Skip to main content

Некалькі слоў пра “каляду” ад шчырага сэрца

koledaКожны год пасля свят Божага Нараджэння ў многіх парафіяльных супольнасцях адбываецца душпастырскае наведванне, якое звычайна называецца “калядой”. Як святар з амаль пятнаццацігадовым стажам я люблю гэты час, які падштурхоўвае да разнастайных думак, размоў, дыскусій.

Душпастырскае наведванне – няпростая пара ў жыцці кожнага разважлівага святара, бо дадзеная задача нялёгкая для псіхікі, уразлівасці і здароўя калядуючага. Гэта час, калі ты можаш лепш пазнаёміцца са сваімі парафіянамі, з іх радасцямі і турботамі. Гэта час, калі можаш адкрыць таленты дзяцей і моладзі, якія жывуць на тэрыторыі парафіі. Не раз мог бачыць у дамах дзесяткі медалёў, дыпломаў, кубкаў, узнагарод з розных алімпіяд, канцэртаў, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў

Я ахвотна размаўляю з людзьмі, імкнуся іх выслухаць. Люблю размаўляць з тымі, хто пачынае дыялог. Звычайна яны пытаюцца аб справах, патрэбах парафіі, а асабліва аб далейшых планах будаўніцтва нашай святыні. Намагаюся ўваходзіць ва ўсе чалавечыя настроі і перажыванні. Спачуваю. Стараюся не спяшацца. Шчыра кажучы, нават ніколі не гляджу на гадзіннік, а тэлефон найчасцей пакідаю ў аўто. Добра, што мяне заўсёды суправаджаюць міністранты, якія сочаць за часам, бо інакш не было б каму цэлебраваць Імшу ў нашай капліцы або я спазніўся б на сустрэчу моладзі.

Мне заўсёды шкада тыя сем’і, якія жывуць у крайніх дамах на вуліцы. У суботу, калі “калядзе” прысвечаны амаль увесь дзень, яны часта дапазна чакаюць гэтай сустрэчы, не могучы ўзяцца за ніякую працу. Нядаўна, завітваючы ў апошнія дамы сваіх парафіян, я сказаў: “Мабыць, сапсаваў вам увесь дзень, бо мусілі чакаць «каляду» столькі часу”. А пачуў поўныя здзіўлення і ўдзячнасці словы: “Каляда для нас – сапраўднае свята!”. Здаецца, не ўсюды засталося такое ўспрыманне...

Вось так, з галавой, поўнай гэтых уражанняў, я з цяжкасцю засынаю. Заўтра мяне чакае новы досвед веры. Нават думаю, што калі б зараз, у час душпастырскага наведвання, хтосьці спытаў мяне: “Чаму ты верыш?” – я б, канешне, адказаў: “Бо хаджу на «каляду» і натхняюся простай верай сваіх людзей”. Верай простай – той, якую яны вынеслі са свайго роднага дома; той, якую ім перадалі богабаязныя дзяды і бацькі. Верай, якой не саромеюцца, а выражаюць яе так, як толькі могуць.

Удзячны, што маладая маці чакала на марозе перад домам, каб я да яе патрапіў. Уражаны адвагай цяжкага досведу веры сужэнцаў, якія жывуць у несакраментальным саюзе. Уваходжу ў самотнасць і надзею пажылых і хворых людзей. Цешуся з дзяцей, якія чытаюць на памяць “Анёле Божы, дружа мой…” ці паказваюць мне свае цацкі. Спрабую духмяныя пончыкі, прыгатаваныя спецыяльна на “каляду”. Размаўляю, слухаю і дзялюся сваім досведам. Уражваюся нялёгкаму жыццю і захапляюся дасягненнямі. Між іншым, дзякую за асэнсаваную і глыбокую дэманстрацыю мудрай веры ў жывога Бога.

Няхай сёлетняе душпастырскае наведванне – не толькі ў маёй парафіі, але і ўсюды, дзе ёсць гэты цудоўны звычай, – будзе для кожнага плённым і ўнясе ў нашыя дамы больш любові, веры, надзеі і радасці.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч, пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне

Рэдагавана: 04 Лютага 2025