прычынах хтосьці не можа прысутнічаць, то павінен індывідуальна памаліцца пазней. Затым мы вячэраем. Ежа разносіцца ў вялікіх місках. Дзеці сядаюць проста на падлогу, паколькі сталоў для іх няма, і пачынаюць есці. Мясцовая кухня, канешне, вельмі адрозніваецца ад беларускай: у стравы дадаюць шмат спецый. Сярод камерунскіх дэлікатэсаў – чарвякі з пальмавага дрэва, змеі, малпы, вараны, галубы. Пасля вячэры кожны павінен прыбраць пасля сябе: падмесці, вымыць падлогу. Гэта выконваюць нават самыя маленькія.
Увогуле, дзіцячае жыццё тут падпарадкоўваецца пэўным правілам, за парушэнне якіх караюць. Дзягай тут, канешне, не б’юць. Таксама ніхто не забярэ на тыдзень тэлефон ці планшэт (гэтых рэчаў дзеці проста не маюць). Затое могуць паставіць дзіця на калені і даць заданне – вывучыць на памяць малітву. Цікава, што яны зусім не крыўдзяцца на пакаранне, а наадварот – прыходзяць і дзякуюць. Яны вельмі адкрытыя, прыязныя, зусім не ўмеюць плакаць. З вялікім задавальненнем бавяць са мною свой вольны час, любяць, калі я з імі гуляю, просяць, каб што-небудзь намаляваў.
Місія Камерун больш за 20 гадоў нясе дапамогу дзецям у Бертуа і Яўндэ. Падтрымлівае найбяднейшых дзяцей і моладзь, забяспечваючы ім магчымасць атрымання адукацыі, даху над галавой, рэгулярнага харчавання і медыцынскай апекі.
- Рэлігійнасць камерунцаў – якая яна?
- Аб тым, як выглядае жыццё супольнасці мясцовых вернікаў, на вялікі жаль, не магу расказаць, паколькі жыву на тэрыторыі дзіцячага дома, а не ў парафіі. Але калі даваць нейкую агульную ацэнку, то варта зрабіць акцэнт на тым, што ў Афрыцы няма няверуючых, ёсць толькі тыя, хто яшчэ не ведае Хрыста. Калі выходзіш у горад і назіраеш за людзьмі, то заўважаеш, што веруючых людзей сапраўды шмат. Многія носяць ружанец на шыі. Часта можна сустрэць таксі з рэлігійным надпісам кшталту “Бог – мой Збаўца”.
Камерунцы могуць гадзінамі праслаўляць Пана праз танец і спеў. Яны шчыра вераць, што Бог ёсць, што Ён апекуецца імі і дапамагае. Але разам з тым гэтыя людзі вераць і ў сувязь паміж жывымі і памерлымі, таму не нясуць нябожчыка на могілкі (іх увогуле няма), а хаваюць яго каля ўласнага дома. Таксама ўпэўнены ў моцы пракляццяў. Аднак калі разабрацца, то тут няма нічога надзвычайнага. Падобную сітуацыю можна назіраць і ў Беларусі, калі католік ходзіць у касцёл, чытае Святое Пісанне і носіць пры гэтым чырвоную нітку на запясці альбо наведвае варажбітак.
- У чым бачыце сэнс місіянерства?
- Я лічу, што місіянерам павінен быць кожны хрысціянін, а не толькі ксёндз ці манахіня. Гэтае служэнне – абавязак усіх, хто хоча ісці за Хрыстом і пераймаць Яго.
Езус сказаў сваім вучням: “Наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго” (Ян 15, 17). Таму місія кожнага чалавека – адкрывацца на бліжняга, не звяртаючы ўвагі на тое, дзе знаходзішся: у Беларусі ці, можа, на другім канцы свету. Паколькі менавіта праз любоў і ўчынкі міласэрнасці ўсе людзі на цэлым свеце пазнаюць Бога.
“Хрыстос – Пан рызыкі, не камфорту, бяспекі і ўтульнасці, – зазначае папа Францішак. – І каб пайсці за Езусам, трэба мець адвагу. Неабходна вырашыцца замяніць канапу парай чаравікаў, што дапамогуць хадзіць па дарогах, якія ніколі нам не сніліся, пра якія мы нават не думалі; па дарогах, якія могуць адкрыць новыя гарызонты, зарадзіць радасцю – той, якая нараджаецца з любові Бога і пакідае ў сэрцы кожны жэст, кожную паставу міласэрнасці. Трэба вырушыць у шлях, пераймаючы “шаленства” нашага Пана, які вучыць сустракаць Яго ў галодным, сасмаглым, нагім, хворым, сябры, які дрэнна скончыў, вязні, бежанцы і імігранце, самотным блізкім чалавеку. Ва ўсіх асяроддзях любоў Бога заахвочвае нас несці Добрую Навіну, ператвараючы сваё жыццё ў дар для Яго і іншых”. Ва ўсім, што я раблю, стараюся кіравацца гэтымі прыгожымі і мудрымі словамі Пантыфіка.
Паводле "Слова Жыцця"