Функцыя біскупа-каад’ютара апісана ў Кодэксе кананічнага права ў канонах 403-411.
Як сказана ў каноне 403 § 3,”калі Святая Сталіца палічыць гэта больш карысным, яна можа сваёй уладай устанавіць біскупа-каад’ютара, надзеленага спецыяльнымі паўнамоцтвамі; біскуп-каад’ютар мае права наступства”.
Біскуп-каад’ютар, як і дапаможны біскуп, мае правы і абавязкі, акрэсленыя прадпісаннямі Кодэкса кананічнага права і ўдакладненыя ў лісце аб прызначэнні.
Каад’ютар, падобна як дапаможны біскуп, прызначаецца для таго, каб дапамагаць дыяцэзіяльнаму біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй, a таксама замяшчаць яго падчас адсутнасці або пры наяўнасці перашкодаў.
Біскуп-каад’ютар заўсёды павінен з’яўляцца генеральным вікарыем.
Каад’ютар становіцца на чале дыяцэзіі з хвіліны, калі біскупская сталіца становіцца вакантнай. У практыцы гэта азначае, што кс. канонік Уладзімір Гуляй, які 5 красавіка быў прызначаны біскупам-каад’ютарам Касцёла на Гродзеншчыне, будзе служыць у Гродзенскай дыяцэзіі як дапаможны біскуп да часу сыходу ў адстаўку сённяшняга ардынарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Біскуп Кашкевіч кіруе Гродзенскай дыяцэзіяй з моманту яе заснавання – з 1991 года. Сёлета ў верасні іерарху споўніцца 75 гадоў.
Кс. Юрый Марціновіч