Біблія і хрысціянская традыцыя не ставяць пад сумнеў патрэбу існавання дзяржавы, але часта крытыкуюць тых, хто ёй кіруе. У 1 Кнізе Самуэля (8,4-22) народ просіць прарока і святара Самуэля, каб ён вызначыў ім караля. Ім быў патрэбны суддзя і той, хто павядзе войска падчас вайны. Здаецца, такая просьба мае сэнс, але Самуэль адмаўляецца. Чаму? Каралём можа быць толькі Бог, а не чалавек. Кароль будзе прыгнятаць сваіх падданых, забіраючы іх зямлю, збіраючы падаткі і змушаючы да служэння. І гэтыя праблемы можна заўважыць на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.
У апошнім стагоддзі, найгоршым прыкладам былі таталітарныя дзяржавы, нацысцкая і камуністычная. Цяжка аднак адназначна ацаніць дзяржавы, якія існуюць сёння. Хоць у значнай ступені спаўняюць свае заданні, аднак з некаторымі рашэннямі хрысціяне не могуць згаджацца, як, напрыклад, аборты і эўтаназія, бюракратыя, дазвол на распаўсюджванне ідэалогіі не згоднай з нормамі маральнасці.
Можа здавацца, што імкненне да стварэння ўмоў у дзяржаве і яе клопаце на карысць усіх грамадзян, з’яўляецца ідэалістычным і невыканальным. Але ёсць канкрэтныя ўказанні, як павінна выглядаць дзяржава.
У першых пяці кнігах Святога Пісання, называных Законам, можна знайсці шмат маральных і прававых нормаў, але амаль нічога не напісана пра дзяржаўную ўладу. І гэта таксама мае сэнс: у дзяржаве важны добры, сталы закон, а не сам урад. Адзіны фрагмент, які гаворыць пра валадара ізраільцян (Дрг 17,14-20) накладвае абмежаванні на яго: ён не павінен быць занадта багатым, і ўзвышацца над братамі, але “шанаваць Пана, Бога свайго і захоўваць усе словы Закона гэтага”. Бог і закон важнейшы, чым кіраўнік дзяржавы, ён з'яўляецца толькі апекуном, а не гаспадаром закона, якое заснаванае на Божых запаведзях.
У дзяржаве галоўнае добры, сталы закон, а не “палітычны клас” ці сістэма кіравання. Сёння закон гэта тое, што вырашыць урад. Паводле старажытнай традыцыі законам з’яўляецца тое, што правільнае. Закон, які з’яўляецца фундаментам дзяржавы, павінен супадаць з нормамі маралі.
Калі дзяржаўны апарат вельмі развіты, то яго ўтрыманне патрабуе шмат сродкаў. Дзяржава павінна быць настолькі моцнай, каб магла спаўняць свае асноўныя функцыі, але, з іншага боку, павінна даваць магчымасць актыўна ўдзельнічаць у жыцці дзяржавы ўсім грамадзянам. Многія функцыі, якія накладае на сябе сёння дзяржава можа выконваць асобны чалавек, сям’я, грамадская арганізацыя, дзяржава павінна толькі іх падтрымаць і займацца тым, што акрамя яе ніхто зрабіць не зможа.
Падобная сітуацыя і ў гаспадарцы. Каталіцкі Касцёл гаворыць пра свабоду карыстання прыватнай уласнасцю, хоць і ставіць пэўныя маральныя патрабаванні. Дзяржава павінна стварыць добрыя ўмовы для развіцця гаспадаркі. Гэта значыць, не можа накладаць вельмі высокія падаткі, выдаваць непатрэбныя, або немаральныя законы. Павінен быць таксама аднолькавы падыход да ўсіх, як да багатых так і да бедных. Дзяржава павінна даваць магчымасць развіцця кожнаму.
Дзяржава, якая служыць людзям у сацыяльнай і эканамічнай сферы гэта такая, характарызуецца стварэннем справядлівых законаў, стварае ўмовы для працы і праяўлення ініцыятыўнасці сваіх грамадзян, дае пачуццё бяспекі кожнаму грамадзяніну.
Паводле opoka.org.pl