Што азначае паняцце “экзарцызм“?
Тэрмін «экзарцызм» (грэц. exorxismos - "клятва") азначае літургічны абрад, прызначаны для вызвалення чалавека або рэчы ад уплыву шатана з дапамогай сілы, якую Хрыстос перадаў Касцёлу.
Экзарцызм змяшчае ў сабе просьбу да Бога аб вызваленні ад дэманічнай моцы або прамы загад накіраваны да шатана (Мк 1,25). Пачынаючы з 1983 года ў Касцеле абавязвае новы Кодэкс Кананічнага права, які змяшчае запіс адносна экзарцызмаў: “§1 Ніхто не можа законна выконваць экзарцызмы, пакуль не атрымае выразнага спецыяльнага дазволу”. “§2 Такі дазвол можа быць нададзены толькі прэсвітэру, які вылучаецца набожнасцю, глыбокімі ведамі, разважлівасцю і праведнасцю жыцця“. У старажытныя часы экзарцызат быў адной з чатырох ступеняў святарства. У той час абавязкам экзарцыста падчас эўхарыстычнага служэння была падрыхтоўка месца для людзей, якія прыступаюць да св. Камуніі, і падаванне вады падчас св. Імшы. Сёння часцей за ўсё выкарыстоўваецца экзарцызм, які прамаўляюць пры абрадзе хросту – малітва экзарцызму. Экзарцызмы сустракаюцца таксама ў формулах пасвячэння вады і солі, каб яны былі эфектыўным сродкам барацьбы з нападкамі злога духа. Моц экзарцызму мае таксама сакрамант пакуты і еднасці, глыбокая вера ў Бога, школы, благаслаўленне дзяцей і хворых. З дапамогай экзарцызму Касцёл паказвае, што хоць шатан і прысутнічае штодзённа ў нашым жыцці, то адпушчэнне грахоў, якое адбылося дзякуючы крыві Хрыста, ахоплівае ўсіх людзей.
Вялікі або афіцыйны экзарцызм, які напрамую звязаны з апантанасцю, адбываецца ў імя і пад кантролем Касцёла. Некаторыя багасловы дазваляюць вернікам праводзіць малы экзарцызм з мэтай уласнай абароны, аднак Касцёл вучыць, каб усе экзарцызмы праводзіліся пад наглядам біскупа.
Адзін з варшаўскіх экзарцыстаў, ксёндз Андрэй Графковіч, сцвярджае, што існуюць тры ўзроўні ўздзеяння злога духа на чалавека: спакуса, якой падлягаюць усе людзі “пакуль ходзяць па зямлі”, часам пераадольваючы яе, часам ёй саступаючы ; зняволенне, якое можа ўзнікнуць, калі чалавек грашыць ідалапаклонствам, што можа стаць прычынай захворванняў, і апантанасць, якая з’яўляецца вынікам свядомай або меркаванай дамовы з д’яблам. Але перш чым да гэтага дойдзе, чалавек рознымі спосабамі можа адкрыць сваю душу злому духу (варажба, гараскопы, звяртанне да памерлых з дапамогай спірытычных сеансаў). Наступным крокам у гэтам працэсе з’яляецца згода на ягоную дзейнасць, запрашэнне і дамова з д’яблам. Часта вынікам ўздзеяння злога духа могуць быць неабгрунтаваныя страхі, начныя кашмары, неспакой. Абмяркоўваючы пытанне аб апантанасці трэба памятаць аб прыкметнай розніцы паміж гэтай з’явай і псіхічным захворваннем. Адным з крытэрыяў распазнання апантасці з’яўляецца неэфектыўнасць псіхатропных лекаў, таму што ў такіх выпадках выступае звышнатуральная сіла. Многія людзі, якія звяртаюцца да экзарцыстаў, сцвярджаючы, што яны апантаныя , насамрэч з’яўляюцца псіхічна хворымі. Паводле экзарцыстаў, ні адзін чалавек не можа прама сказаць, што ён з’яўляецца апантаным. Апантаныя ніколі не скажуць, што яны зняволены праз д’ябла, хутчэй яны будуць гаварыць аб тым, што адчуваюць смутак, страх, неспакой. Такія людзі, як правіла, пазбягаюць духавенства. Характэрным для іх з’яўляецца таксама пачуццё страху перад сакрамантамі, крыжом і святой вадой.
На заканчэнне, вяртаючыся да тэмы экзарцызмаў, варта дадаць адно сцвярджэнне: экзарцызм ніколі не будзе з’яўляцца антыдотам на ўсялякія цяжкасці.
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская