Прывілея Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі вымушае нас задумацца над Божым абраннем: Бог абраў Марыю быць Маці Яго Сына.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначаецца сёлета ў Касцёле 9 снежня.
Уся гісторыя збаўлення напоўнена Божым выбарам, а Беззаганнае Зачацце – гэта абранне ключавое, да якога ішлі ўсе папярэднія, пачынаючы з Абрагама, на працягу ўсяго Старога Запавету. Гэта абранне абсалютна новай якасці. Калі над усім Старым Запаветам вісела ярмо першароднага граху, то з Марыі яно здымаецца Богам.
Гэтую новую свабоду Марыя асаблівым чынам адчувае падчас звеставання, калі для Яе маюць значэнне не розныя погляды, якія так моцна абмяжоўваюць чалавечую свабоду, а толькі любоў і Бог. Яна не задае Арханёлу Габрыэлю такіх тыповых для чалавека пытанняў: “Чаму я?”, “Ці не можа ў мяне быць нармальнае жыццё?”, “Што скажуць людзі?”, “Як я з гэтым спраўлюся?”. Яна толькі пытаецца з прастатой і здзіўленнем: “Як гэта станецца?”. Калі атрымлівае адказ, не вагаецца ні хвіліны, не вядзе дыскусіі. Так паступаюць толькі людзі свабодныя! “Fiat” Марыі – глыбокі подых Яе беззаганнасці.
Св. Павел напіша: “У Хрысце Бог выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1, 4). Абранне, беззаганнасць Марыі не аддзяляе Яе ад людзей, каб Ёй зайздросцілі. Наадварот, гэтае абранне з’яўляецца запрашэннем, новай перспектывай у Езусе Хрысце, жаданнем Бога для нас і тым, па чым найглыбей сумуем.
“Вітай, Марыя, уся беззаганная, чыстая і годная праслаўлення. Ты Саадкупіцельніца, Раса майго бясплоднага сэрца, Святло майго зацемненага розуму, Тая, якая выпраўляе ўсялякае маё зло” (св. Яфрэм Сірыйскі).
Сёлета прыпадае 170-я гадавіна з часу абвяшчэння ў 1854 годзе папам Піем IX догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтае вучэнне Каталіцкага Касцёла паказвае ўсю святасць Марыі і нагадвае, што Бог – першы аўтар Яе святасці і кожнага чалавека. Бог заўсёды першы. Яго ласка папярэднічае нашай свабодзе, нашым учынкам. Ён першы нас палюбіў. Чалавечая вера, чалавечая любоў заўсёды з’яўляюцца адказам на папераджальнае дзеянне Бога, які прыцягвае нас да сябе.
Святасць – гэта, хутчэй, дар Бога, чым заслуга чалавека. Марыя “ўся святая”, бо ўся з’яўляецца справай Божай любові. Канешне, гэта не азначае, што Яна мусіла быць такой. Марыя ў пэўным сэнсе знаходзілася ў той жа сітуацыі, што і Ева: была, як і яна, свабоднай, нарадзілася ў “раі”. Аднак рашылася – інакш, чым Ева, – застацца ў ім, сказаўшы Богу “так”. Яна паказвае нам, кім можам быць, калі даверымся Богу цалкам.
Разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй мы павінны спяваць Богу гімн хвалы, бо Ён учыніў праз Яе для нас вялікія рэчы. У Беззаганным Зачацці абсалютна чыстым полымем заззяла Божая міласэрнасць.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч