Skip to main content

Урачыстасць у Юбілейным!

strubnica 327 чэрвеня, у свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі, адбудзецца кансэкрацыя касцёла пад гэтым тытулам у аграгарадку Юбілейны (дэканат Масты).

Касцёл з’яўляецца філіяльным і належыць да парафіі Струбніца. Раней мясцовыя вернікі дабіраліся туды або ў бліжэйшыя касцёлы ў Крамяніцу, Рось… Пасля на месцы католікам для малітвы было выдзелена памяшканне пральні, якое сёння служыць інтэрнатам для работнікаў сельскай гаспадаркі.

З 2004 года ініцыятыўная група з бласлаўлення біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча распачала збор дакументаў на будаўніцтва касцёла. І вось ужо 10 гадоў, як у аграгарадку ўзвышаецца святыня. Святар даязджае сюды па нядзелях і на святы.

Мясцовая супольнасць налічвае каля 200 вернікаў. Свой прытулак тут знаходзяць вернікі з бліжэйшых вёсак – Няверавічы, Кутнікі, Маісеевічы, Кукуці.

– Людзі вельмі актыўныя, неабыякавыя, – распавядае кс. Генадзь Добрук, пробашч парафіі. – Заўсёды дбаюць пра парадак у касцёле, клапоцяцца пра добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. У мінулым годзе агарадзілі касцёл. Высадзілі кветкі, зеляніну.


strubnica 1

Касцёл у Юбілейным быў пабудаваны ў 2013 г.


Па словах святара, вернікі заўзята і з імпэтам самакаардынуюцца. І служэнне пры алтары наладзяць, і спеў на літургіі арганізуюць. Людзі сапраўды адчуваюць сябе тут як дома.

У галоўным алтары касцёла месціцца ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Яе копію напісаў Станіслаў Кузьмар, мастак з Ваўкавыска. Абраз адметны тым, што ўшаноўваецца як у заходняй, так і ва ўсходняй традыцыі. Згодна мастацкаму апісанню, Немаўля ўбачыла арханёла Міхала з дзідай і ісопам, у страху павярнулася – і са ступні зляцеў сандаль. Напружаны, Езус углядаецца ў арханёла Габрыэля з крыжом і цвікамі. Паўсюль бачыць свае пакуты. Туліцца да Найсвяцейшай Маці, трымае за руку, што сімвалізуе Яе моц. Багародзіца нібы стараецца абараніць Сына. У гэтым назіраецца еднасць Панны Марыі з Божай моцай. У струбніцкім парафіяльным касцёле дадзеная ікона таксама займае сваё пачэснае месца.

Хутка сцены святыні ў Юбілейным будуць акроплены, а алтар намашчаны алеем. Урачыстая св. Імша, падчас якой адбудзецца абрад кансэкрацыі, будзе цэлебравана ў 19.00. Яе ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На тэрэторыі Гродзенскай дыяцэзіі касцёлы пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі знаходзяцца таксама ў Парэччы, Карэлічах, Ізабеліне.

Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Пакачайла

 

Рэдагавана: 26 Чэрвеня 2023