Яшчэ гадоў дваццаць назад аб эўтаназіі ведалі толькі медыкі і спецыялісты па біяэтыцы, аднак сёння гэта слова пачынае гучаць усё часцей і часцей. Па-грэцку “эу” азначае добрая, а “танатас” - смерць, аднак ніхто не ўкладвае ў гэты тэрмін хрысціянскае разуменне годнай смерці. Наадварот, гаворка ідзе пра тое, каб старым, бездапаможным і безнадзейна хворым людзям забяспечыць магчымасць добраахвотна і легальна адысці з жыцця, каб не падаўжаць іх цярпенняў.
Эўтаназія была вядомая яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, асабліва ў адносінах да інвалідаў. У Сярэднявеччы ў рыцараў таксама існавала падобная практыка - цяжкапараненага суперніка дабівалі спецыяльным нажом. Дыскусія над магчымасцю ўсыплення хворага чалавека па яго просьбе распачалася ў другой палове XIX ст., аднак у сённяшнім разуменні эўтаназія з'явілася толькі ў пачатку ХХ ст. ў Германіі. У імкненні ачысціць расу ад непаўнавартасных элементаў, нацысты праводзілі цэлую праграму знішчэння псіхічна хворых, інвалідаў і іншых непрацаздольных людзей усіх узростаў пры дапамозе газавых камер. У час вайны гэтая практыка выкарыстоўвалася ў канцлагерах адносна габрэяў, цыган і славян, і была сурова асуджана пасля вайны на Нюрнбергскім працэсе.
Аднак чалавецтва не зрабіла высноў з памылак ХХ ст., і парадаксальным чынам праблема эўтаназіі стала актуальнай менавіта зараз, на фоне грандыёзных поспехаў сучаснай медыцыны. Уся справа ў тым, што заходняе грамадства імкліва старэе, а значыць, расце колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе. Догляд за хворымі кладзецца цяжарам на ўсё грамадства, аднак мала хто згодны плаціць за тых, хто не прыносіць выгаду- прынцып салідарнасці даўно забыты.
Таму, з аднаго боку, сёння жыццё чалавека, які знаходзіцца ў коме пасля аварыі, можна падтрымліваць гадамі. Аднак, існуе і зваротны бок медалі - незразумела, хто за гэта будзе плаціць. Медыцына ва ўсім свеце становіцца ўсё больш дарагой, суткі побыту ў бальніцы ў заходніх краінах абыходзяцца ў сотні еўра, не кажучы ўжо пра кошт абязбольвальных прэпаратаў, апаратаў штучнага дыхання і г.д. Акрамя таго, важным паняццем для сучасных людзей становіцца якасць жыцця, а значыць, усё часцей узнікае пытанне - ці варта працягваць жыццё, якасць якога ніжэй пэўнага мінімуму?
Нічога дзіўнага, што ўжо ў 1970-ыя гады пытанне аб эўтаназіі ўсё часцей стала ўзнікаць на парадку дня. Самымі смелымі былі галандцы, якія вырашылі, што могуць дазволіць эўтаназію, так як яны вольныя ад “комплексу нацызму”. Галандыя заўсёды лічылася самай ліберальнай еўрапейскай нацыяй, а да таго ж вядома, што яны добра ўмеюць лічыць грошы. Таму ў 1984 годзе Вярхоўны суд краіны прызнаў добраахвотную эўтаназію прымальнай, а ў 2002 годзе яна стала цалкам легальнай пры наяўнасці некалькіх умоў: невыносныя цярпенні пацыента і ноль шанцаў на паляпшэнне; пацыент павінен быць не маладзейшы за 12 гадоў, яго ўласнае жаданне звярнуцца да эўтаназіі павінна быць добраахвотным; эўтаназія павінна праводзіцца лекарам. Нягледзячы на такія строгія правілы, вядома аб многіх выпадках злоўжывання законам, калі эўтаназія праводзіцца не па жаданні пацыента, а па просьбе яго родзічаў, якія зацікаўлены ў атрыманні спадчыны.
Следам за Галандыяй хутка пайшла і Бельгія, якая да таго ж легалізавала эўтаназію дзяцей. Акрамя гэтых двух краін на дадзены момант эўтаназія дазволена ў Люксембургу, Албаніі, Японіі і некалькіх штатах ЗША. Асобная гісторыя - Швейцарыя, дзе эўтаназія даўно практыкуецца пад выглядам дапамогі пры суіцыдзе. У Цюрыху ёсць дзве клінікі, куды з'язджаюцца жадаючыя звесці рахункі з жыццём з усяго свету. У камфортных умовах на беразе возера, пад прыгожую музыку, сярод добразычлівага персаналу хворыя ці проста стомленыя жыццём пажылыя людзі прымаюць смяротную дозу барбітуратаў і засынаюць назаўжды. Галоўнае, каб яны своечасова заплацілі за гэтую апошнюю паслугу. Гэта называецца суіцыдальным турызмам, і, як ні дзіўна, швейцарцы нічога не маюць супраць.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Валаховіч