Мы, людзі веруючыя, нярэдка задумваемся, што павінна быць фундаментам кожнай каталіцкай сям’і. Задумваемся, што павінна аб’ядноўваць нашы хрысціянскія дамы, каб яны былі прасякнуты духам разумення і прабачэння.
Здаецца, ёсць выключныя сем’і, дзе ўсе яе члены жывуць у адзінстве і згодзе, узаемнай павазе і вялікай любові. Хочацца таксама знайсці сродак, дзякуючы якому можна пазбегнуць шматлікіх спрэчак і непаразуменняў з самымі блізкімі.
Свята Святой Сям’і, якое перажываем кожны год адразу пасля Божага Нараджэння, дапамагае знайсці адказ на гэтыя пытанні. Каталіцкую сям’ю, акрамя сувязяў крыві і блізкіх адносін, аб’ядноўвае, найперш, вера, якая заўсёды з’яўляецца вялікім скарбам і дарам для чалавека. І найважнейшымі адносінамі для кожнага верніка павінны быць тыя, які датычацца Пана Бога. Вера ў Бога і давер Яго Провіду фарміруюць сувязі паміж асобнымі роднымі.
Езус Хрыстус, стаўшы Чалавекам, увайшоў у сям’ю. Такім чынам Ён спазнаў першую школу любові і жыцця. Рашэнне Збаўцы нарадзіцца і жыць у зямной сям’і ўзносіць яе годнасць на вышэйшы ўзровень.
У нас няма амаль ніякай інфармацыі, як выглядала жыццё Святой Сям’і, з якімі цяжкасцямі яна змагалася штодзень. Мы ведаем толькі пра тыя сітуацыі, якія мусілі пераадолець Марыя з Юзафам на самых пачатках прыйсця ў свет Езуса: пошук месца для нараджэння Немаўляці, потым уцёкі ў Егіпет ці трохдзённыя пошукі Сына, калі Ён згубіўся ў ерусалімскай святыні.
Складзеныя для малітвы рукі бацькі ці маці – найцудоўнейшае казанне, якое можна без слоў прамовіць дзецям.
Св. папа Павел VI у прамове, якую сказаў у Назарэце ў 1964 г., назваў тры парады, якія датычаць таго, як павінна выглядаць сямейнае жыццё па ўзоры Святой Сям’і. Гэтае маўчанне, той недахоп інфармацыі аб падрабязнай рэчаіснасці Святой Сям’і і з’яўляецца першай парадай. Езус, Марыя і Юзаф доўгі час вялі звычайнае жыццё, пазбаўленае вядомасці. Другая парада: Святая Сям’я можа стаць для нас таксама ўзорам працы, якая з’яўляецца адной з асноўных задач, дадзеных людзям Богам. І трэцяя парада: Сям’я з Назарэта дае каштоўны ўрок сямейнага жыцця, якое грунтуецца на любові, што напоўнена “суровай і простай прыгажосцю”, а таксама “святым і непарыўным характарам”.
Такое глыбокае жыццё назарэтанскай сям’і не было б магчымым, калі б не супольна вызнаваная вера. Больш за тое, Марыя і Юзаф пастаянна мусілі сутыкаць сваю веру з тым, што Дзіця, якое расло ў іх доме, было адначасова іх Богам.
Кожны хрысціянін павінен быць наступнікам Езуса, таму будзем таксама ў нашых сем’ях наследаваць жыццё Святой Сям’і – Езуса, Марыі і Юзафа.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч