Сутнасць прывабнасці сект
На працягу каля 2000 гадоў існавання хрысціянства не ўсе стагоддзі аднолькава адзначыліся колькасцю дзейсных сект. Найбольш ураджайнымі былі першыя 3 стагоддзі, падчас каторых хрясціянства сутыкнулася з грэцка-рымскай культурай і рэлігіямі Ўсходу. Пазней секты “ сышлі ў падзямеллі” і аб’явіліся ў раннім Сярэднявеччы ў форме маніхеізму, катарызму і богамілізму. Пасля пачатку Рэфармацыі, якая прынесла магчымасць асабістай інтэрпрэтацыі Святога Пісання, сярод хрысціянства ўтварылася шмат новых адламаў. Аднак адбывалася гэта ва ўсеагульным клімаце страху, пачуцці граху і пагрозе адлучэння.
Сучасны каталіцкі Касцёл не мае ніякіх санкцый супраць сект, а людзі, якім надакучылі традыцыйныя вераванні, шукаюць сенсацый і розных дзіўнасцей. У каталіцкай рэчаіснасці, якая была калісьці адзінай і даволі аднароднай, веруючыя не мелі выбару, нават калі мелі свядомасць існавання маральных або літургічных недахопаў сваёй веры. Сёння, ў плюралістычным грамадстве, рэлігія ўжо не ўяўляе сабой сацыяльную з’яву, але хутчэй асабістую. Можна лёгка азнаёміцца з іншымі рэлігіямі, існуе свабода выбару рэлігійнай прыналежнасці без боязі сацыяльнага асуджэння. Няма дыскрымінацыі рэлігійных меншасцей, узнікае ўсё больш новых рэлігійных адламаў. Сёння нават найбольш дзіўны лідэр знойдзе хоць бы некалькіх паслядоўнікаў.
Аднак нельга ўсяго тлумачыць прыведзенымі фактамі. Шмат новых рэлігійных рухаў забяспечвае сваім прыхільнікам больш глыбокае і эмацыянальнае пазнанне Бога, што дае ім перавагу над зінтэлектуалізаванымі і халоднымі традыцыйнымі рэлігіямі. Атракцыйнымі з’яўляюцца таксама рэлігійныя рухі, якія заклікаюць вярнуцца да хрысціянства першых стагоддзяў, “да чыстага слова Божага” – “без пазнейшых касцёльных каментараў”. Некаторыя секты прывабліваюць людзей сваімі прадказаннямі на тэму рэчаіснасці, якая наступіць пасля канкрэтнай даты, і якой змогуць цешыцца толькі абраныя. Часта сустракаюцца секты, якія спецыялізуюцца ў прыцягненні ў свае шэрагі людзей з высокімі памкненнямі, так званую інтэлектуальную эліту, прагную да ведаў, якія прадугледжаны для нямногіх. А веды для абраных заўсёды вабяць, асабліва калі яны звязаны са збаўленнем. Фактарам агульнай прыроды – прыцягваючым людзей да сект – з’яўляецца цёплы сяброўскі клімат гэтых груповак, дзе кожны новы член прымаецца такім, які ён ёсць, падчас калі мы – хрысціяне – сапраўды ў іншы раз можам крытычна і з неахвотай паставіцца да чалавека, які толькі знешнім выглядам будзе крыху не адпавядаць “сапраўднаму” хрысціяніну – насіць дрэды або мець тунелі ў вушах. Іншым агульным чыннікам папулярнасці сект з’яўляецца пачуццё ўпэўненнасці валодання праўдай і збаўленнем, якія яны даюць сваім прыхільнікам. Упэўненасці, якая так моцна патрэбна сённяшнім вызнаўцам каталіцкага Касцёла, якія занадта часта адказваюць словамі не ведаю або напэўна на шмат найбольш важных пытанняў.
Крыніца: урывак з кнігі “Katolik wobec sekt” пад рэдакцыяй кс. Станіслава Пышка
Ангеліна Марцішэўская