Skip to main content

Пераклад Кодэкса – чарговы этап развіцця Касцёла ў Беларусі

kodeks 2Кодэкс кананічнага права – адзін з асноўных прававых дакументаў Каталіцкага Касцёла. Ён быў прыняты ў Ватыкане папам Янам Паўлам ІІ 40 гадоў таму, у 1983 годзе. У канцы мінулага года ў Мінску адбылася прэзентацыя перакладу Кодэкса на беларускую мову. Пра працу над выданнем распавядае кс. канонік Андрэй Зноска, юрысконсульт Гродзенскай дыяцэзіі і перакладчык Кодэкса.

– Можа ўзнікнуць пытанне аб тым, навошта ўвогуле Касцёлу мець сваё ўласнае права. Калі Касцёл з’яўляецца супольнасцю любові і веры, то прычым тут права?

– Касцёльнае права ўзнікае пры сутыкненні ідэалізму з прозай жыцця. У духоўным вымярэнні Касцёл – гэта містычнае Цела Хрыста, Выбранніца Божая. У той жа час Касцёл з’яўляецца зямной, складзенай з асобных людзей рэчаіснасцю, якая патрабуе ўпарадкавання. Моцна ўтрыруючы, гэта падобна на сям’ю, з’яднаную ўзаемнай любоўю і павагай, у якой, аднак, існуюць правілы: у ботах па доме не ходзім, есці трэба на кухні, адны другіх не перабіваем. Наяўнасць правіл не адмяняе любові.

Касцёльнае права бярэ пачатак з пастаноў апосталаў. Яно развівалася, праходзіла шматлікія ўзлёты і заняпады. Яно дынамічнае і, напэўна, будзе развівацца далей. Гаворыцца, што права заўсёды ідзе за жыццём.

– Распавядзіце, калі ласка, гісторыю перакладу Кодэкса кананічнага права на беларускую мову.

– Ініцыятарам, арганізатарам, дзеючай сілай і добрым апекуном працы над перакладам Кодэкса на беларускую мову стаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Арцыбіскуп Антэ – жывы прыклад таго, што для мэтанакіраванага чалавека няма такой рэчы, як праблема, ёсць толькі выклік, на які трэба адказаць. Прыехаўшы ў Беларусь, ён сутыкнуўся з тым, што калі ў дыпламатычнай працы ў розных афіцыйных дакументах трэба было выкарыстаць кананічную прававую тэрміналогію, пэўныя спецыфічныя выразы, яму прапанавалі розныя варыянты тэрмінаў і выразаў. І калі на пытанне, якая тэрміналогія ўжываецца ў Кодэксе, пачуў, што ў нас яшчэ няма перакладу Кодэкса на беларускую мову, то сказаў: “Першае, што я хацеў бы зрабіць для Касцёла ў Беларусі, – дапамагчы ў дадзенай справе”. Я вельмі ўдзячны арцыбіскупу Антэ за яго рашучасць, за тое, што ў яго словы не разыходзяцца са справай.

Праца над перакладам працягвалася каля двух гадоў. Я рабіў свой пераклад, а кс. Дзмітрый Пухальскі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выкарыстоўваў свой пераклад, які рыхтаваў даўно, яшчэ падчас вучобы ў Італіі. Мы сустракаліся ў “анлайне” некалькі разоў на тыдзень, ён з Заслаўя, я з Ліды. Разам слова за словам учытваліся ў лацінскі тэкст Кодэкса і ў цесным супрацоўніцтве, у абмеркаваннях, у дыскусіях выпрацоўвалі аднастайны падыход да перакладу канонаў. У друк пайшла канчатковая версія, якая аб’яднала два нашых пераклады. І цяпер я сам з цяжкасцю распазнаю, які выраз пераклаў я, а які – кс. Дзмітрый.

Кодэкс кананічнага права – гэта своеасаблівы збор касцёльнага заканадаўства. У ім сабраны нормы, якія ўстанаўліваюць агульныя прынцыпы ўладкавання касцёльнай супольнасці, парадак ажыццяўлення ўлады, прызначэнне на розныя пасады, правы і абавязкі асоб, жыццё такіх частак Касцёла, як парафіі і дыяцэзіі, прапаведаванне Божага слова і ўдзяленне сакрамантаў. Кодэкс змяшчае таксама нормы аб адміністраванні маёмасцю, касцёльных злачынствах і працэсах, якія вядуцца ў касцёльных судах. Гэты Кодэкс абавязвае толькі Лацінскі Касцёл, гэта значыць католікаў рымска-каталіцкага абраду (усходнія католікі, напрыклад, грэка-католікі, кіруюцца Кодэксам канонаў Усходніх Касцёлаў, прынятым папам Янам Паўлам ІІ у 1990 годзе).

– Ці адчувалі Вы ў працы над перакладам Божае дзеянне?

– Я перакананы, што Божы Провід вёў мяне да гэтай фундаментальнай працы. Скончыўшы семінарыю, я марыў працягваць вучобу дзе-небудзь на Захадзе. Але біскуп Аляксандр Кашкевіч накіраваў мяне вучыцца на юрыдычны факультэт БДУ ў Мінск. Шчыра кажучы, унутры я бунтаваўся супраць такога рашэння і зусім не рыхтаваўся да ўступных іспытаў. А калі набраў на адзін бал вышэй за прахадны і паступіў вучыцца, то прыняў гэта ў якасці знака ад Бога.

Калі ўжо стаў юрыстам і вярнуўся ў Гродна, біскуп захацеў, каб я працаваў таксама ў касцёльным судзе. А для гэтага трэба мець, прынамсі, ліцэнзіят у касцёльным праве, таму пачаў ездзіць на вучобу ў Варшаву на факультэт кананічнага права. Такім чынам, не надта хочучы, але з паслухмянасці біскупу, я стаў спецыялістам і ў дзяржаўным, і ў касцёльным праве, і змог узяцца за пераклад Кодэкса. Калі гэта не Бог так накіроўвае лёс чалавека, то хто тады?

– Як думаеце, чаму раней ніхто не браўся за працу над перакладам Кодэкса?

– Тут няма нічога таемнага, ніякай тэорыі змовы. Калі ў 1990-х гадах была вернута свабода веравызнання, першапачатковым заданнем для святароў, якіх было, дарэчы, вельмі мала, стала праца над стварэннем парафіяльных супольнасцей, адбудовай і пабудовай святынь, выхаваннем у веры дзяцей і дарослых.

З цягам часу, калі расла колькасць адукаваных у рэлігійных навуках вернікаў і святароў, актывізавалася дзейнасць па перакладзе на беларускую мову літургічных кніг, рыхтаваўся пераклад Святога Пісання. Па-большасці, штодзённа Кодэкс выкарыстоўваюць у сваёй працы толькі святары. А яны мелі і арыгінальны лацінскі тэкст, і існуючыя пераклады на іншыя мовы. Таму не магу сказаць, што наша касцёльная супольнасць пакутавала ад таго, што не мела свайго перакладу. Гэта нельга параўнаць з тым, каб, напрыклад, не было б перакладу Імшала ці чытанняў з Бібліі.

Тым больш, перакладам Кодэкса павінны займацца касцёльныя прававеды, спецыялісты ў кананічным праве. Сапраўды, нас у Беларусі ўжо даволі шмат, але большасць занята штодзённай працай у касцёльных судах над разглядам сужэнскіх спраў. І вось так усё склалася, што менавіта цяпер у Касцёле ў Беларусі з’явіліся і патрэбныя спецыялісты, і дастаткова рэсурсаў, і ініцыятыўны штуршок з боку прадстаўніка Апостальскай Сталіцы. Лічу, што пераклад Кодэкса – чарговы і заканамерны этап развіцця Касцёла ў Беларусі. Хачу адзначыць, што на прасторах былога Савецкага Саюза першымі пераклалі Кодэкс у Расіі ў 2007 годзе, другі пераклад быў зроблены ў Літве ў 2012 годзе, а наш пераклад трэці.


kodeks 3


– Наколькі, на Ваш погляд, важна і неабходна мець заканадаўства на сваёй мове? Што гэта азначае для партыкулярнага Касцёла?

– Беручыся за пераклад Кодэкса, мы зыходзілі з таго, што беларуская мова мае настолькі багатыя, самабытныя сродкі выражэння любой думкі, што ажыццяўленне перакладу з’яўляецца магчымай і выканальнай справай. Гэта і не дзіўна, бо мова нашай краіны жывая. Яна то замірала, то аджывала, разам з беларускай дзяржавай і яе правам, пачынаючы ад прывілеяў Ягайлы і да векапомных Статутаў Вялікага княства Літоўскага. На маю думку, пераклад Кодэкса – гэта сведчанне своеасаблівай “даросласці” Касцёла ў Беларусі, знак таго, што мы сёння можам больш, чым раней, што мы развіваемся.

Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Пакачайла

 

Рэдагавана: 25 Лютага 2023