Быстрыца – калыска Астравеччыны. З яе пачалася гісторыя рэгіёна. На працягу трох тыдняў Быстрыца была сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, служыла прытулкам караля Ягайлы, які ў 1390 годзе заснаваў тут драўляны касцёл і кляштар, запрасіўшы ў мястэчка манахаў з Ордэна Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў.
У ваколіцах Быстрыцы нарадзіўся таксама бл. Міхал Гедройць, які склаў свае манаскія абяцанні ў мясцовым кляштары. Сёння яго рэліквіі захоўваюцца ў тутэйшай мураванай святыні Узвышэння Святога Крыжа, якая была ўзведзена ў 1523 годзе замест зруйнаванага драўлянага храма.
Адзін з самых яскравых фактаў у лёсе касцёла – тое, што за сваю паўтысячную гісторыю існавання ён не быў зачынены ніводнага дня. Яму ўдалося захаваць сваю галоўную функцыю нават у часы савецкага атэізму – зразумела, дзякуючы намаганням вернікаў і духавенства.
Сярод людзей, якія дбалі пра безупынную дзейнасць святыні, вылучаецца кс. Клемас Лікша, які быў з мясцовых. Калі пачала ўсталёўвацца камуністычная ўлада, многія святары з наваколля вярнуліся ў Польшчу, але быстрыцкі ксёндз вырашыў застацца са сваёй паствай. Саветы перасялілі яго з утульнай плябаніі ў лядашчую хату – з працякаючым дахам і скразнякамі. У гэтай халупе пробашч моцна захварэў і неўзабаве памёр.
Ушанаванне рэліквій бл. Міхала Гедройця ў быстрыцкай парафіі
Без святара касцёл хацелі зачыніць, але вернікі не далі: пісалі лісты з адпаведнымі просьбамі ў Маскву, збіралі грошы па дамах і своечасова плацілі падаткі, з уласнага ашчадку рамантавалі святыню. Маліліся адны, без ксяндза – проста збіраліся разам у касцёле, адмаўлялі Ружанец, чыталі літаніі.
На працягу апошніх 11-ці гадоў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа з’яўляецца кс. Казімір Ляховіч. Ураджэнец Адэльска, ён вучыўся ў падпольнай семінарыі. А атрымаўшы дыяканскае пасвячэнне, адначасова са служэннем працаваў паштальёнам і вартаўніком, каб мець сродкі для жыцця і не выклікаць падазрэнняў у савецкай улады.
“Калісьці Быстрыца была горадам, а сёння жыхароў мала, збольшага сталыя людзі. Уся моладзь уцякае з вёскі. Таму пры парафіі дзейнічае толькі ружанцовая малітоўная група і хор. Адной маёй харыстцы 82 гады, другой – 97! Яны зацягваюць спеў, а астатнія вернікі падхопліваюць, – дзеліцца святар. – Запрашаю да нас на юбілейныя ўрачыстасці. Распачнём святкаванне каля цудадзейнай крыніцы. Магчыма, зладзім канцэрт. Прыязджайце!”.
Праграма ўрачыстасцей з нагоды 500-гадовага юбілею касцёла ў Быстрыцы
23 чэрвеня, 20.00 – асвячэнне Святаянскай крыніцы*, фігуры св. Яна Хрысціцеля і крыжа;
24 чэрвеня, 12.00 – св. Імша з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, асвячэнне памятнай табліцы.
Святаянская крыніца – крыніца з гаючай вадой побач з в. Быстрыца. Каля яе ўстаноўлена каталіцкая капліца.
Бл. Міхал Гедройць – апякун хворых і закрыстыянаў
Бл. Міхал паходзіць, верагодна, з аднаго з найбольш знакамітых княжацкіх родаў ВКЛ. З дзяцінства меў інваліднасць – на працягу ўсяго жыцця хадзіў з мыліцай. Гэтая акалічнасць, а таксама нізкаросласць паспрыялі таму, што хлопец імкнуўся да самотнага жыцця.
Атрымаў ступень бакалаўра ў філасофіі і склаў манаскія шлюбы. Аднак застаўся братам, не прымаючы святарскага пасвячэння – да смерці служыў закрыстыянінам у кракаўскім касцёле св. Марка. Вартаваў святыню, прыбіраў яе. Клапаціўся пра прыгажосць алтароў, даглядаў Найсвяцейшы Сакрамант і служыў падчас св. Імшы міністрантам. Жыў у маленькім пакойчыку каля ўвахода ў касцёл.
Манах быў вядомы сваёй сціпласцю, пакорай і схільнасцю быць у цені. Дні і ночы праводзіў на малітве і сузіранні. Быў аскетам, бічаваў сябе, пасціўся. Асаблівай пашанай атуляў Езуса Укрыжаванага, які, паводле традыцыі, прамаўляў да бл. Міхала з крыжа. Словы Хрыста гучалі наступным чынам: “Будзь цярплівы да смерці, і дам табе вянец жыцця”.
Паслуга закрыстыяніна дала бл. Міхалу магчымасць практыкавання любові да бліжняга. Кульгавы, нізкарослы манах прыцягваў людзей такіх, як ён, з абмежаванымі магчымасцямі, бедных, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, парадзе і малітве. Меў дар выпрошваць для іх цудоўныя ласкі аздараўлення.
Рэліквіі бл. Міхала Гедройця былі ўнесены ў быстрыцкі касцёл у 2017 годзе. Штогод 4 мая ў яго гонар у парафіі адбываецца ўрачыстая св. Імша. Вернікі таксама моляцца літаніяй да земляка, вынесенага да хвалы алтара.
Паводле "Слова Жыцця",Ангеліна Марцішэўская