Наколькі сёння ў дыяцэзіі задаволена патрэба ў святарах? Ці існуе праблема недахопу святарскіх кадраў? Шукайце адказы ў аглядзе, падрыхтаваным на аснове афіцыйных дадзеных Каталіцкага Касцёла ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Душпастырская статыстыка
Усяго на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ўтворана 161 парафія. Пад сталай душпастырскай апекай знаходзяцца 127 супольнасцей вернікаў.
У парафіяльным душпастырстве – па звестках на 1 студзеня 2023 года – задзейнічаны 180 святароў (134 дыяцэзіяльных святара і 46 святароў з манаскіх кангрэгацый і ордэнаў). Калі ўзяць у разлік прыкладную колькасць католікаў у Гродзенскай дыяцэзіі – 300 тысяч, то атрымліваецца, што 1 святар прыходзіцца ў сярэднім на 1,5–2 тысячы вернікаў.
На тэрыторыі дыяцэзіі таксама нясуць паслугу каля 120-ці манахінь і 3 браты (не задзейнічаны ў душпастырскай працы як святары).
11 святароў, інкардынаваных да Гродзенскай дыяцэзіі, знаходзяцца за межамі дыяцэзіі. З іх 4 служаць у іншых дыяцэзіях Беларусі, 5 – за межамі краіны, 2 атрымліваюць дадатковую адукацыю. Падобна з гэтым, у Гродзенскай дыяцэзіі з душпастырскай паслугай дапамагаюць святары, інкардынаваныя да іншых дыяцэзій.
З 2016 года каля паўсотні святароў атрымалі ганаровы тытул каноніка. Адпаведнае распараджэнне выдае сваім дэкрэтам біскуп Аляксандр Кашкевіч. Святары, надзеленыя кананічнай годнасцю, утвараюць у Гродзенскай дыяцэзіі асаблівы інстытут – катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра. Яго члены могуць служыць біскупу парадай ці выконваюць пэўныя яго даручэнні.
За заслугі перад Касцёлам 3-ом святарам з дыяцэзіі нададзены тытул ганаровага прэлата Яго Святасці і яшчэ 1-му святару – тытул капелана Яго Святасці. Адпаведнымі званнямі ў выключных выпадках надзяляе сам Папа Рымскі.
Перспектыва святарства
Больш за 30 гадоў у Гродзенскай дыяцэзіі дзейнічае духоўная семінарыя, якая рыхтуе будучых святароў. У 2018 годзе па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі яна набыла статус міждыяцэзіяльнай. Такім чынам, у Гродне цяпер знаходзіцца адзіная дзеючая вышэйшая духоўная навучальная ўстанова ў краіне, дзе рыхтуюць святарскія кадры. Яе выпускнікі нясуць паслугу не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: у Расіі, Украіне, Літве, Казахстане, Італіі, Ізраілі, краінах Паўднёвай Амерыкі.
У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі сёння навучаецца 29 кандыдатаў да святарства, 16 з якіх паходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі. На жаль, гэта менш, чым вучылася на самым І курсе семінарыі, калі яна была толькі ўтворана (37 – у 1990 годзе).
“Канешне, тэндэнцыя памяншэння колькасці пакліканняў выклікае некаторы неспакой. Але трэба разумець: гэта вызначае зрэз таго, што адбываецца ў грамадстве, гэта адказ на запыт чалавечай супольнасці. У адзін час больш пакліканняў, у другі – менш. Нельга пераўтварыць уступную кампанію ў семінарыі ў агітацыю. Пакліканне – гэта дар Божы... Відавочна, Касцёл сёння перажывае нялёгкія часы. Але за любым крызісным перыядам назіраецца пэўны пад’ём, рост. Пытанне толькі ў тым, наколькі гэты перыяд зацягнецца”.
Семінарыйная фармацыя працягваецца 7 гадоў. Акрамя духоўнай, інтэлектуальнай, пастырскай падрыхтоўкі, шмат увагі ўдзяляецца станаўленню маладых людзей як асоб, фарміраванню ў іх сістэмы каштоўнасных арыенціраў.
У мінулым годзе на І курс семінарыі было залічана 5 юнакоў. Чарговы набор распачнецца ўлетку.
“Вытворчасць” святароў
З часоў утварэння Гродзенскай дыяцэзіі найбольш урадлівым на святарскія пасвячэнні быў перыяд 1999–2001 гг. Толькі за 2 гады дыяцэзія атрымала 31-го новага святара (у параўнанні да 1991–1998 гг., калі за 7 гадоў былі пасвечаны 33 святары).
Найбольш прэзбітэрскіх пасвячэнняў адбылося ў 2003 годзе. Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамант святарства 13-ці кандыдатам. Усяго дыяцэзія ўзбагацілася на 17 новапрэзбітэраў.
“Вельмі прыгожая ўрачыстасць была 31 мая амаль 20 гадоў таму ў прыгожым неагатычным касцёле ў Ліпнішках. Я перажываў важны дзень у сваім жыцці. Побач былі браты з ордэна Меншых Братоў Капуцынаў і біскуп Антоній Дыдыч, які спадарожнічаў мне на дарозе паклікання. З яго рук я прыняў сакрамант і распачаў свой святарскі шлях… Сэрца радавался і ўзносілася ў вышыню, дзякуючы за гэты вялікі дар, які даў мне Нябесны Айцец”.
А. Юрый Катовіч OFMCap, пробашч парафіі св. Андрэя апостала ў Слоніме
Пікавым на святарскія пасвячэнні быў яшчэ 2007 год, калі сакрамант прынялі 13 кандыдатаў. Пасля назіраецца спад – і з таго часу прыбывае на 2-7 новых святароў у год. Адметна і тое, што не было такога перыяду, каб у дыяцэзіі не “нарадзіўся” святар.
Для ўмацавання Касцёла
Вельмі важнай з’яўляецца малітва за святароў, каб яны выстаялі ў сваім служэнні, не ўпалі. Або калі ўпалі, то падняліся. Мелі жаданне і бачылі неабходнасць узрастаць у святасці, удасканальваць уласныя кампетэнцыі. Святар – гэта ўзор! Бадай жа так павінна быць.
“Святары патрабуюць малітоўнай падтрымкі. Гэта духоўна садзейнічае ім у выкананні сваіх абавязкаў, душпастырскай паслугі. Думаю, заступніцкая малітва дапамагла не аднаму святару супрацьстаяць у нейкай спакусе, перажыць цяжкую сітуацыю… Яна мае велізарную каштоўнасць! Святар часам можа не ведаць, што за яго моляцца, хто за яго моліцца, але гэта ніяк не памяншае значэння і моцы малітвы”.
Члены апостальскага руху “Маргарытка” складаюць вечнае абяцанне малітвы, г. зн. да канца жыцця. Штодзённа яны ахінаюць сваёй апекай святароў і кансэкраваных асоб, а таксама моляцца аб пакліканнях і падтрымліваюць кандыдатаў, што рыхтуюцца да святарскага і манаскага жыцця.
Сёння гэта сапраўды багаты кветнік, які ўпрыгожвае Касцёл! У апостальскім руху “Маргарытка” на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі афіцыйна зарэгістравана больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. І гэта не канчатковая лічба, бо ў некаторых парафіях малітоўныя групы могуць існаваць па прыватнай ініцыятыве і нідзе не значыцца. Колькасць жадаючых уступіць у апостальскі рух пастаянна расце.
Перыядычна ўдзельнікі апостальства збіраюцца на супольную св. Імшу, ладзяць сустрэчы з нагоды розных свят. Апошнім часам для іх арганізуецца дыяцэзіяльная сустрэча ў Тракелях. Сёлета яна запланавана на 24 чэрвеня.
Пане, дай нам пастыраў!
30 красавіка, у Нядзелю Добрага Пастыра, распачынаецца Сусветны тыдзень малітвы аб пакліканнях да службы ў Касцёле. Усе вернікі асаблівым чынам заахвочваюцца, каб маліцца аб новых “работніках жніва”. Менавіта з ласкі Бога і клопату самой паствы нараджаюцца духоўныя лідары, заданне якіх – весці людзей у Нябеснае Валадарства.
Часта ад моманту распазнання да прыняцця Божага паклікання вельмі доўгі шлях. І акурат у дадзены перыяд выбраны для асаблівай місіі чалавек прагне падтрымкі, якая б яго ўзмацніла ў няпростым рашэнні, надала ўпэўненасці.
41 святар мае ганаровы тытул каноніка
Найбольшы досвед у святарстве – 60 гадоў
64 святары адышлі па ўзнагароду да Бога (з 1991 г.)
Свет патрабуе верных сведкаў Евангелля, духоўных аўтарытэтаў, пастыраў, каб не заблукаць на раздарожжах сучаснасці. Яны дапамагаюць чалавеку распазнаць сапраўдныя каштоўнасці і не разменьвацца на дробязі, якія “з’ядаюць” жыццё. “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Mц 9, 37–38). Запрашэнне да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў не губляе сваёй актуальнасці і сёння.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла