У жыцці Касцёла сродкі масавай камунікацыі не толькі выконваюць важную інфармацыйную ролю, але з’яўляюцца таксама носьбітам Добрай Навіны. Яны служаць справе евангелізацыі і ўмацаванню сувязі з супольнасцю Касцёла.
Дыяцэзіяльныя мас-медыя
“У Гродзенскай дыяцэзіі з 1997 года выдаецца газета «Слова Жыцця». За апошнія гады ажывілася праца інтэрнэт-партала grodnensis.by. Ёсць таксама тэлестудыя, якая час ад часу рыхтуе кароткія матэрыялы пра бягучыя падзеі ў мясцовым Касцёле, і дыяцэзіяльнае выдавецтва, – адзначае кс. канонік Юрый Марціновіч, адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі. – Цяжка сказаць, што гэтага шмат, бо гэтага ўсё яшчэ мала! Хацелася б, каб на нашай інтэрнэт-старонцы было яшчэ больш навін, каб усё гэта «ішло» пастаянна… Аднак трэба таксама ўзяць пад увагу, што колькасць нашых супрацоўнікаў недастатковая, каб быць усюды. Мы не ў стане забяспечыць працай дадаткова людзей, запэўніць ім годнае ўзнагароджанне. У маёй сённяшняй сітуацыі таксама не заўсёды лёгка спалучыць абавязкі рэдакцыі з іншымі заняткамі, хаця б са служэннем у парафіі, дзе таксама трэба аддаваць усяго сябе. Але несумненна адно: мы стараемся і ўкладваем у нашы дыяцэзіяльныя мас-медыя ўсё сваё сэрца і час”.
Разам з гэтым, на карысць евангелізацыі і камунікацыі ў Касцёле сёння служаць і іншыя ініцыятывы ў Гродзенскай дыяцэзіі: у манаскіх супольнасцях, рухах, асацыяцыях, групах, парафіях. І ўклад кожнага ў гэтую справу па-сапраўднаму неацэнны.
Твар касцёла і парафіі
У 2018 годзе ў Сапоцкіне выпусцілі эксперыментальную версію парафіяльнай газеткі. І яна дагэтуль выходзіць раз на тыдзень накладам 180-200 экземпляраў. Даволі неблагі расклад для супольнасці з сельскай мясцовасці! Парафіяне нават самі выбралі назву праз галасаванне – “Głos parafii”. У газетцы публікуюцца парафіяльныя аб’явы, інтэнцыі св. Імшаў, каментарыі да Евангелля і інш.
Найбольш вядомыя святыні ў нашай дыяцэзіі маюць асобныя інтэрнэт-старонкі. Гэта катэдральная базіліка св. Францішка Ксаверыя – маці ўсіх касцёлаў Гродзеншчыны (katedra-grodno.by), касцёл св. Казіміра ва Уселюбе – адзін з найстаражытнейшых у Беларусі (natusest.com), санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (trokiele.by) і Пана Езуса Журботнага ў Росі (parafia-w-rosi.by). Там можна пазнаёміцца з гісторыяй святынь, іх душпастырамі і жыццём, запланаваць свой візіт або скласці ахвяраванне. На сайце гродзенскай катэдры актыўная спасылка на анлайн-трансляцыю св. Імшаў. Прамое вяшчанне ў рэжыме рэальнага часу вядзецца з часоў пандэміі.
З жаданнем стварыць уласны сайт у 2021 годзе выступіла парафія св. Юрыя ў Варнянах (varnyany.www.by). “У нас, на Астравеччыне, усе чулі пра касцёл у Гервятах. А чаму б людзям не даведацца пра Варняны? Таксама маем цікавую гісторыю і прыгожы, старадаўні касцёл, – распавядае Юрый Адула, які звярнуўся да пробашча з адпаведнай прапановай. – Спярша вернікі аднесліся да «піяру» парафіі з асцярогай. Спадылба назіралі, як раблю нейкае фота на Імшы. А цяпер ужо чакаюць навіны на сайце, непакояцца, калі штосьці не выходзіць своечасова. Асабліва рады бачыць знаёмыя месцы і твары людзі, якія выехалі за межы парафіі. Дзякуюць”.
Максімальны ахоп аўдыторыі на сайце варнянскай парафіі – 15000 праглядаў у дзень. У сярэднім – 4000-5000. Прытым што ў самой парафіі налічваецца да 2000 чалавек.
У сусветным сеціве таксама прадстаўлены шматлікія ордэны і інстытуты кансэкраванага жыцця, прысутныя ў нашай дыяцэзіі: салезіяне (sdb.by), рэдэмптарысты (redemptor.by), піяры (pijary.info), паўліны (pauliny.by), кармэліты босыя (karmel.by), францішкане (francishkanie.by), палатыны (pallatyny.by) і інш. На сайтах іх дэлегатур у Беларусі можна знайсці інфармацыю пра гісторыю, харызму, а таксама пра дзейнасць манаскіх супольнасцей. Там жа публікуюцца навіны з мясцовых парафій, дзе яны нясуць сваё служэнне.
Эра сацсетак
Сёння амаль у кожнай парафіі ёсць уласны акаўнт у сацыяльных сетках. Гэта вельмі зручная пляцоўка для размяшчэння навін і аб’яў (часам гэтую інфармацыю пробашчы публікуюць на асабістых старонках). Яна адметна яшчэ і тым, што мае інтэрактыўны характар: тут парафіяне могуць пакідаць свае рэакцыі, каментарыі, задаваць пытанні, дзяліцца фота- і відэаматэрыяламі з жыцця супольнасці.
“Вернікі з іншых парафій могуць назіраць за тым, як мы жывём, як перажываем святы, – распавядае Раман Ярмош, які вядзе сацыяльныя сеткі Іўеўскага дэканата. – Так нашу традыцыю стварэння славутых кветкавых дываноў на працэсію Божага Цела перанялі вернікі са Смаргоні. На мой погляд, не трэба баяцца сацсетак – наадварот, іх развіваць. Не трэба баяцца давяраць гэтую справу моладзі. Яна часта зацікаўлена, каб весці акаўнты сваіх парафій, малітоўных груп і супольнасцей. Гэта яўна не прападзе і будзе мець добры плён”.
Як тлумачыць кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, вядзенне сацыяльных сетак з’яўляецца для яго практычным душпастырствам: “Гэта хуткае распаўсюджванне інфармацыі, аператыўная зваротная сувязь. Літаральна апошні прыклад з жыцця. Як нападала шмат снегу, я напісаў у парафіяльную групу: «Хадзем адкопваць касцёл». І за гадзіну-паўтары актывізавалася 35 чалавек! Так і з рэкалекцыямі: мы аб’явілі – і хутка месцы запоўніліся. Гэта вельмі карысны душпастырскі інструмент, які дапамагае эканоміць час і сродкі”.
“Хацелася б, каб святары, асабліва маладыя, выкарыстоўвалі ў евангелізацыйных мэтах увесь спектр магчымасцей, якімі валодаюць сродкі масавай камунікацыі і інтэрнэт, – зазначае кс. Юрый Марціновіч. – Важна, каб яны станавіліся духоўнымі асобамі новага часу, якія ведаюць і разумеюць патрэбы сучасных вернікаў і здольныя іх падтрымліваць; каб усталёўвалі дыялог і шчырыя адносіны з парафіянамі, накіроўваючы іх шляхі ў бок Касцёла і веры, даказваючы, што Божае слова прысутнічае ўсюды – не толькі ў касцёльных сценах”.
Для аб’яднання
У 2020 годзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч даў сваё бласлаўленне на выданне буклета пад назвай “Непорочное сердце Марии восторжествует!”. Група прыхільнікаў марыйнай духоўнасці арганізавалася ў невялікую рэдакцыю і выпусціла ўжо амаль паўсотні нумароў (выходзіць у першыя суботы месяца). “Мы не рэдактары, не журналісты ці пісьменнікі. Мы проста дзеці, якія вельмі любяць сваю нябесную Маму! – распавядае Святлана Саковіч, якая з’яўляецца сведкай паўстання дадзенай ініцыятывы. – Распаўсюджваем буклет сярод сяброў, знаёмых... Запрашаем усіх наблізіцца да Бога праз Марыю”.
Але час такі, што чалавецтва зараз жыве адной нагой у сусветнай лічбавай прасторы, таму амаль усё там! Вернікі як удзельнікі пэўных рухаў, асацыяцый ці як парафіяльныя “падраздзяленні” (напрыклад, моладзь, міністранты) утвараюць аб’яднанні для душпастырска-асветніцкай дзейнасці. Там можна знайсці фармацыйныя матэрыялы, справаздачы з сустрэч і г. д.
У месенджарах, як правіла, таксама ствараюцца групы па інтарэсах. Даволі зручна падтрымліваць сувязь і аператыўна абменьвацца звесткамі. Існуюць і тэматычныя суполкі, напрыклад, для разважання над Божым словам, прысвечаныя штодзённым медытацыям і г. д.
Ад тэксту да карцінкі
Найбольшай папулярнасцю зараз карыстаецца аўдыёвізуальны кантэнт. Як адзначае адміністратар партала grodnensis.by, “да 50-ці тысяч могуць быць прагляды reels у Іnstagram”. Усё большую распаўсюджанасць набірае сервіс для стварэння кароткіх відэа TikTok.
Сёння папулярныя таксама інтэрв’ю са святарамі або свецкімі асобамі, якія запісваюць прадстаўнікі розных рухаў. Гэта заўсёды актуальны фармат, людзям падабаецца. Калі гаварыць пра адно з самых вядомых каталіцкіх відэа на сённяшні дзень у дыяцэзіі, то гэта як святар са Слоніма спявае сужэнцам “Аллилуйя” на шлюбе (з 2014 года відэа набрала 1,5 млн праглядаў).
“Інтэрнэт-евангелізацыя павінна весці асабліва маладое пакаленне людзей, якія гадзінамі сядзяць у віртуальным свеце і запанібрата з мас-медыя, да жывога Касцёла, да парафіяльнай супольнасці, да супольнасці людзей, якія вераць, моляцца, удзельнічаюць у св. Імшах, прымаюць сакраманты. Сусветная сетка тут толькі як інструмент, – падкрэслівае кс. Юрый Марціновіч. – Нельга замяняць актыўнае жыццё ў Касцёле «жыццём у сетцы» – гаворка не пра альтэрнатыву. Супольнасць Касцёла адна, жывая, у парафіях. А сродкі масавай камунікацыі павінны ў гэтым толькі дапамагаць і да гэтага весці”.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла