Унебаўзятая
Ці памерла Маці Божая перад унебаўзяццем? Ці можна знайсці словы пра Яе ўнебаўзяцце на старонках Святога Пісання? Дзе зараз захоўваюцца рэліквіі Маці Божай?
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі мы адзначаем 15 жніўня.
Прадстаўляем дзесяць цікавых звестак пра гэтую выключную ўрачыстасць.
Адзін з чатырох догматаў аб Панне Марыі
1 лістапада 1950 года ў Апостальскай канстытуцыі “Munificentissimus Deus” Папа Пій XII абвясціў догмат, які сцвярджаў, што “пасля заканчэння свайго зямнога жыцця Найсвяцейшая Панна Марыя была з целам і душой узята ў нябесную хвалу”.
Першым быў Касцёл у Палестыне
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бярэ карані ў V стагоддзі ў Палестыне. Першыя гістарычныя дакументы ўзгадваюць пра пахаванне Марыі ў даліне Язафата. Тагачасны летапісец Псеўда-Дыяскор, кажучы пра змаганні і канфлікты паміж католікамі і манафізітамі, апісвае, як вернікі збіраліся ў касцёле Маці Божай на палях Язафата.
Унебаўзяцце ці Успенне?
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі ў праваслаўі адзначаецца як Успенне Багародзіцы. Праваслаўныя вераць, што Марыя заснула (памерла), пасля чаго ўваскросла і толькі тады была ўзята ў неба. Паводле католікаў Маці Божая была з душой і целам узята ў неба; догмат не дае адназначнага адказу на пытанне, ці памерла Марыя перад унебаўзяццем. Тым не менш у 1997 г. святы Ян Павел ІІ у катэхезе сказаў: “Маці Божая памерла, бо памёр і Хрыстус. Яна прайшла праз смерць, бо і Ён прайшоў праз смерць”. Факт смерці Марыі, хоць не быў абвешчаны ў выглядзе догмату, належыць да так званага звычайнага вучэння Каталіцкага Касцёла.
Унебаўзяцце ў пазабіблійнай перадачы
У Бібліі ні адзін фрагмент не кажа непасрэдна аб унебаўзяцці Марыі. Першы гістарычны ўспамін пра адыход Маці Божай быў прадстаўлены ў VI стагоддзі біскупам Янам Скітопальскім, які паходзіў з Палестыны. Ён піша, што Марыя разам з целам была ўзята ў неба, каб быць пасрэдніцай для людзей.
Працэсіі і пахаванні Маці Божай
Да сённяшняга дня ў многіх месцах праходзяць інсцэніроўкі ўспення і ўнебаўзяцця Маці Божай. Адны з найвялікшых такіх урачыстасцяў праводзяцца ў Кальварыі Зэбжыдоўскай, Кальварыі Пацлаўскай і на Ямне.
Дзве традыцыі
З канцом зямнога жыцця Марыі звязаны дзве традыцыі. Першая – ерузалемская – кажа аб тым, што Маці Езуса была пахавана ў Гетсэманіі, а потым узята ў неба на Сіёне. Другая – эфеская – апавядае, што Марыя адышла з гэтага свету ў Эфесе.
Традыцыі і звычаі
Найбольш вядомы звычай – благаслаўленне ў гэты дзень траваў і кветак. Першы ўраджай збожжа, кветкі і травы, благаслаўленыя ў касцёле, прыносяць дадому і засушваюць. Згодна з народнай традыцыяй яны павінны забяспечыць жыхарам абарону ад хвароб і няшчасцяў, благаслаўленне.
Актава
Свята Унебаўзяцця мела сваю літургічную актаву, устаноўленую Папам Львом IV у 874 годзе. Актава ахоплівае святочны дзень і сем дзён пасля яго, якія святкуюцца як галоўная ўрачыстасць. Аднак у 1955 годзе актава Унебаўзяцця была адменена разам з іншымі актавамі. Да сённяшняга дня захаваліся толькі актавы Вялікадня і Божага Нараджэння.
Рэліквія ўнебаўзяцця
Памятны знак унебаўзяцця знаходзіцца ў катэдры св. Стэфана ў італьянскім Прата, у капліцы пад тытулам Del Sacro Cingolo. Там можна ўбачыць пояс, змешчаны ў залаты рэліквіярый. Паводле традыцыі, якая ўзыходзіць да V стагоддзя, Марыя перадала пояс святому апосталу Тамашу.
Унебаўзяцце ў краінах Еўропы
У Італіі свята Унебаўзяцця Маці Божай – не толькі нагода да рэлігійных урачыстасцяў, але і дзень адпачынку, забаваў і сустрэч з сябрамі і роднымі. У гэты дзень італьянцы адзначаюць знакамітае Ferragosto – свята заканчэння ўраджаю, карані якога паходзяць са старажытнага Рыма.
Венгры адзначаюць гэты дзень з вялікай павагай, як важнае нацыянальнае свята. Паводле легенды першы кароль Венгрыі святы Стэфан у 1038 годзе ахвяраваў Марыі карону, тым самым абраўшы Яе нябеснай Каралевай і Апякункай усёй краіны. Маці Божая носіць імя “Вялікай Пані Венгрыі”.
У прыморскіх раёнах Партугаліі ў гэты дзень благаслаўляюць рыбацкія чаўны, а ў альпійскай частцы Францыі святары ездзяць з пашы на пашу і ўдзяляюць благаслаўленне гаспадарам і іх жывёле.
Кс. Юрый Марціновіч