Яніна Баланава ў свае 84 гады адважна сцвярджае, што “Бог добры і не памятае ніякай крыўды. Ён заўсёды любіць, прымае і дапамагае – толькі звярніся да Яго… І не забывай дзякаваць”.
28 ліпеня – Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей
Спадарыня Яніна дзеліцца, што пачала практыкаваць сваю веру пасля 40 гадоў. “Калі я прыйшла ў касцёл, то не ведала нічога пра Езуса, – прызнаецца жанчына. – У дзяцінстве мама вучыла мяне пацерам і мы супольна маліліся па вечарах. Калі выехала ад бацькоў, забылася пра гэта”.
Выйшаўшы замуж, спадарыня Яніна нарадзіла дваіх дзяцей. Спачатку яны з мужам жылі ў Чашніках (Віцебская вобласць), а пасля пераехалі ў Маладзечна (Мінская вобласць).
Жанчына ўзгадвае, што малілася рэдка. Калі адчула, што стала пагоршвацца здароўе, прыехала да маці: “Пытаю ў яе: «Мама, табе ўжо 70 гадоў, і яшчэ працуеш. Мне 40, а я ўжо не магу і галаву сагнуць». А яна кажа: «Схадзіла б ты ў касцёл…»”.
Святыня тады была адчынена толькі ў Красным, больш за 15 км ад Маладзечна. Спадарыня Яніна гаворыць, што было няпроста даехаць, бо і дзеці, і праца... Муж, праваслаўны, спачатку быў не супраць, але і не “за”. Аднак жанчына разумела, што ёй “трэба ў Краснае”.
Калі ж спадарыня Яніна ўсё ж трапіла ў касцёл, пазнаёмілася там са святаром. Першы раз прыступіла да св. Камуніі і дзяцей прывяла да споведзі. Разам з імі таксама прыняла сакрамант канфірмацыі. Паступова стала часцей хадзіць на св. Імшу. Сабралася ў першую ў сваім жыцці пешую пілігрымку, дзе даведалася пра розныя супольнасці вернікаў.
Спачатку спадарыня Яніна заангажавалася ў рух “Святло-Жыццё”, пасля – у Легіён Марыі. “Калі ў Маладзечне пабудавалі першы касцёл св. Юзафа, то туды прыехалі вернікі з Мінска і арганізавалі Легіён Марыі, – распавядае жанчына. – Спачатку я была сярод «дапаможных», пасля пайшла ў «актыўныя»”.
Праз нейкі час верніца ўжо прымала ўдзел у заснаванні адзінкі Легіёна Марыі ў другой мясцовай парафіі – св. Казіміра. У выніку сама перайшла туды, бо касцёл знаходзіўся бліжэй да дома.
“З Легіёнам мы ездзілі па ўсёй Беларусі і арганізоўвалі новыя суполкі. З мінскай групай у складзе 10 чалавек апынуліся таксама і ў Гродне, – успамінае спадарыня Яніна. – Легіён Марыі быў тады ў фарным касцёле. Мы прыехалі, каб заснаваць іншыя. Кожны легіянер «атрымаў» свой касцёл. Мне выпала парафія Божай Міласэрнасці на Вішняўцы. Разам з паплечніцай з катэдральнай парафіі туды і адправіліся”.
Касцёл у мікрараёне Вішнявец у той час яшчэ будаваўся. Гасцей далікатна папярэдзілі, што парафію ўжо наведвалі ўдзельнікі Легіёна Марыі з Польшчы, але “нічога не арганізавалася”, наўрад ці цяпер атрымаецца. Але ў выніку іх прэзентацыя спадабалася парафіянам і Легіён тут быў утвораны. Па словах спадарыні Яніны, гэтага хацеў і тагачасны пробашч.
Легіён Марыі з’яўляецца самай вялікай супольнасцю свецкіх католікаў у свеце. Яго мэта – абвяшчэнне Божай хвалы і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу.
“Я задумалася, каму даручыць кіраўніцтва па Легіёне. І раптам дала падручнік адной жанчыне, не выбіраючы, – дзеліцца легіянерка. – Яна ж пасля падзялілася, што хацела рабіць нешта такое. Бог кіруе ўсім…”.
Пасля спадарыня Яніна са старэйшай з супольнасці некалькі разоў адведвала Легіён Марыі ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне: “Першыя гады за мной прыязджалі, бо хадзіць мне стала складана. А потым ездзіць я перастала. Апошні раз была ў 2017 годзе на дзесятыя народзіны Легіёна Марыі. Але заўжды малюся, каб іх Легіён быў добры”.
Узгадваючы сябе колішнюю, спадарыня Яніна здзіўляецца, як яе, такую сарамлівую, выкарыстаў для сваіх спраў Бог. “Я цяпер толькі на Яго спадзяюся, – прызнаецца верніца. – Мне ўжо не страшна, не баюся смерці. А калісьці такая была баязліўка… Трэба верыць, верыць, верыць – не сумнявацца і нічога з Богам не баяцца”.
Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская