4 верасня адзначаецца літургічны ўспамін адзінаццаці благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка. А ў 2025 годзе будзе адзначацца 150-годдзе з часу заснавання манаскай супольнасці, да якой яны належалі, – Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. З нагоды юбілею выдадзены адмысловы каляндар.
Хто такія сёстры назарэтанкі?
Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта заснавала ў 1875 г. у Рыме Францішка Сядліская, сёння благаслаўлёная Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра. Ужо тады яна заўважала патрэбу апостальства сярод cем’яў, а прыклад і ідэал знайшла ў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Сёння назарэтанкі выконваюць сваю місію ў чатырнаццаці краінах на пяці кантынентах, распаўсюджваючы валадарства Божай любові праз штодзённую малітву, а таксама праз пакорнае, ахвярнае і дбайнае служэнне бліжнім.
Няпростае служэнне назарэтанак на беларускай зямлі
Супольнасць назарэтанак у Гродне паўстала ў 1908 г., першай настаяцельніцай стала с. Паўла Гажыч. Яна шмат рабіла не толькі для апостальства, але і для аднаўлення кляштара назарэтанак і касцёла. З самага пачатку сёстры стараліся быць блізкімі да мясцовых жыхароў, разам з імі перажывалі I і II Сусветныя войны, раздзяляючы цяжкасці і дапамагаючы, чым толькі маглі. У міжваенны перыяд манахіні вялі школу, дзейнічаў навіцыят, які рыхтаваў маладых сясцёр да законнага жыцця. Вартая ўвагі і дабрачынная дзейнасць назарэтанак, за якую адна з іх атрымала Залаты Крыж Заслугі.
“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15,13). Ахвяра, якая была прынятая
У 1929 г. назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак. Пачатак іх служэння быў складаным, але сёстры не гублялі ахвоты і не толькі ўдзельнічалі ў аднаўленні фарнага касцёла, а найперш вялі душпастырскую дзейнасць. У 1931 г. яны заснавалі школу, якая з павелічэннем колькасці вучняў праз тры гады перайшла ў новы будынак. На жаль, пасля распачацця II Сусветнай вайны ў сясцёр забралі школу і кляштар. Манахіні жылі ў мясцовых сем’ях, а сустракаліся ў касцёле.
У 1943 г. арыштавалі значную колькасць жыхароў Навагрудка. Мясцовыя жанчыны горача прасілі назарэтанак аб малітве. Тады ў манахінь з’явілася думка: “Няхай лепш нас растраляюць… будзем маліцца аб гэтым”. Бог прыняў іх ахвяру. Сясцёр выклікалі ў гестапа, а раніцай пасля ночы заключэння вывезлі ў лес і расстралялі. У жывых засталася с. Малгажата, якая шмат гадоў была ахоўніцай навагрудскай Фары, а сёння аб’яўленая Слугой Божай. У 1945 г. целы назарэтанак перавезлі з магілы ў лесе і пахавалі побач са святыняй, а пасля распачацця беатыфікацыйнага працэсу перанеслі ў бакавую капліцу ў касцёле. У 2000 г. Папа Ян Павел II абвясціў сясцёр благаслаўлёнымі.
“Вы – найкаштоўнейшая спадчына Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сясцёр назарэтанак. Вы – спадчына ўсяго Касцёла”, – з такімі словамі звярнуўся Ян Павел ІІ да назарэтанак-мучаніц на іх беатыфікацыі ў Рыме 5 сакавіка 2000 года.
Адмысловы каляндар, выдадзены да 150-годдзя кангрэгацыі
У наступным годзе сёстры назарэтанкі будуць адзначаць 150-годдзе існавання сваёй кангрэгацыі. З гэтай нагоды выдадзены адмысловы каляндар на 2025 год, які дасць магчымасць больш блізкага знаёмства з дзейнасцю назарэтанак у Беларусі. На кожнай яго старонцы – абраз з беларускай святыні, звязанай з дзейнасцю сясцёр, і кароткае апісанне, а таксама натхняльныя словы благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай, заснавальніцы кангрэгацыі.
У сярэдзіне календара змешчаныя чатыры невялічкія буклеты – з гісторыяй назарэтанак, поўнай веры і ахвярнай любові, а таксама назарэтанскія малітвы: Літанія да Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і Літанія да благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц – мучаніц з Навагрудка.
Набыць каляндар можна ў краме пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ў інтэрнэт-краме Dobry-pastyr.by.
Вялікі плён любові
Узіраючыся ў прыклад ахвярнай любові, жыцця і смерці адзінаццаці благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка, хочацца згадаць словы Езуса Хрыста з Евангелля паводле Яна: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12, 24).
Гэтая ахвяра, поўная любові і веры, сапраўды прынесла багаты плён для нашай зямлі, які, можа, цяжка адразу разгледзець і пра які да канца ведае толькі Пан Бог у Сваёй прадбачнасці. Але і сёння гэты плён, напэўна, узрастае на нашай бацькаўшчыне: у новых пакліканнях, навяртаннях да Бога, шчырых малітвах, перамененых лёсах і шматлікіх Божых благаслаўленнях для беларускай зямлі.
Аляксандра Шчыглінская, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі