Урачыстасць Спаслання Святога Духа, якая завяршае Велікодны перыяд у Касцёле, – нагода прыгадаць важныя рэчы пра Святога Духа.
Урачыстасць Спаслання Святога Духа адзначаецца ў Касцёле 19 мая.
Святы Дух – гэта Асоба
Мы не гаворым пра Святога Духа “яно” ці “што”, а толькі “Ён” і “Хто”. Ужо сама мова інтуітыўна падказвае, што Ён з’яўляецца Асобай. Больш за тое, згодна з нашай верай, гэта адна з Асоб Святой Тройцы. Важнымі сімваламі Святога Духа з’яўляюцца павеў ветру (параўн. Дз 2, 2), агонь (параўн. Дз 2, 3) i голуб (параўн. Мц 3, 16).
Святы Дух – гэта паўната Боства
Хоць пра Святога Духа гаворыцца, што Ён трэцяя Асоба ў Святой Тройцы, гэта не азначае, што Ён з’яўляецца кімсьці меншым, чым Бог Айцец ці Божы Сын. Усе тры Асобы ўвасабляюць “паўнату Боства” і “роўныя ў хвале” (пра гэта найбольш падрабязна гаворыць г. зв. Атаназійскае вызнанне веры).
Святы Дух існаваў заўсёды
Хоць часта мы ўпершыню чуем пра Святога Духа з Евангелляў, якія з’яўляюцца элементамі Новага Запавету, Бог заўсёды існаваў у трох Асобах. Калі ж чуем пра Бога ў Старым Запавеце, памятаем, што Ён таксама з’яўляецца як Айцом, так і Сынам, і, канешне, Святым Духам.
Святы Дух дзейнічае ў нас
Святы Дух можа дзейнічаць такім спосабам, які мы яшчэ не ў стане зразумець. Аднак ведаем, што атрымліваем Яго ў першы раз у сакраманце хросту, а свае дары Ён умацоўвае ў нас у момант прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці – канфірмацыі.
Хрысціянін – святыня Святога Духа
Кожны хрысціянін – гэта святыня Святога Духа. Яго ўнутраным багаццем з’яўляюцца харызмы. Найбольш проста і агульна іх можна назваць асаблівымі дарамі Святога Духа, якія ўдзяляюцца ўсім або канкрэтнай асобе для дабра супольнасці Касцёла.
Пра гэта чытаем таксама ў св. апостала Паўла: “Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела. Ці не ведаеце, што целы вашыя – гэта святыня Святога Духа, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым” (1 Кар 6, 18–20).
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч