Skip to main content

Якія тыпы лячэння Касцёл асуджае?

medycynaДля таго, каб зразумець стаўленне Касцёла да так званай нетрадыцыйнай медыцыны, можна звярнуцца да дакумента Папскай рады адносна культуры і міжрэлігійнага дыялогу “Езус Хрыстус – даўца жывой вады”. Ён прысвечаны не медыцыне, а руху “Нью Эйдж”, аднак другая частка закранае тэму здароўя вачыма Нью Эйдж.

“Альтэрнатыўныя спосабы лячэння набылі каласальную папулярнасць таму, што яны разглядаюць чалавека ва ўсёй яго сукупнасці і накіраваны хутчэй на цудоўнае вылечванне, чым на лячэнне. Халістычная медыцына, як вядома, засярождана на вялікай ролі, якую ў фізічным здароўі адыгрывае свядомасць. Мяркуецца, што сувязь паміж духоўным і фізічным аспектамі чалавека адлюстроўваецца ў імуннай сістэме або, паводле індыйскай традыцыі, у чакрах. З пункту гледжання Нью Эйдж, хваробы і цярпенні сутракаюць чалавека ў выніку яго нязгодных з прыродай дзеянняў; калі, такім чынам, чалавек жыве ў гармоніі з прыродай, ён можа разлічваць на абсалютна здаровае жыццё і нават матэрыяльны росквіт.”

“Існуе мноства спосабаў прапаганды халістычнага здароўя, частка з якіх развілася са старажытных культурных традыцый, як рэлігійных, так і эзатэрычных.” З Нью Эйдж звязана вялікая колькасць тэхнік і практык, такіх як: акупунктура; біялагічная зваротная сувязь; хірапрактыка; гамеапатыя; ірыдалогія; розныя віды масажу і “бодзіворка”, такія як метад Фельдэнкрайза, рефлексатэрапія, рольфінг, энергетычны масаж, тэрапеўтычны дотык і г.д.; медытацыя і візуалізацыя; псіхічнае лячэнне; розныя віды травалячэння; лячэнне крышталямі, металамі, музыкай, каляровым святлом.

Як бачым, у дакуменце Папскай рады адзначаецца сувязь відаў альтэрнатыўнай медыцыны з рухам Нью Эйдж, аднак пры гэтым, як указваецца ў прадмове да дакумента, не даюцца гатовыя адказы. Але для нас, хрысціянаў, важна памятаць, што многія віды лячэнняў узялі пачатак не толькі з розных культурных традыцый, але і з рэлігійных і эзатэрычных практык.

Магчыма, больш святла на наша пытанне можа праліць заява Аддзела па пастырскай працы ў галіне аховы здароўя пры Італьянскай біскупскай канферэнцыі. Яно змяшчае ўраўнаважанае меркаванне аб альтэрнатыўнай медыцыне, якое не адмаўляе яе верагоднай карысці, але перасцерагае перад рэальнымі небяспекамі. У тэксце даюцца агульныя ўказанні адносна таго, як распазнаць сярод нетрадыцыйных відаў лячэння тыя, што нясуць у сабе рызыку. Аднак не праводзіцца падрабязны аналіз кожнага з напрамкаў нетрадыцыйнай медыцыны: дакумент абмяжоўваецца папярэджаннем, што некаторыя з іх могуць схіліць не толькі да меркаванняў, якія не адпавядаюць хрысціянскай веры, але і да акультных практык. 

Прыводзім тут абшырную цытату з вышэйузгаданага дакумента: “З аўтаноміяй пацыента некаторым чынам звязана ўзнікненне так званай альтэрнатыўнай медыцыны. Гэты тэрмін абагульняе ўсе медыцынскія практыкi, не заснаваныя на выніках вывучэння анатоміі, фізіялогіі, паталогіі і тэрапіі, уласцівых заходняй медыцыне. Гаворка ідзе пра вельмі разнастайную групу тэрапеўтычных практык, больш ці менш распаўсюджаных, больш ці менш вядомых: лячэнне травамі, акупунктура, гамеапатыя, рефлексатэрапія, ірыдыялогія, шыацу і г.д. . Не ўдаючыся ў ацэнку іх магчымай эфектыўнасці, неабходна перш за ўсё падкрэсліць верагоднасць небяспекі для пацыента, які падвяргаецца ёй, адначасова адмаўляючыся ад традыцыйнай і выпрабаванай дзейнасці Касцёла, датычыцца магчымага прыцягвання, з боку некаторых з іх, усходніх філасофій, з цяжкасцю сумяшчальных з каталіцкай верай і часам практыкуючых акультызм. Таму Касцёл, які з аднаго боку заклікае з гранічнай асцярожнасцю ставіцца да ўвядзення такіх практык у каталіцкіх медустановах, з другога боку павінен адчуваць значны стымул адносна вывучэння гэтай праблемы, набываючы неабходную кампетэнцыю для ўпэўненага выяўлення навуковай методыкі, якая прызнае медыцыну эксперыментальнай навукай. 

У асаблівасці варта задумацца пра тое, ці не з'яўляецца ўсё нарастальны зварот да нетрадыцыйнай медыцыне вынікам неналежнага прымянення алапатычнай медыцыны (заснаванай на супрацьдзеянні сімптомам, у супрацьлегласць гамеапатыі). Сёння відавочнай з’яўляецца вялікая разнастайнасць індывідуальных рэакцый на лекі. Таму варта звярнуць увагу на тое, што агульнай тэрапіі, накіраванай на сярэднестатыстычнага індывіда, недастаткова. Большая ўвага да індывідуальнай тэрапіі і да прысутнасці генетычнага кампанента ў рэакцыі на лекавую тэрапію паслужыць таксама скарачэнню існуючай прорвы паміж традыцыйнай і нетрадыцыйнай медыцынай”.

Такім чынам, у дачыненні да розных альтэрнатыўных відаў лячэння, Касцёл рэкамендуе ўважліва прааналізаваць, ці заснаваны яны на навуковым метадзе, ці не звязаны яны з канцэпцыямі з усходніх філасофій і рэлігій і - што, напэўна, самае важнае, - ці не прысутнічае ў іх элемент акультызму, іншымі словамі веры ў існаванне і ўздзеянне нейкіх утоеных сіл (якія называюць, напрыклад, “энергіямі” - пазітыўнымі і негатыўнымі, і гэты тэрмін не мае дачынення да вызначэння энергіі ў фізіцы; або чакры; некаторыя лекары выкарыстоўваюць паняцце псуты і г.д.).

Трэба ўмець адрозніваць увагу да духоўнага стану чалавека - якая заўсёды павінна прысутнічаць у хрысціянскім клопаце пра хворых разам з клопатам пра іх цялесны стан - і заахвочваннем чалавека да правядзення нейкіх духоўных практык для магчымага збаўлення ад хваробы. У адной з нашых апошніх перадач вядомы італьянскі святар распавядаў пра сустрэчу экзарцыстаў, прысвечаную як раз альтэрнатыўнай медыцыне. Такая медыцына, сказаў ён, можа паслужыць “небяспечным акном", якое адкрывае чалавека на ўздзеянне д'ябла.

Паводле Радыё Ватыкана

Рэдагавана: 14 Студзеня 2016