Бягучы год стане асаблівым для дыяцэзіі. Роўна 30 гадоў таму, у 1993 годзе, папа Ян Павел ІІ зацвердзіў яе заступнікаў: галоўную – Маці Божую Вастрабрамскую, і другарадных – св. Казіміра, каралевіча, і св. Максімільяна Марыю Кольбэ, святара і мучаніка. Якія яшчэ падзеі сёлета ўпішуцца ў гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне?
ПАДРЫХТОЎКА ДА СУСВЕТНЫХ ДЗЁН МОЛАДЗІ
Трывае падрыхтоўка маладых людзей да ўдзелу ў 37-ых СДМ, якія сёлета адбудуцца ў Лісабоне (Партугалія). Моладзь дыяцэзіі ўжо мела магчымасць паразважаць на малітоўных чуваннях на тэму СДМ, а таксама памаліцца афіцыйнай малітвай, якая перакладзена на беларускую мову. Паралельна малітоўнаму чуванню ў Лісабоне 5–6 жніўня запланавана агульнабеларуская сустрэча моладзі. Яна пройдзе ў санктуарыі ў Будславе.
Ужо зацверджана ўступная праграма падрыхтоўкі да СДМ і каардынатар СДМ у Беларусі, а таксама зарэгістравана адна агульнабеларуская дэлегацыя моладзі (плануецца ўдзел каля 200 маладых людзей). Падрабязная праграма падрыхтоўкі і ўмовы удзелу будуць пададзены пазней.
“Сусветныя дні моладзі – гэта цудоўная магчымасць адчуць сябе адзінай сям’ёй маладога Касцёла, перажыць вялікую радасць ад сустрэчы з папам Францішкам, які выходзіць да моладзі ўсяго свету, гаворыць кс. канонік Антоній Грэмза, адказны за душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. – Гэта заўсёды імпульс да самапазнання і заклік да будавання адносін з іншымі ва ўзаемнай любові”.
АДКРЫЦЦЁ СВЯТЛІЦ ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНЫМ “КАРЫТАС”
Як паведамілі ў дабрачынным каталіцкім таварыстве “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, пры падтрымцы партнёраў “Карытас” з Лінц (Аўстрыя) і фонду “Рэнавабіс” (Германія) на пачатку года запланавана адкрыццё двух святліц для дзяцей пры парафіях у Парэччы і Гродна-Дзевятоўка. Інтэграцыйныя пакоі ўжо абсталяваны неабходнай мэбляй, тэхнікай. На дадзены момант памяшканні дакамплектоўваюцца ўсім неабходным.
У Гродзенскай дыяцэзіі налічваецца 12 такіх інтэграцыйных пакояў. Там для дзяцей ладзяцца навучальныя, развіваючыя, духоўныя, псіхалагічна-педагагічныя, гульнявыя і забаўляльныя заняткі ды мерапрыемствы.
“Кожны год пашыраюцца межы ўзаемадзеяння з рэгіянальнымі сацыяльнымі цэнтрамі, падтрымліваецца супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі і ўстановамі аховы здароўя, – адзначае дырэктар дыяцэзіяльнага “Карытас” кс. канонік Раман Рачко. – Наперадзе яшчэ шмат ідэй. Галоўнае – працаваць камандай, дыхаць аднымі мэтамі, натхняцца добрым, служыць патрабуючым!”.
АДКРЫЦЦЁ ДОМА ДЛЯ ПІЛІГРЫМАЎ У ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНЫМ САНКТУАРЫІ Ў ТРАКЕЛЯХ
Будынак набыты ў калгасе з аўкцыёна за сімвалічную плату ў 2020 годзе. Пасля рэканструкцыі па праекце ён хутка будзе ўведзены ў эксплуатацыю як жылое памяшканне. На дадзеным этапе падводзяцца камунікацыі, усталёўваецца сантэхніка. Акрамя жылых пакояў, у будынку будзе дзейнічаць капліца. На другім паверсе размесціцца плябанія.
Дом пілігрыма св. Марты разлічаны на 25-30 месцаў. Акрамя яго, на тэрыторыі парафіі дзейнічае Дом пілігрыма св. Юзафа. Разам санктуарый будзе гатовы прыняць з прабываннем каля паўсотні гасцей. “Маем надзею, што пры падтрымцы ахвярадаўцаў і ўсіх людзей добрай волі Дом пілігрыма св. Марты адкрые свае дзверы ўжо падчас сёлетніх урачыстасцей”, – гаворыць кс. канонік Юрый Бяганскі, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Свята цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні з 1994 года па распараджэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. З 1998 года на пачатку ліпеня ў санктуарый ладзяцца традыцыйныя пілігрымкі.
260-ГОДДЗЕ ПАБУДОВЫ СВЯТЫНІ Ў ГУДАГАЙСКІМ ДЫЯЦЭЗІЯЛЬНЫМ САНКТУАРЫІ
У 1763 годзе Людвіка Ганна Война з Сулістроўскіх і яе муж дзісненскі стараста Ян Война пабудавалі ў Гудагаі касцёл і двух’ярусны кляштар для кармэлітаў босых, якім даверылі апеку над славутым ласкамі абразом Маці Божай. У 2007 годзе цудадзейны абраз быў каранаваны папскімі каронамі. Падчас святкавання 250-годдзя з часу асвячэння касцёлу Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі нададзены тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай.
“Запрашаем вернікаў на ўрачыстасці падзякі Богу за дар святыні, якія пройдуць 15 і 16 ліпеня, – гаворыць ад імя айцоў кармэлітаў і мясцовых вернікаў пробашч гудагайскай парафіі а. Аркадзь Куляха OCD. – Маем надзею, што да святкавання таксама далучацца біскупы, святары і кансэкраваныя асобы нашай краіны”.
УРАЧЫСТАЕ ЗАКАНЧЭННЕ І СІНОДА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі працягваецца ўжо 6-ты год. У сувязі з пандэміяй і іншымі абставінамі яго дзейнасць была запаволена. На дадзены момант сінадальнымі камісіямі ўжо апрацаваны рабочыя праекты, якія дапрацоўваюцца і яшчэ будуць дапоўнены меркаваннямі дэканальных камісій.
“На жаль, у працы Сінода адчуваюцца розныя перашкоды, якія выкліканы недахопам супрацоўніцтва паміж духоўнымі і свецкімі асобамі, – адзначае кс. канонік Антоній Грэмза, адказны за І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. – Аднак мы вучымся разам ісці адной дарогай і сумесна адказваць за наш дыяцэзіяльны Касцёл. Гэта новы досвед, які дапаможа сфарміраваць падваліны для развіцця душпастырства на нашых землях у кантэксце сучасных выклікаў. Галоўная задача – абудзіць у людзей адказнасць і энтузіязм у абвяшчэнні Евангелля, як да гэтага заклікае дэвіз Сінода «Жыць Евангеллем»”.
Пакуль Сінод яшчэ трывае, у вернікаў застаецца магчымасць уключыцца у яго працу (для гэтага неабходна запоўніць анкету). Урачыстае яго заканчэнне, з улікам падвядзення вынікаў прац камісій, плануецца ў лістападзе, калі Касцёл узгадвае заступніцу дыяцэзіі Маці Божую Вастрабрамскую, Маці Міласэрнасці.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла
Ілюстрацыя Catholic.by