Адной з найпрыгажэйшых скульптур у свеце з’яўляецца, безумоўна, “П’ета” ў Ватыкане, вырабленая фларэнтыйскім мастаком Мікеланджэла Буанароці (1475–1564). На думку мастацтвазнаўцаў, ніхто ніколі дагэтуль не стварыў нічога больш высакароднага і вытанчанага.
Паказваючы сцэну аплаквання Хрыста, творца засяродзіўся, між іншым, на прыгажосці чалавечага цела. Калі мы глядзім на гэтую скульптуру, бачым гарманічныя формы і непаўторнае хараство. Цудоўныя, тонкія рысы Божай Маці, пышная вопратка, якая спадае да зямлі… На каленях надзвычай прыгожая Марыя трымае цела знятага з крыжа Хрыста, які стварае ўражанне спячага. Нябачны вэлюм пакрывае іх постаці.
Нягледзячы на стрыманы характар скульптуры, мы таксама можам заўважыць вялікую пакуту Маці Балеснай, бо жэстам левай адкрытай далоні Яна нібы пытаецца: чаму? “П’ета” выклікае захапленне ў пілігрымаў, якія з’язджаюцца ў базіліку св. Пятра з усяго свету. Сваёй дасканалай кампазіцыяй і неверагоднай экспрэсіяй яна прымушае спыніцца побач хаця б на імгненне.
Многія пілігрымы і турысты, гледзячы на скульптуру, задумваюцца, чаму Маці Божая вылеплена такой прыгожай і маладой? Пакутуючая маці 33-гадовага сына не можа быць адлюстравана падобным чынам: на момант смерці Езуса Марыі магло быць каля 50-ці гадоў. Дык чаму Мікеланджэла вырабіў Ёй твар прыгожай маладой жанчыны?
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначаецца ў Касцёле 8 снежня.
Здаецца, гэты вобраз добра пасуе да ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую мы заўсёды перажываем у час Адвэнту. Мікеланджэла хацеў фізічна паказаць духоўную прыгажосць Маці Божай. У мармуры ён перадаў тое, што часта так цяжка выказаць словамі. Марыя засталася прыгожай, таму што ніколі не мела нічога агульнага з грахом, якім бы малым ён ні быў. Бо грэх заўсёды нявечыць чалавека. Грэх забруджвае душу і абцяжарвае яе.
Марыя, выбраная Богам, была адорана асаблівай ласкай: заставалася некранутай ад усякай плямы першароднага граху з моманту Яе зачацця ва ўлонні св. Ганны (не трэба пры гэтым блытаць Беззаганнае Зачацце Панны Марыі з дзявочым зачаццем Езуса Хрыста). Толькі Марыя прыйшла ў гэты свет свабоднай ад першароднага граху. У той час як усе людзі нараджаюцца з першародным грахом – толькі ласка сакраманту хросту “сцірае” гэты грэх.
Папросім Марыю, Маці Бога і людзей на зямлі, каб выпрасіла нам жаданне сапраўднай, вечнай прыгажосці, каб мы ўсімі сіламі прагнулі ўбачыць Бога, Творцу ўсяго надзвычайнага. Няхай Яна навучыць нас клапаціцца пра прыгажосць нашых узаемаадносін, а таксама пра прыгажосць сумлення і душы.
Марыя, навучы нас жыць прыгожа, а пасля смерці сустрэць Твайго Сына Езуса Хрыста ў небе!
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч