Субкультура. Я некалькі разоў заўважала, што гэтае слова выклікае негатыўную рэакцыю. Але чаму? Згаджуся, што ва ўлонні некаторых моладзевых субкультур можна назіраць розныя амаральныя паводзіны, але хто з нас без граху? Заўважыла, што нярэдка грамадства наровіць “абазваць” субкультуру сектай, прыпісваючы, напрыклад, да сатаністаў готаў альбо панкаў, якія часцей за ўсё і думкі не мелі аб пакланенні д’яблу.
Засяроджванне на негатыўных рысах субкультуры часта вымушае не заўважаць шэрагу цікавых і пазітыўных з’яў, якія адбываюцца ўнутры яе і не нясуць у сабе ніякіх духоўных, праўных , маральных або эстэтычных пагрозаў. Але вельмі суцяшае факт, што ёсць людзі, якія ў поўні валодаюць дарам любові да кожнага чалавека і здольныя разглядзець прыгожае ў тым, што ганьбяць другія.
Выдатным прыкладам гэтаму служыць сведчанне айца-салезіяніна Андрэя Шпака, які большую частку свайго жыцця прысвяціў будове даверлівых і плённых узаемаадносін з адной з найбольш бунтарскіх і вольных ад усялякіх законаў і маралі субкультур, а менавіта – хіпі.
З самага пачатку свайго існавання хіпі абвяшчалі такія лозунгі , як “Займайся любоўю, а не вайной” , “Скажам “не” насіллю”, “Супакой і любоў”, прапагандавалі беражлівыя адносіны да прыроды і самавыстарчальнае існаванне. Але з цягам часу сярод некаторых груповак хіпі набыло папулярнасць асягненне стану супакою і рэлаксу з дапамогай цяжкіх наркотыкаў, а лозунгі аб усеабдымнай любові скончыліся бязладнымі сэксуальнымі сувязямі. “Дзеці кветак” паступова пачалі асацыявацца з наркаманамі і гультаямі і ім патрэбна была дапамога.
Менавіта ў гэты час у польскім Уроцлаве кс. Андрэй Шпак адкрыў для сябе “дзяцей кветак”, і намагаўся адкрыць Бога для іх. Пачаў з таго, што стаў часта і зацята наведвацца ў цёмнае і непрытульнае месца, званае “Байзел”, дзе акрамя іншых збіралася шмат хіпі з цяжкай залежнасцю ад наркотыкаў. Кс. Шпак арганізоўваў патрэбную ім медычную дапамогу, гатаваў для іх гарбату, ахвяроўваў ім доўгія таварыскія размовы, падчас якіх ніколі не абвяшчаў агрэсіўна сваёй веры, а толькі маляваў пальцам знак крыжа над ілбом падчас наступнага прызнання і ціха шаптаў: “Бог дараваў табе”.
З цягам часу кс. Шпак стаў сваім сярод хіпі і ў пэўны момант запрапанаваў ім далучыцца да пілігрымкі да Маці Божай Чэнстахоўскай. Хіпі вырушылі, але неўзабаве вымушаныя былі адлучыцца - вернікі і святары сцвердзілі, што хіпі “дэмаралізуюць” пілігрымку. Ксёндз не пакінуў ні сваіх хіпі, ні пачатую справу - ён заснаваў асобную хіпаўскую пілігрымку да Маці Божай Чэнстахоўскай, якая хутка атрымала назву “Пілігрымка Моладзі Розных Дарог” і стала вядомай ва ўсім свеце, дзякуючы сваёй экслюзіўнасці. “Пілігрымка Моладзі Розных Дарог” кожны год вырушае з новага еўрапейскага горада разам з вобразам Езуса Міласэрнага і збітага з галін крыжа і ідзе да Чэнстаховы. Сёння на чале з каталіцкім святаром у пілігрымцы акрамя хіпі ідуць панкі, металісты, будысты, пратэстанты, праваслаўныя, атэісты і проста людзі розных нацыянальнасцей – і ўсе яны надаюць пілігрымцы непаўторны характар і ўзбагачаюць яе шэрагам цікавых рэчаў. Святыя Імшы падчас пілігрымкі ператвараюцца ў сапраўдны некалькікагадзінную містэрыю з песнямі і танцамі на праслаўленне Святога Духа.
Хіпі ў спецыфічных строях вылучаюцца тым, што падчас пілігрымавання праводзяць характэрныя для іх маніфестацыі па абароне навакольнага асяроддзя, прасляўляюць Бога песнямі і музыкай у рытме рэггі і радуюць сустрэчных прахожых, раздаючы ім цудоўныя вянкі з кветак. Некаторыя падчас пілігрымкі прымаюць хрост, некаторыя бяруць шлюб. У многіх пілігрымаў атрымоўваецца адмовіцца ад п’янства і ўжывання наркотыкаў (некаторыя з наркаманаў уступілі ў семінарыі і сталі святарамі). Хтосьці адкрывае для сябе Хрыста, а хтосьці застаецца пры сваіх перакананнях, але пры гэтым кожны з іх напаўняе пілігрымку сапраўднай хрысціянскай атмасферай узаемаразумення, акцэптацыі і любові.
Ангеліна Марцішэўская