Skip to main content

Адкрыванне штодзённых шляхоў

 Magdalena

 

Святое Пісанне не надае св. Марыі Магдалене шмат увагі. Мы знаёмімся з ёю ў асобных сустрэчах з Хрыстом. Св. Марк занатаваў, што Езус выгнаў з жанчыны злых духаў. Св. Мацвей падкрэсліў, што міраносіца прысутнічала, калі Езус быў укрыжаваны і паміраў, а таксама калі быў зняты з крыжа. Св. Ян, у сваю чаргу, заўважыў, што гэта ёй выпала адкрыць праўду аб уваскрасенні, калі ўбачыла пустую магілу.

Свята св. Марыі Магдалены адзначаецца ў Касцёле 22 ліпеня.

Марыя Магдалена з моманту сустрэчы ў жыцці з Езусам Хрыстом не толькі змяняе сваё жыццё, але і адкрывае шлях, які вядзе да Бога і на якім сам Бог яе шукае. Таму мы гаворым і пішам пра Марыю Магдалену як пра апякунку добрых змен і паўтараем за св. Грыгорыем Вялікім, што яна з’яўляецца “сведкай Божай міласэрнасці”.

Да чаго нас запрашае св. Марыя Магдалена? Чаму можам сёння навучыцца ў яе? Безумоўна, усведамляем, што жыццё – шлях, які павінен весці да Бога. На гэтым шляху сустракаем Бога, які поўны міласэрнасці і запрашае нас ісці за Ім, гэтак жа, як адбылося з Марыяй Магдаленай.
Марыя Магдалена так моцна палюбіла Пана Бога, што не баялася пакутаваць за свае грахі, каб яшчэ больш удасканаліцца ў гэтай любові.
Наша жыццё здаецца вельмі падобным да гэтай жанчыны. Нават калі сустракаемся з любоўю Бога, здараецца, што справы гэтага свету прымушаюць нас ісці, ці, хутчэй, бегчы, час ад часу губляючы правільны напрамак шляху. Здаецца, што мы з усім сам-насам, што ніхто нас не разумее і што цяжкасці робяцца ўсё большымі, таму сэрца можа напаўняць смутак. Тады неабходна, як Марыя Магдалена, стаць над чымсьці, што становіцца магілай нашага жыцця, у якой штосьці памерла, дзе пануюць пустэча і цемра.

Сустрэча ўваскрослага Хрыста з Марыяй Магдаленай паказвае, што хоць яна была вызвалена ад злых духаў і ўзяла на сябе намаганне сустрэчы з Езусам, але на самой справе Збаўца сам паказваецца ёй у адпаведны момант жыцця. А калі паказваецца, звяртаецца да жанчыны па імені. Кожны чалавек хоча быць знойдзеным і пакліканым па імені.

Наша штодзённае жыццё і наша пакліканне – гэта нястомнае адкрыванне шляхоў і дзе на гэтых шляхах знаходзіцца Бог. Нашы турботы неабходны для таго, каб адкрываць праўду, што, нягледзячы на ўсялякія перашкоды, варта пастаянна рабіць крокі да Бога. Наша ўзіранне ў Марыю Магдалену – гэта адказ сабе на пытанне, ці здольны я, як яна, сказаць і засведчыць, што Бог – мой Пан.

Няхай жыццё будзе пастаянным вяртаннем да Бога! Будзем заўсёды гатовымі прабываць у Яго прысутнасці.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 22 ліпеня 2025