У краінах СНД большасць людзей знаёма з праваслаўем, але пра іншыя хрысціянскія дэнамінацыі і нехрысціянскія рэлігіі ведаюць мала. Таму пытанне: "Чым адрозніваецца Каталіцкі Касцёл ад Праваслаўнай Царквы?» або кажучы прасцей "адрозненне каталіцызму ад праваслаўя" - каталікам задаюць вельмі часта. Паспрабуем адказаць на яго.
Перш за ўсё, каталікі - гэта таксама хрысціяне. Хрысціянства дзеліцца на тры асноўныя напрамкі: каталіцтва, праваслаўе і пратэстантызм. Але не існуе адзінай пратэстанцкай царквы (пратэстанцкіх дэнамінацый у свеце некалькі тысяч), а Праваслаўная Царква ўключае ў сябе некалькі незалежных адна ад адной Цэркваў.
Акрамя Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), ёсць Грузінская Праваслаўная Царква, Сербская Праваслаўная Царква, Грэцкая Праваслаўная Царква, Румынская Праваслаўная Царква і г.д. Кіруюцца Праваслаўныя Цэрквы патрыярхамі, мітрапалітамі і арцыбіскупамі. Не ўсе Праваслаўныя Цэрквы маюць адзінства паміж сабой у малітвах і сакрамэнтах (што неабходна для таго, каб асобныя Цэрквы былі часткай адзінай Сусветнай Царквы паводле катэхізісу мітрапаліта Філарэта) і прызнаюць адна адну праўдзівымі цэрквамі.
Нават у самой Расіі Праваслаўных Цэркваў некалькі (сама РПЦ, Руская Замежная Праваслаўная Царква і г.д.). З гэтага вынікае, што сусветнае праваслаўе не мае адзінага кіраўніцтва. Але праваслаўныя лічаць, што адзінства Праваслаўнай Царквы выяўляецца ў адзіным веравучэнні і ва ўзаемных адносінах у сакрамэнтах.
Каталіцтва - гэта адзіны Паўсюдны Касцёл. Усе яго часткі ў розных краінах свету знаходзяцца ў еднасці паміж сабой, падзяляюць адзінае веравучэнне і прызнаюць Папу Рымскага сваім кіраўніком. У Каталіцкім Касцёле ёсць дзяленне на абрады (абшчыны ўнутры Каталіцкага Касцёла, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго формамі літургікі і касцельнай дысцыплінай): рымскі, візантыйскі, копцкі і інш. Таму ёсць каталікі рымскага абраду, каталікі візантыйскага абраду і г.д., але ўсе яны з'яўляюцца членамі аднаго Касцёла.
Зараз можна казаць пра адрозненні:
1) Такім чынам, першае адрозненне паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Царквой складаецца ў розным разуменні адзінства Царквы. Для праваслаўных досыць падзяляць адну веру і сакрамэнты, каталікі ў дадатак да гэтага бачаць неабходнасць у адзіным кіраўніку на чале Касцёла - Папе;
2) Каталіцкі Касцёл адрозніваецца ад Праваслаўнай Царквы сваім разуменнем паўсюднасці або кафалічнасці. Праваслаўныя сцвярджаюць, што Паўсюдная Царква "ўвасоблена" у кожнай лакальнай ( памеснай) Царкве, якая ўзначалена біскупам. Каталікі дадаюць, што гэты лакальны (памесны) Касцёл павінен мець лучнасць з памесным Рымска-каталіцкім Касцёлам, каб належаць да Паўсюднага Касцёла.
3) Каталіцкі Касцёл вызнае ў Сімвале Веры, што Дух Святы сыходзіць ад Айца і Сына ("філіоквэ"). Праваслаўная Царква вызнае Духа Святога, які сыходзіць толькі ад Айца. Некаторыя праваслаўныя святыя гаварылі аб сыходжанні Духа ад Айца праз Сына, што не супярэчыць каталіцкіму дагмату.
4) Каталіцкі Касцёл вызнае, што сакрамэнт шлюбу заключаецца на ўсё жыццё і забараняе разводы, Праваслаўная Царква ў асобных выпадках разводы дапускае;
5) Каталіцкі Касцёл абвясціў дагмат пра чысцец. Гэты стан душ пасля смерці, прызначаных для раю, але яшчэ не гатовых да яго. У праваслаўным вучэнні чысца няма (хоць ёсць нешта падобнае - мытарствы). Але малітвы праваслаўных за памерлых мяркуюць, што ёсць душы, змешчаныя ў прамежкавым стане, для якіх яшчэ ёсць надзея трапіць у рай пасля Страшнага Суда;
6) Каталіцкі Касцёл прыняў дагмат аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі. Гэта азначае, што нават першародны грэх не закрануў Маці Збаўцы. Праваслаўныя ўслаўляюць святасць Багародзіцы, але лічаць, што яна была народжаная з першародным грахом, як і ўсе людзі;
7) Каталіцкі дагмат аб узяцці Марыі на нябёсы з целам і душой з'яўляецца лагічным працягам папярэдняга дагмату. Праваслаўныя таксама вераць у тое, што Марыя на Нябёсах знаходзіцца душой і целам, але дагматычна гэта ў праваслаўным вучэнні не замацавана.
8) Каталіцкі Касцёл прыняў дагмат аб галоўным першынстве Папы над усім Касцёлам у пытаннях веры і маралі, дысцыпліны і кіравання. Праваслаўныя не прызнаюць главенства Папы;
9) У Праваслаўнай Царкве пануе адзін абрад. У Каталіцкім Касцёле гэты абрад, які ўзнік ў Візантыі, завецца візантыйскім і з'яўляецца адным з некалькіх.
У Беларусі больш вядомы рымскі (лацінскі) абрад Каталіцкага Касцёла. Таму часта за адрозненні паміж РПЦ і Каталіцкім Касцёлам памылкова прымаюць адрозненні паміж літургічнай практыкай і царкоўнай дысцыплінай візантыйскага і рымскага абрадаў Каталіцкага Касцёла. Але калі праваслаўная літургія моцна адрозніваецца ад імшы рымскага абраду, то на каталіцкую літургію візантыйскага абраду вельмі падобная. І наяўнасць у РПЦ жанатых святароў таксама адрозненнем не з'яўляецца, бо яны ёсць і ў візантыйскім абрадзе Каталіцкага Касцёла;
10) Каталіцкі Касцёл абвясціў дагмат аб беспамылковасці Рымскага Папы ў пытаннях веры і маралі ў тых выпадках, калі ён у згодзе з усімі біскупамі сцвярджае тое, у што Каталіцкі Касцёл ужо верыў на працягу многіх стагоддзяў. Праваслаўныя вернікі лічаць, што беспамылковымі з'яўляюцца толькі рашэнні Сусветных Сабораў;
11) Праваслаўная Царква прымае рашэнні толькі першых сямі Сусветных Сабораў, у той час як Каталіцкі Касцёл кіруецца рашэннямі 21 Сусветнага Сабору, апошнім з якіх быў Другі Ватыканскі Сабор (1962-1965).
Варта заўважыць, што Каталіцкі Касцёл прызнае, што мясцовыя Праваслаўныя Цэрквы - праўдзівыя Цэрквы, якія захавалі апостальскую пераемнасць і праўдзівыя сакрамэнты. І Сімвал Веры ў каталікоў і праваслаўных адзін.
Нягледзячы на адрозненні, каталікі і праваслаўныя вызнаюць і прапаведуюць па ўсім свеце адну веру і адно вучэнне Езуса Хрыста. Калісьці чалавечыя памылкі і прадузятасці нас раз'ядналі, але да гэтага часу вера ў аднаго Бога нас аб'ядноўвае.
Езус маліўся аб адзінстве Сваіх вучняў. Яго вучні - гэта ўсе мы, і каталікі, і праваслаўныя. Далучымся ж да Яго малітвы: "Каб усе былі адно як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, - каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне" (Ян 17:21). Неверуючы свет мае патрэбу ў нашым агульным сведчанні аб Хрысце.