На гадавую місію ў Афрыку, Камерун, адправіцца напрыканцы лета навучэнец гродзенскай ВДС дыякан Анджэй Ганчар. Будучы святар сваімі думкамі і перажываннямі адносна паездкі падзяліўся з нашым парталам. Запрашаем.
- Што натхніла Вас на паездку на місію ?
- На 3-ім годзе навучання ў семінарыі мы з братамі здымалі відэа-ролік, у якім распавядалі, як кожны з нас бачыць сваё пакліканнне. Я неяк нечакана для сябе адказаў, што хачу несці Слова Божае туды, дзе аб ім яшчэ не чулі. Пасля гэтых спантанных слоў я пачаў задумвацца аб місіях.
Дух Святы пакіраваў так, што неўзабаве да нас у семінарыю дзеля правядзення рэкалекцый прыехалі місіянеры. Пасля знаёмства з імі я ўступіў у Папскую Унію Місіянераў, што абавязвала мяне кожны дзень маліцца ў іх інтэнцыі. Затым паследавала паездка на місію ў Казахстан, пасля якой я ўмацаваўся ў сваім жаданні весці місыйную дзейнасць.
- Чаму менавіта Камерун?
- У мінулым годзе два маіх сябра Арцём і Марта займаліся там валанцёрскай дзейнасцю – працавалі з дзеткамі ў Доме Дзіцяці. Я час ад часу размаўляў з імі па скайпу і тое, што яны распавядалі і паказвалі, захапляла мяне. Я адчуваў, што павінен туды паехаць.
Пасля вяртання ў Беларусь Арцём з Мартай пажаніліся, а на іх вяселлі прысутнічаў а. Дарыюш Гадава, які ўжо на працягу 25 гадоў служыць у Камеруне. Сустрэча з а. Дарыюшам стала для мяне відавочным знакам таго, што Бог хоча, каб я туды паехаў.
- У чым бачыце мэту сваёй паездкі?
- Езус сказаў кожнаму са сваіх апосталаў: ”Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Якім канкрэтна будзе кола маіх абавязкаў – не ведаю, але ў першую чаргу буду намагацца данесці Божае Слова да кожнага і спадзяюся, што дзеткам, з якімі буду працаваць, пакіну кавалак свайго сэрца.
- Ці маеце якія-небудзь апасенні?
- Кажуць, што Афрыка поўная розных захворванняў. У Беларусі робяць вакцынацыю толькі ад жоўтай ліхаманкі, але ад іншых інфекцый характэрных для Афрыкі – не. Вось і мне зрабілі толькі адну прышчэпку і параілі ўзброіцца добрай аптэчкай. Але мяне такі расклад не палохае: усё ў волі Божай, якой я безаглядна давяраю.
- Як рыхтуецеся да паездкі?
- Пасля атрымання дазволу на паездку ад біскупа пачаў вучыць французскі (афіцыйная мова Камеруна), што даецца мне вельмі нялёгка. Намагаюся знайсці парафіі, дзе пробашчы адкрыты на тое, каб я выступіў са свядэцтвам перад вернікамі і сабраў ахвяру на місію. Адзін толькі авіаквіток каштуе каля 1000 еўра, а хочацца яшчэ не з пустымі рукамі да дзетак прыбыць.
- Вы ўзгадвалі пра місію ў Казахстане. Як лічыце, наколькі прыдатным Вам будзе гэты досвед?
- У Казахстане людзі самі ў касцёл не прыходзяць, яны не маюць такой патрэбы (самая вялікая парафія ў дыяцэзіі – 150 чалавек). Там святары самі ідуць да кожнага ў дом, размаўляюць з людзьмі, будуюць зносіны з імі. Многім ксяндзам даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці паміж гарадамі (да 400 км), каб несці паслугу адначасова ў некалькіх парафіях, бо святароў у Казахстане не хапае. Мяне ўражвала, як духавенства там на 100 % аддае сябе людзям, як на 100 % рэалізоўвае сваё пакліканне.
Упэўнены, што досвед, які я атрымаў у Казахстане, будзе прыдатным падчас маёй будучай місіі, нават нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Казахстане кардынальна адрозніваецца ад той, што пануе ў Афрыцы.
- Як думаеце, наколькі місіянерства запатрабавана ў сучасным свеце?
- Касцёл сам па сабе з’яўляецца місыйным. Калі чалавек пакліканы служыць Богу і людзям, то яго задача служыць ім, незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца.
Калі Госпад хоча, каб я паехаў у Афрыку, я гатовы там застацца да канца сваіх дзён. Галоўнае, каб я выканаў Яго волю.
Размаўляла А. Марцішэўская