Skip to main content

Секта ці новы рэлігійны рух?

У сучасным свеце, які намагаецца з пачуццём талерантнасці падыходзіць да кожнай справы, мы часта побач з паняццем “секта” сустракаем паняцце “новага рэлігійнага руху”. Узнікненне паняцця “новага рэлігійнага руху“ у першую чаргу звязана са шматлікімі спорамі на конт таго, ці тэрмін “секта” не з’яўляецца абразлівым. У выніку з’явілася неабходнасць увесці ў паўсядзённае выкарыстанне больш аб’ектыўны і менш заганны тэрмін. Часта тэрмін “секта” і “новы рэлігійны рух” блытаюць паміж сабой і ўжываюць адзін замест другога. Аднак, варта адзначыць, што тэрмін “новы рэлігійны рух”, у адрозненне ад “секты”, ужываецца ў адносінах да ўсялякіх рэлігійных групаў, якія не прадстаўляюць пагрозы для грамадства і маюць вызначаную мэту, не накіраваную на парушэнне правоў чалавека і вядзенне злачыннай і каральнай законам дзейнасці.

Тэрмін “новы рэлігійны рух” часцей за ўсё выкарыстоўваецца, таксама, у стаўленні да традыцыйных рэлігій і іх новых адламаў. Слова “новы” у вышэйзгаданым тэрміне не заўсёды азначае “нядаўна ўзніклы рух”, а ў першую чаргу нясе ў сабе значэнне “чагосьці непазнанага намі “. 

Варта дадаць, што тэрмін “секта” спрадвеку меў нейтральную афарбоўку і негатыўнае значэнне набыў толькі з цягам часу. Напрыклад, у пасланнях св. Паўла, паняцце “секта” звязана вылучна з пазначэннем асоб, якія прыналежалі да тагачасных філасофскіх школ або габрэйскіх палітычна-рэлігійных рухаў, а ў Дзеяннях Апосталаў тэрмін “секта” азначае ўсе групы, якія абвяшчалі традыцыю, спрэчную з юдаізмам, у тым ліку і хрысціян.

Інакш кажучы, тэрмін “секта” у Святым Пісанні мяркуе толькі зроблены праз людзей выбар, тым самым нагадваючы нам быць больш памяркоўнымі ў сваім жыцці, у тым ліку і ў стаўленні да сект. 

Ангеліна Марцішэўская

Рэдагавана: 20 Студзеня 2016