Skip to main content

Некалькі думак напярэдадні канклава

e8b8e2324518703aaa43511e91eab8a174977c2b7 мая ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане распачнецца сход Калегіі кардыналаў для выбара Папы Рымскага (канклаў). Напярэдадні важнай для Касцёла падзеі сваімі думкамі падзяліўся арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Рэкордная колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў

Мы маем самую вялікую з гісторыі Каталіцкага Касцёла колькасць кардыналаў – ажно 133, – якія будуць удзельнічаць у канклаве. Кожны з іх можа быць абраны галавой Каталіцкага Касцёла.

Па афіцыйнай інфармацыі Апостальскай Сталіцы, двое кардыналаў не змогуць прысутнічаць па стане здароўя. У той самы час на галасаванне збярэцца рэкордная колькасць электараў.

Кардыналы-выбаршчыкі паходзяць з 71 краіны свету. Найбольшая іх колькасць з Еўропы, а таксама Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Акіяніі. Самы малады кардынал на канклаве – 45-гадовы грэка-каталіцкі іерарх украінскага паходжання Мікола Бычок з Аўстраліі, а самы старэйшы – 79-гадовы іспанец Карлас Асора Сьера, арцыбіскуп-эмерыт Мадрыдскі.

З аднаго боку, кардыналы-выбаршчыкі прадстаўляюць паўсюднасць Касцёла, але з другога, не ведаюць адзін аднаго. Справа не столькі ў асабістым знаёмстве, колькі ў бачанні праблем і шляхоў іх вырашэння, а таксама поглядаў адносна перспектыў і развіцця Касцёла.

Генеральныя кангрэгацыі, якія адбываюцца перад канклавам, прадугледжаны для таго, каб пазнаць праблемы Касцёла і візіі паасобных кардыналаў.

Вырашальны час для Касцёла

Для абрання Папы Рымскага кандыдату неабходна набраць мінімум 2/3 галасоў усіх выбаршчыкаў на канклаве (сёлета гэта 90 галасоў). Цяжка ўявіць, што адразу будзе знойдзены кансэнсус. Не выключана, што ўтворацца 2, а можа нават і 3 групы кардыналаў, кожная з якіх будзе галасаваць за свайго кандыдата. І гэта добра, бо, як гаворыцца ў вядомай нам прыказцы, “у спрэчцы нараджаецца ісціна”.

Выбар Папы – гэта не справа чалавека, але Бога. Кардыналы кіруюцца на канклаве духам Евангелля і Традыцыі.

Калі доўгі час ніхто з кардыналаў не набярэ патрэбнай колькасці галасоў, то магчымы пошук кампраміснага варыянта, які задаволіць усіх. Так ці інакш, новы Папа будзе абраны.

Партрэт будучага Пантыфіка

Сёння ўсе узрушаны пытаннем: “Хто стане новым Папам Рымскім?”. Яго задаюць і католікі, і вернікі іншых веравызнанняў. Букмекерскія канторы прымаюць стаўкі, журналісты складаюць топы кандыдатаў… Усё гэта сведчыць аб ролі Папы не толькі ў жыцці Каталіцкага Касцёла, але таксама аб яго вялікім уплыве і аўтарытэце ў сучасным свеце.

Мне асабіста падаецца, што новы Пантыфік павінен увасобіць у сабе энергію, дынамізм і адвагу св. папы Яна Паўла ІІ, інтэлектуальнасць і любоў да літургіі папы Бенедыкта XVI і таксама міласэрнае сэрца папы Францішка… Беручы ў свае рукі штурвал касцёльнага карабля, ён павінен будзе кіраваць ім так, каб у яго ветразі дзьмуў не вецер секулярызму і маральнага рэлятывізму, але вецер Святога Духа. Сёння асабліва неабходна бараніць хрысціянскія каштоўнасці, тое, што вечна, нязменна і недыскутуема!

Св. Імша “Pro eligendo Pontifice” распачнецца 7 мая ў 10.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Яе будзе цэлебраваць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Урачысты ўваход на канклаў і прысяга кардыналаў у Сікстынскай капэле адбудуцца ў 16.30.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Рэдагавана: 05 Мая 2025