Якія ж бываюць забабоны і што не трэба рабіць на хрысціянскіх пахаваннях? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (п. 2111) знаходзім такія словы: “Забабоны з'яўляюцца адхіленнем ад рэлігійнага пачуцця і практык, якія яны прадугледжваюць. Яны могуць таксама тычыцца культу, які мы аддаем сапраўднаму Богу, напрыклад, калі прыпісваем нейкае магічнае значэнне некаторым практыкам, нават законным і неабходным.
Звязваць паспяховасць малітваў або сакрамэнтальных знакаў толькі з іх матэрыяльным парадкам без унутраных настрояў, якіх яны патрабуюць, - значыць увайсці ў забабоны".
Пахавальныя абрады з даўніх часоў былі ахінутыя рознага гатунку забабонамі і прыметамі. Так здарылася ў выніку грэхападзення - чытаем у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (п. 397-401):
"Чалавек, якога спакусіў д'ябал, дазволіў памерці ў сваім сэрцы даверу да свайго Творцы (пар. Род 3,1-11) і, злоўжываючы сваёй свабодай, не паслухаў Божага Наказу. Менавіта ў гэтым заключаецца першы грэх чалавека (пар. Рым 5,19). Пасля кожны грэх будзе актам непаслухмянасці Богу і недахопам даверу да Яго дабрыні.
У гэтым граху чалавек паставіў сябе вышэй Бога і гэтым пагардзіў Ім Самым: ён паставіў сябе замест Бога, пайшоў супраць створанага парадку рэчаў, сваёй сутнасці, а значыць, супраць свайго дабра. Пачаткова створаны святым, яго прызначэнне быць цалкам «любімым» Богам у хвале. Паддаўшыся спакусе д'ябла, ён захацеў «быць, як Бог» (пар. Род 3,5), але «без Бога і звыш Богам, а не ў сувязі з Богам» (Св. Максім Вызнаўца, Кніга пра спрэчныя пытанні).
Св. Пісанне паказвае трагічныя наступствы гэтага першай непаслухмянасці. Адам і Ева адразу губляюць дары першароднай святасці (пар. Рым 3, 23). Яны баяцца Бога (Пар. Род 3, 9-10.), фальшывы вобраз Якога яны сабе стварылі - Бога, зайздроснага, на Свае прывілеі (Пар. Род 3, 5.).
Гармонія, у якой яны жылі і якая была ўсталявана дзякуючы першароднай праведнасці, разбурана; разбурана і панаванне духоўнага і гармонія душы і цела (пар. Род 3,7); еднасць мужчыны і жанчыны дасведчвае напружання (Род 3, 11-13); іх адносіны з гэтага часу будуць адзначацца прагнасцю і імкненнем панавання (пар. Род. 3, 16). Гармонія са створаным светам разарваная: бачная істота стала для чалавека чужой і варожай (пар. Род 3, 17.19). Нарэшце, ажыццявіцца абвешчанае наступства непаслухмянасці (пар. Род 2, 17): чалавек «вернецца ў зямлю, з якой быў узяты» (Род 3,19). Смерць увайшла ў гісторыю чалавецтва (пар. Рым 5, 12).
Пасля першароднага граху сапраўднае «нашэсце» грахоў запаўняе свет: братазабойства Абэля Каінам (пар. Род. 4, 3-15); паўсюдная разбэшчанасць (пар. Род 6, 5. 12; Рым 1, 18-32); гэтак жа ў гісторыі Ізраіля грэх праяўляецца перш за ўсе як непаслухмянасць ў дачыненні да Бога, Запавету і як парушэнне закона Майсея; нават пасля Адкуплення, здзейсненага Хрыстом, сярод хрысціян грэх праяўляецца шматлікімі спосабамі (пар. 1 Кар. 1-6; Адз. 2-3). Св. Пісанне і Традыцыя Касцёла не перастаюць нагадваць аб прысутнасці і ўніверсальнасці граху ў гісторыі чалавецтва:
Забабоны з'явіліся па прычыне няправільнага разумення Бога. Чалавек, пад уплывам злога духа, змяніў сваё стаўленне да Міласэрнага Бога Айца і бачыў у Ім "безасабовую, абыякавую, нелагічную, далекую сілу", якую трэба схіляць да паслушэнства сабе рознага роду рытуальнымі жэстамі, а нават ахвярамі.
У прыватнасці, можна прывесці шмат пахавальных прыметаў і забабонаў, звязаных са смерцю і пахаваннем. У кожнай мясцовасці, дзе няма годнага хрысціянскага выхавання і адукацыі, існуюць свае дзіўныя традыцыі пахавання. Вера ў любоў Бога, якую Ён даказаў людзям праз смерць на Крыжы свайго Сына за нашыя грахі і праз Яго ўваскрасенне да жыцця, вымушала хрысціян да сталага і годнага перажывання сваёй асабістай Пасхі, гэта значыць пераходу з гэтага свету ў Нябеснае Царства. Адсутнасць веры ў Вечнае Жыццё з Езусам, а таксама адсутнасць як духоўнай адукацыі, так і досведу малітоўнага жыцця, прывяло многіх людзей да матэрыялізацыі сваіх страхаў перад смерцю ў выглядзе розных забабонных практык.
Нагадакм некаторыя пахавальныя звычаі і забабоны, якія хрысціяне не павінны прымаць пад увагу, а хутчэй у іх каяцца, пераасэнсоўваць нелагічнасць такіх учынкаў і іх абавязкова вызнаваць падчас споведзі:
- класці ў труну грошы, рэчы і прадукты; нават калі па нейкай прычыне былі набытыя лішнія прыналежнасці для пахавання;
- класці на твар нябожчыка блін, а потым з'ядаць яго, верыць, што гэтым знішчаюцца грахі нябожчыка; лічыць, што бліжэйшым сваякам памерлага нельга ўдзельнічаць у перанясенні труны, каб не выклікаць чарговай смерці ў сям'і.
- верыць, што чалавек, які выпадкова стаў падчас адпявання паміж труной і алтаром, хутка памрэ;
- верыць, што чалавек, якому трэба вярнуцца ў хату пасля вынасу цела і да вяртання з могілак, абавязкова памрэ;
- верыць, што чалавек, які ідзе перад труной памрэ наступным за памерлым;
- лічыць, што нельга глядзець з акна на пахавальную працэсію, а то памрэш;
- лічыць, што пазычаючы на памінкі родным памерлага сталы і крэслы, прывядзеш у свой дом, смерць;
- на памінках ставіць «для нябожчыка» чарку гарэлкі і хлеб і захоўваць гэтую «памінальную чарку» да саракавога дня;
- ліць гарэлку на магілу;
- гаварыць: «Хай будзе табе зямля пухам»;
- верыць, што душа памерлага можа прымаць аблічча птушкі або пчалы;
- верыць, што калі за памерлага не маліцца, то яго душа застаецца на зямлі прывідам;
- верыць, што калі чалавека пахаваць без рукі ці нагі, то і на тым свеце ен будзе заставацца калекай. Гэты паганскі забабон паслужыў асновай памылкі ў некаторых хрысціянаў, якія баяліся, што ў Судны дзень іх блізкі чалавек паўстане з мертвых без рукі або нагі і на вечнасць застанецца інвалідам;
- верыць, што крэмацыя можа паслужыць прычынай хвароб дзяцей або ўнукаў памерлага;
- верыць, што цела згарэлых на пажары не ўваскрэснуць у Судны дзень. Сярод некаторых хрысціянаў існуе боязь, што спаленне непазбежна асуджае нябожчыка на пякельныя мукі (праводзяцца паралелі паміж агнем крэматорыя і геенай вогненнай).
- класці ў магілу нябожчыка сякеру;
- кідаць манеты ў труну, у магілу;
- калыхаць труну з целам над парогамі;
- спыняцца на скрыжаваннях;
- "зазямляць" цела, спадзеючыся, што дрэнная энергія пойдзе ў зямлю;
- не з’яўляецца хрысціянскай традыцыяй нанімаць жанчын, якія галосяць і плачуць над памерлым;
- зачыняць у памяшканні, дзе знаходзіцца нябожчык вокны і фортачкі. Трымаць ўваходныя дзверы ці дзверы ў пакой з нябожчыкам зачыненымі;
- завешваць тканінай люстэркі. Люстэркі закрываюць нібы для таго, каб душа нябожчыка, убачыўшы сябе, не спалохалася. Іншы варыянт тлумачэння: каб нябожчык не напалохаў сваякоў. Лічыцца таксама, што праз люстэрка душа можа сысці ў цемны свет, дзе пануе д'ябал і кіруюць дэманы. На самой справе гэты звычай пайшоў з далёкіх часоў, калі ў багатых дамах завешваліся чорнымі тканінамі люстэркі і крыштальныя люстры, каб яны сваім раскошным бляскам не адцягвалі ад малітвы бяднейшых сваякоў і блізкіх памерлага;
- на час пахавання забіраць з кватэры жывел (сабак, катоў), асабліва сабак. Лічыцца, што выццё або брэх сабакі палохае душу нябожчыка. Перажываць, калі кот заскоквае ў труну з нябожчыкам;
- пасля вынасу нябожчыка з хаты абавязкова мыюць падлогу. Такім чынам вымываюць з дома смерць. Або жа, калі выносяць нябожчыка, у доме пераварачваюць сталы, крэслы. У гэтым няма неабходнасці. Усе гэта звязана з язычніцкімі звычаямі;
- двойчы спыняцца па дарозе ад дома да могілак. Гэта звязана з рэлігійным абрадам, па якім раней двойчы служылі малебен за памерлага: пры выхадзе з дома і на могілках. Звычай забылі, а тое, што труна з нябожчыкам павінна быць пастаўлена ў двух месцах, - памятаюць;
- не прыносіць з могілак жывыя ці штучныя кветкі. Лічыцца, што той, хто гэта зрабіў будзе доўга i цяжка хварэць;
- не прымерваць адзенне для памерлага ў часе набывання. Лічыцца, што чалавек, нават не ведаючы для каго набываецца адзенне, прымервае сваю смерць;
- класці ў труну акуляры або пратэз, якімі карыстаўся памерлы;
- нічога не пакідаць з рэчаў нябожчыка, якой бы каштоўнай і прыгожай, не была б гэтая рэч, каб не ўзяць на сябе чужыя беды і хваробы;
- каб не наклікаць у дом новую смерць на памінальном стале не павінна гарэць больш адной свечкі; у таго, хто на памінках моцна нап'ецца, дзеці будуць п'яніцамі. П'янства на пахаванні і наогул, дзе бы яно не было ёсць хамствам і бескультур'ем, што само па сабе шкоднае і з’яўляецца грахом.
Любую інфармацыю пра культуру хрысціянскага пахавання можна даведацца ад каталіцкага святара. Варта прайсці грунтоўную катэхізацыю для дарослых і заўсёды крытычна ставіцца да такіх забабонных абрадаў.
Паводле старонкі Рух Світло-Життя