Адносіны Касцёла да дэмакратыі выражаюцца перш за ўсё ў энцыкліцы «Centesimus Annus». “Касцёл, – кажа энцыкліка, – шануе дэмакратычную сістэму ў той меры, у якой яна забяспечвае ўдзел грамадзянаў у палітычным выбары, гарантуе магчымасць выбіраць і кантраляваць сваіх кіраўнікоў або знімаць іх мірным шляхам, калі ёсць на гэта прычыны.
Таму Касцёл не можа падтрымліваць фарміраванне невялікіх кіруючых груповак, якія ва ўласных інтарэсах або дзеля ідэалагічных мэтаў узурпуюць дзяржаўную ўладу. Сапраўдная дэмакратыя магчымая толькі ў прававой дзяржаве і на аснове правільнага ўяўлення аб чалавеку. Дэмакратыя патрабуе умоў, пры якіх чалавек, як індывід мог бы развівацца, атрымліваючы адукацыю і выхаванне ў духу сапраўдных ідэалаў, так магло б і ўзрастаць грамадства, як суб'ект, дзякуючы стварэнню структур супольнага ўдзелу і сумеснай адказнасці (Centesimus Annus, 46)”.
Згодна з сацыяльным вучэннем Касцёла, сапраўдная дэмакратыя з'яўляецца каштоўнасцю, гэта значыць такая форма дзяржаўнага кіравання, пры якой паважаецца годнасць кожнай чалавечай асобы, а мэтай і крытэрыем рашэнняў, што прымаюцца з'яўляецца агульнае дабро. Калі вакол гэтых каштоўнасцяў няма згоды ўсяго грамадства, то губляецца і сам сэнс дэмакратыі. Адным з рызык сучаснай дэмакратыі з'яўляецца этычны рэлятывізм, пры якім адмаўляецца існаванне аб'ектыўных крытэрыяў для іерархіі каштоўнасцяў.
Дэмакратыю часам памылкова разумеюць, як сістэму, пры якой дастаткова большасці галасоў, каб вынесці меркаванне аб дапушчальнасці або недапушчальнасці таго ці іншага ўчынку. Прывядзём у прыклад законы аб легалізацыі абортаў. У энцыкліцы «Евангелле жыцця» Папа Ян Павел II пісаў: “Калі парламенцкая або грамадская большасць легалізуе, хай сабе толькі пры некаторых умовах, забойства яшчэ не народжанага чалавечага жыцця, то ці яно тым самым не прымае “тыранічнага” рашэння ў адносінах да самай слабой і безабароннай чалавечай істоты? Сумленне ўсяго свету справядліва негадуе перад чарадой злачынстваў супраць чалавецтва, якія сталі горкім вопытам нашага стагоддзя. Хіба гэтыя злачынствы перасталі б быць злачынствамі, калі б здзяйсняліся не па загаду пазбаўленых згрызот сумлення дыктатараў, а законна, паводле агульнай згоды большасці? (Evangelium vitae, 70)”.
І яшчэ: “На самой справе дэмакратыю не трэба пераацэньваць, ператвараючы яе ў заменнік маральнасці або “панацэю” супраць амаральнасці”, - сцвярджае святы Ян Павел ІІ. – “Каштоўнасць дэмакратыі нараджаецца або памірае разам з каштоўнасцямі, якія яна выказвае і падтрымлівае”.
У аснове сапраўднай дэмакратыі не могуць ляжаць часовыя і зменлівыя меркаванні большасці. Яна заснавана на прызнанні аб'ектыўнага маральнага закона, упісанага ў сэрца чалавека. Менавіта гэты натуральны закон павінен быць крытэрыем для грамадзянскага заканадаўства.
У той жа энцыкліцы, св. Ян Павел II тлумачыць: “Калі б у выніку трагічнага знішчэння агульнага сумлення скептыцызм паставіў бы пад сумнеў самыя фундаментальныя прынцыпы маральнага закона, гэта пахіснула б самыя асновы дэмакратычнай сістэмы, так што яна ператварылася б усяго толькі ў механізм эмпірычнага рэгулявання розных супярэчлівых памкненняў (EV 70)”. “У такім становішчы дэмакратыя лёгка становіцца пустым словам”, - падсумоўвае св. Ян Павел ІІ .
У любым выпадку неабходна памятаць, што ў дэмакратычнай дзяржаве большасць стварае законнасць, але ніяк не маральнасць. Часта гаворка ідзе толькі пра “трагічную падробку правазаконнасці”, канстатуе Караль Вайтыла, у той час як “дэмакратычны ідэал – годны сваёй назвы толькі ў тым выпадку, калі прызнае і ахоўвае годнасць кожнай асобы. Ці можна казаць пра годнасць кожнай асобы, калі дазваляецца забіваць самае слабое і нявіннае? У імя якой справядлівасці людзей выдаюць на самую няправедную дыскрымінацыю, прызнаючы адных годнымі абароны, а іншым адмаўляючы гэтага права? (EV 20)”.
Згодна з сацыяльным вучэннем Касцёла, дзяржаўная адміністрацыя павінна быць накіравана на служэнне грамадзянам, а палітычныя партыі закліканы садзейнічаць шырокаму ўдзелу і ўсеагульнаму доступу да грамадскай адказнасці. З дапамогай партый грамадзяне павінны мець рэальную магчымасць удзельнічаць у фарміраванні палітычных рашэнняў. Інструментам для палітычнага ўдзелу з'яўляецца таксама рэферэндум, як прамая форма доступу да палітычных рашэнняў (пар. Кампендыум сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, 413).
Адным з галоўных інструментаў дэмакратычнага ўдзелу з'яўляецца інфармацыя. У сацыяльным вучэнні Касцёла гаворыцца пра перашкоды ў рэалізацыі права на аб'ектыўную інфармацыю: гэта кантроль над СМІ, засяроджаны ў руках некалькіх людзей або груп. Дэмакратычныя каштоўнасці могуць падвяргацца рызыцы, калі “цяжкасці, ўнутрана уласцівыя камунікацыі, пагаршаюцца з-за ідэалогіі, з-за імкнення да прыбытку і палітычнага кантролю, з-за суперніцтва і канфліктаў паміж групамі, або з-за іншых сацыяльных праблем” (пар. Кампендыум сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, 416).
Такім чынам, стаўленне Каталіцкага Касцёла да дэмакратыі залежыць ад таго, наколькі дэмакратыя адпавядае вышэй пералічаным умовам.
Паводле Ватыканскага Радыё