Skip to main content

Быць адным. Урачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла

sw Piotr i PawelАдна ўрачыстасць злучае двух вялікіх апосталаў – Пятра і Паўла. Яны ішлі за Езусам рознымі шляхамі. Час ад часу гэтыя дарогі перасякаліся, канчаткова іх злучыў Рым. Старажытная традыцыя апавядае, што там у адзін дзень апосталы пралілі сваю кроў за Хрыста: Пётр быў укрыжаваны галавой уніз, Паўлу адсеклі галаву.

Урачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.

Апосталаў Пятра і Паўла адрознівала многае: грамадскі статус, асвета, тэмперамент, спосаб прыйсця да веры ў Хрыста. Пётр быў просты, Павел – адукаваны. Адзін абвяшчаў Евангелле сярод юдэяў, другі навяртаў у асноўным язычнікаў. Пётр ведаў Езуса асабіста, Павел ужо належаў да пакалення, якое адкрыла таго Хрыста, што жыве ў Касцёле.

Хоць яны такія розныя, але былі з’яднаныя ў веры і любові да Збаўцы. Перажыўшы асабістыя навяртанні, распазналі агульную місію і неабходнасць супрацоўніцтва дзеля дабра Касцёла. І хоць паміж апосталамі здараліся непаразуменні і нават публічныя спрэчкі (параўн. Гал 2, 11–14), прысутнічала імкненне да паяднання і адзінства, што стала ўмовай для паспяховага сведчання перад светам. Яны разумелі, што супольны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля вышэй за асабістыя адрозненні.

Адзінства апосталаў Пятра і Паўла ў разнастайнасці паказвае, што Бог кліча не ідэальных, а гатовых – да служэння, да перамянення, да любові. Гэтае пасланне застаецца актуальным і ў сённяшнія часы. У нашых парафіяльных супольнасцях кожны мае свае таленты, досвед, тэмперамент, але ўсе мы разам пакліканы будаваць адно Цела Хрыста.

Святыя апосталы вучаць нас таму, што можам ісці да Пана рознымі шляхамі.

Урачыстасць святых апосталаў нагадвае аб значэнні адзінства ў Касцёле. Касцёл – хоць ён і святы – складаецца з людзей, значыць з мноства асоб, у якіх рознае паходжанне, здольнасці, перспектывы. Прыняцце гэтай разнастайнасці і прызнанне агульнай місіі збаўлення робіць нас сапраўднымі сведкамі Хрыста.

Касцёл – не сцэна, на якой толькі нямногія нешта прапануюць, а астатнія застаюцца пасіўнымі гледачамі. Касцёл – жывое Цела Хрыста, дзе ў кожнага сваё месца і свая задача: маліцца, служыць, абвяшчаць, падтрымліваць, ствараць прастору любові і адзінства… Супольнасць вернікаў павінна быць сапраўднай сям’ёй, у якой варта нястомна прыносіць сябе ў дар праз сваю працу, ахвяру, трываласць. Апосталы Пётр і Павел ахвяравалі за гэтую супольнасць сваё жыццё. Мы пакліканы аддаць свой час, рукі і сэрцы.

Пётр і Павел сталі святымі не таму, што былі дасканалыя. Яны сталі святымі, бо давяралі Езусу і служылі Яму ўсёй сваёй асобай. Іх жыццё паказвае, што Бог перамяняе чалавечыя слабасці ў сілу, а штодзённую вернасць – у святасць. Таму дазволім Божай ласцы змяняць нас і даць нам сілу быць адважнымі сведкамі Евангелля кожны дзень.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 28 Чэрвеня 2025