Часта кажуць, што сённяшні свет чакае нашага відавочнага сведчання веры. Людзі, з якімі сустракаемся ў месцах сваёй вучобы ці працы, мусяць у нас бачыць адважных вызнаўцаў Езуса Хрыста.
Урачыстасць Усіх Святых адзначаецца ў Касцёле 1 лістапада.
Езус Хрыстус не чакае ад усіх аднолькавага сведчання, напрыклад, сведчання мучаніцтва, як у вядомых святых мучанікаў. Не кожны з нас павінен быць таксама такі, як, напрыклад, Ян Павел ІІ ці Маці Тэрэза з Калькуты. Няма нейкай адной “матрыцы” святасці. У праведных людзях дзейнічае Божая ласка, якая дае канкрэтнае ўзрастанне. А сведчаннем і плёнам гэтага будуць учынкі і дзеянні.
Пакліканне да святасці – гэта пакліканне асноўнае, пакліканне, якое не супярэчыць натуры чалавека. Святасць не павінна адразу з’явіцца як здольнасць чыніць цуды ў імя Хрыста, гаворка не пра вялікія рэчы або гераічныя ўчынкі. Гэта галоўнае запрашэнне да жыцця, згоднага з самім сабой, са сваёй ідэнтычнасцю як хрысціяніна.
Да святасці трэба дарастаць дзень за днём і праяўляць яе, перш за ўсё, сваім жыццём і пакліканнем, рабіць звычайныя рэчы незвычайным чынам.
Так, некаторыя святыя здзяйснялі гераічныя ўчынкі, бо такое іх спецыфічнае пакліканне. Але не кожны з нас павінен рабіць тое ж. Святасць – гэта таксама “жыццё схаванае”, такое, як, напрыклад, жыццё нейкай маці, якая выхоўвае дзяцей, маці, якую пакінуў муж або якая не мае яго з іншай прычыны. Калі такая жанчына не здаецца, хоць ёй цяжка, трывае ў веры, то яна ўзрастае ў святасці.
Святасць – гэта, найперш, пражыванне кожнага дня так, як перажываў бы яго сам Хрыстос. У сустрэчах з людзьмі святы чалавек выяўляе дабрыню, разуменне, аддаляе ад сябе падазрэнні і пыху. Гэта заўсёды відавочна для іншых!
Акрамя таго, святасць спрадвеку звязана з якімсьці неразуменнем. Так ужо ёсць! Так было ад самога Хрыста. Часта дарогі, якімі Бог нас вядзе, незразумелыя, часта – наогул дзіўныя: несправядлівыя асуджэнні, адсутнасць даверу і прыняцця з боку іншых, нягледзячы на тое, што чалавек трывае ў добрым. Гэта “педагогіка” Бога. Ён праз такія і іншыя сродкі вучыць нас, бо любіць, любіць сваіх дзяцей.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч