Пра досвед душпастырскіх візітаў распавядае самы малады пробашч у Гродзенскай дыяцэзіі кс. Павел Скуба.
Пасля Божага Нараджэння, каб раздзяліць радасць ад прыходу Езуса Хрыста ў гэты свет, святары адведваюць дамы сваіх парафіян, несучы Божае бласлаўленне.
Традыцыйна гэтыя адведзіны называюць калядой.
Каляда 2023 года стала для мяне, звычайнага вясковага пробашча, сапраўднай прыгодай. Канешне ж, у пазітыўным сэнсе гэтага слова, бо душпастырскія адведзіны 2021 і 2022 гадоў абмежаваў COVID-19: людзі баяліся захварэць, выбачаліся, што не могуць прыняць у сябе. Тады я бласлаўляў дом звонку, крапіў асвячонай вадой і ішоў далей. Прасіў у кароткай малітве, каб Бог збярог маіх парафіян.
І вось 2023 год адкрыў дзверы гэтых дамоў. На момант, калі я пішу дадзеныя нататкі, скончыліся душпастырскія адведзіны ў парафіі Божага Цела ў Дварцы. І, паводле маіх сціплых падлікаў, пробашча прынялі з візітам 93% дамоў, якія значыліся ў парафіяльнай картатэцы. Хіба, гэтым не можа пахваліцца аніводная гарадская парафія. Хоць там зусім іншыя рэаліі...
Ведаю, што ў горадзе некаторыя ставяцца да святара з недаверам. Робяць выгляд, нібы нікога няма дома, або адказваюць: “Мы священника не заказывали!”. На вёсцы інакш… Людзі сустракаюць хлебам і соллю, ты для іх жаданы госць.
Мне як святару вельмі падабаюцца адведзіны на вёсцы. Тут свая атмасфера, свае непаўторныя традыцыі. Для вернікаў душпастырскія адведзіны – гэта вельмі вялікая падзея. Яны рыхтуюцца, перажываюць…
Адметнай рысай вясковых людзей з’яўляецца іх адкрытасць і шчырасць. Калі параўноўваць з агульным уражаннем ад “гарадской” каляды, людзі на вёсцы хочуць і гатовыя размаўляць, распавядаць пра “сваё”: пра гаспадарскія клопаты, пра дзяцей і ўнукаў… Любяць задаваць пытанні рознага кшталту: “А адкуль Вы родам?”, “Ці жывыя Вашы бацькі? Ці маеце братоў і сясцёр?”, “А як часта да споведзі трэба хадзіць?”, “Якімі малітвамі маліцца аб здароўі?”, “Хто Вам на плябаніі гатуе і прыбірае?”, “А хто зарплату плаціць?”, “Чаму вам нельга жаніцца, як бацюшкам праваслаўным?”... Шмат пытанняў. Часам смешных, а часам і вельмі глыбокіх.
І нічога дзіўнага, што толькі ў адным доме можаш затрымацца на паўгадзіны, а то і болей. Вядома, гэта прыносіць свае плады: калі слухаеш уважліва, калі прыйшоў з пазітыўным настроем – людзі адкрываюць свае сэрцы і пачынаюць давяраць. У галаве праносіцца думка: “Трэба гэты давер апраўдаць на 100%”.
Падчас каляды даводзіцца сустракацца з рознымі сітуацыямі: з сумнымі, з радаснымі – з усякімі. Трапляюцца і выпіўшыя мужчыны, якія, убачыўшы святара, здымаюць шапку. І мая тактыка пры гэтым амаль заўсёды аднолькавая: падысці да чалавека, падаць яму руку. У некаторых нават слёзы выступаюць. Пагаворыш з імі, і нараджаецца спачуванне... І тады яны адважваюцца прасіць: “Ойча, памаліся, каб Бог прабачыў грахі мне!”. Запрашаю да споведзі ў касцёл. І былі выпадкі, што яны прыходзілі. Цішком, калі я быў адзін, але прыходзілі!
Памятаю, у дзверы парафіяльнага дома пастукаўся (ужо светлай памяці) спадар Янак. Увесь патрапаны, дрыжаў і сціпла прасіў чаго-небудзь з’есці. Я якраз смажыў сабе макароны з сасіскамі. Паказаў яму, дзе абмыць рукі і твар. Пасадзіў, накарміў. Затым прапанаваў гарбаты. А потым кажу: “Спадар Янак, Вы ж да касцёла не прыйдзеце да споведзі, бо вы добры прагульшчык... Давайце я Вас тут паспавядаю?”. І ён згадзіўся.
Я схадзіў за фіялетавай стулай... Паўтары гадзіны ішла споведзь. Дакладней, аповед пра яго жыццё. Потым мы разам накіраваліся ў касцёл, і там была ўдзелена св. Камунія... Праз 2 тыдні бліжэйшыя суседзі знайшлі мужчыну мёртвым дома. Ці ж не Бог яго прывёў, каб, падтрымаўшы цела, уратаваць душу? Сумная гісторыя, з аднаго боку, але перапоўненая надзеяй – з другога.
Здараюцца і вясёлыя выпадкі, часам камічныя. Аднойчы я завітаў на падворак, дзе гаспадар дома рамантаваў сваю тэхніку. Калі падышоў бліжэй, чалавек падумаў, што гэта яго сябар, які дапамагаў, і кажа: “Толік, чаго стаў? Дай ражковы на 19!”. Я падаў, і толькі тады ён заўважыў, што гэта зусім не Толік, а ксёндз. Мы засмяяліся. Пытаюся: “Што, не той падаў?”. А ён адказвае: “Неее, той, ойча, той. Але ж Вы тут не дзеля гэтага!”.
Іншая сітуацыя здарылася, калі ледзь не прывёз да сябе ката пэўных людзей. І тады ў мяне было б іх 6! А я проста пакінуў адчыненымі дзверы аўто. Кот, напэўна, вырашыў, што там цёпла і бяспечна, уладкаваўся і прыснуў. Добра, што гэта быў апошні дом і я вырашыў пакласці свае рэчы на задняе сядзенне. Гляджу – спіць пушысцік. Са смехам пытаюся: “Хто падкінуў мне ката?”. А гаспадыня гаворыць: “Гэта ж наш… Вось зараза!”. Такая міні-камедыя.
Такіх гісторый шмат, і іх можна распавядаць бясконца. Але што напрыканцы хочацца сказаць… Некаторыя лічаць, што каляда як форма душпастырскага “ўздзеяння” аджыла сваё. Але я кажу ўпэўнена: “Не!”. Каляда – гэта дыялог паміж святаром, пробашчам і парафіянамі. І сапраўды яна страчвае свой сэнс толькі тады, калі хтосьці не накіраваны на гэты дыялог.
У той жа час некаторыя людзі могуць адносіцца да касцёла як да ўстановы “для заспакаення духоўных патрэб”, дзе “працуе” схема: грашовая ахвяра – гэта аплата за паслугу з боку Касцёла і святара. І ніякіх умоў ад Касцёла, бо “мы даём грошы”. Такая схема няправільная. Сапраўды, тады дыялогу не будзе. Не будзе шчырасці, не будзе адкрытасці, не будзе ўзаемаразумення. Таму ад нас ужо сёння залежыць, які будуем Касцёл. Ці гэта сям’я, ці “супермаркет духоўных паслуг”. Хочацца ўсё ж, каб Касцёл быў адной вялікай сям’ёй.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Павел Скуба