Skip to main content

Рараты – час адпачынку і перамен

roratyЗ дзяцінства многія з нас памятаюць раратнія св. Імшы падчас Адвэнту. Дома ты рыхтуеш лампадку, а затым бяжыш перад Імшой у канец касцёла і вы чакаеце з іншымі дзецьмі святара з міністрантамі. Пасля ўсе разам пры выключаным святле ў неверагоднай атмасферы вырушаеце невялічкай працэсіяй да алтара. Незабыўныя ўражанні! У дарослым жыцці ўдзел у Раратах, хоць і без працэсіі, таксама можа быць асаблівым перажываннем…

Рараты – гэта пра радасць

Не сакрэт, што дзеці чакаюць раратніх св. Імшаў. Катэхеткі распавядаюць, што калі тыя прыходзяць на катэхезу, то адно з пытанняў – “Ці будуць Рараты ў гэтым годзе?”. Можа, на Ружанец не вельмі любяць хадзіць, бо гэта “цэлая вечнасць”, а вось з ліхтарыкамі прыходзіць у касцёл ім даспадобы.

І хоць удзел дзяцей у такіх Імшах – гэта больш атракцыя, але пазітыўныя эмоцыі, якія перажываюць хлопчыкі і дзяўчынкі, умацоўваюць іх духоўныя перажыванні. Дастаткова зазірнуць дзецям у вочы!

Андрэй Стасюкевіч, міністрант з парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску, успамінае: “Калі быў яшчэ жывы наш пробашч кс. Алег Дуль, на адной з раратніх Імшаў я меў чытанне. Калі надышоў момант Літургіі слова, зразумеў, што забыўся кнігу на падаконніку ў закрыстыі, і пабег за ёю. Калі ўжо чытаў, то адчуваў, як у мяне рукі трэсліся. Яшчэ памятаю, як затушыў свечку і чхнуў. Трохі праліў воск сабе на комжу, але ў выніку ўсё адмылася”.

Нярэдка здараюцца і пацешныя сітуацыі, якія з усмешкай узгадваюцца праз гады. “Калі я быў на другім годзе фармацыі ў нашым Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных у Смардзэвіцах, у Польшчы, – распавядае айцец францішканін Аляксей Юхневіч з парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, – мы як навіцыі звычайна ўдзельнічалі ў св. Імшы ў сябе ў капліцы. Калі ж былі Рараты, то хадзілі ў мясцовы санктуарый св. Ганны. Як гэта бывае ў парафіях, дзеці рабілі сэрцы з паперы, прыносілі іх, а пазней была «латарэя» – хто забярэ фігурку Маці Божай дахаты. У адзін з першых дзён Раратаў пэўны брат раніцай падбег перад Імшой і штосьці паклаў у кошык для сэрцаў. І вось, калі святар выцягваў адно з іх, ён узяў акурат самае прыгожае. Гэта аказалася сэрца, якое зрабіў адзін з братоў. Дзеля жарту ён там напісаў імя і прозвішча іншага брата. Калі святар іх зачытаў, брат вельмі збянтэжыўся і чырвоны пайшоў за фігурай Маці Божай. Адзін з міністрантаў так пракаментаваў сітуацыю: «Гэтага не можа быць. Гэта нейкі жарт». Брат сапраўды ўзяў фігурку, прынёс да нас у капліцу. Канешне, усе пацешыліся з гэтай сітуацыі. Наш выхаваўца таксама ацаніў жарт, але сказаў, каб больш так не рабілі”.


roraty 14

Хоць у касцёле цёмна, там, дзе будзем мы, будзе святло


Людзі, якія працуюць з дзецьмі пры касцёле, раяць бацькам скарыстаць магчымасць у час Адвэнту і ўдзяліць больш увагі свайму сыну ці дачцэ – “не проста пагаварыць”. Некаторыя катэхеты заўважаюць, што выхаванцам не хапае дотыку, жывой прысутнасці. Нярэдка яны падыходзяць, каб прытуліцца. Гаворка пра тое, што ў сем’ях гэтага не стае. Калі раней прытуліцца любілі малодшыя дзеці, бо ім такое ўзаемадзеянне неабходна з-за асаблівасцей узросту, то цяпер і старэйшыя часцяком падыходзяць, каб абняцца.

Рараты для дарослых

Чаму даросламу чалавеку таксама варта ўдзельнічаць у раратніх св. Імшах? Хоць гістарычна Збаўца ўжо прыйшоў і здзейсніў справу збаўлення, усё роўна кожны год чакаем Яго. Варта адкрыцца на дар, падрыхтаваны для кожнага. Падаецца, што калі чалавек дарослы, то нібы з усім справіцца: “Ува ўсіх так, што я ўжо буду?..”. Насамрэч, мабыць, кожны мае такія сферы ці пункты, якія патрабуюць гэтага самага збаўлення, дапамогі. Святары часта запрашаюць бацькоў “разам з дзецьмі ўзяць ліхтарыкі”: гэта сімвал таго, што ты сапраўды хочаш у жыцці штосьці змяніць. Ёсць нейкая цемра, у якую хочаш увесці святло Хрыста. У гэтым сэнс.

Хтосьці можа заўважыць, што хоць кожны год ходзіць на Рараты, нічога ў жыцці не змяняецца. Вядома, гэта не гарантыя глабальных перамен, але вырашэнне падчас Адвэнту нават адной духоўнай праблемы таксама з’яўляецца перамогай.

“Некаторы час таму адбылася такая гісторыя, – дзеліцца с. Марыя, якая служыць пры адной з гродзенскіх парафій. – Мама пэўнай дзяўчынкі моцна хварэла. І акурат у снежні, калі пачыналіся Рараты, трапіла ў бальніцу. Тата ў іх сям’і злоўжываў алкаголем. Дзяўчынка прыязджала на Рараты адна. Аднойчы падчас «латарэі» святар выцягнуў яе папяровае сэрца, і дзяўчынка ўзяла фігурку Марыі дадому. На вячэрнюю малітву яна запрасіла да сябе сяброўку са школы. Разам яны згаварылі кароценькую малітву, падчас якой дзяўчынка папрасіла, каб мама вярнулася дадому, а тата перастаў піць. І так сталася, што маму хутка выпісалі з бальніцы. Дома яна ўжо адпраўляла бацьку на Рараты з дачкой. Без вялікай ахвоты, але ён ішоў. Пэўнага разу святар ізноў выцягнуў папяровае сэрца гэтай дзяўчынкі. Да яе патрапіла ўжо фігурка Езуса. Падчас малітвы, калі бацька знаходзіўся ў суседнім пакоі, дзяўчынка яшчэ раз папрасіла, каб ён перастаў піць. Пасля я заўважыла, як ён стаў часцей з’яўляцца на Раратах. На чацвёртым тыдні Адвэнту да мяне падышла мама дзяўчынкі і распавяла, што яе муж прыступіў да споведзі. Заўважыў, што ў яго ёсць праблема, і пайшоў лячыцца”.

Вядома, у жыццё сучаснага чалавека, які сапраўды мае шмат абавязкаў, бывае складана ўпісаць у працоўны дзень яшчэ касцёл. Магчыма, варта пастанавіць раз на тыдзень цягам Адвэнту прыходзіць на раратнюю св. Імшу. Штосьці незвычайнае, нетыповае для нашай штодзённасці, што можа даць адпачынак для сэрца, для розуму і для душы.

С. Марыя адзначае: “Маці Божая, калі несла Езуса ў свет, таксама мела сваё жыццё. І ты прыходзь са сваім жыццём у касцёл! Можа, не гадуеш дзяцей, але ў цябе ёсць праца, адносіны на працы. Можа, жывеш у саюзе несакраментальным. Вельмі шмат людзей не ходзіць у касцёл, таму што «разумееце, я развёўся і жыву з другім чалавекам». Кажу: паслухайце, дзверы ў касцёле адчынены. Так, ёсць пэўныя абмежаванні адносна споведзі і св. Камуніі, аднак многія людзі, калі прыходзяць, пачынаюць шукаць нейкія выхады ў сваім жыцці. Бог на самой справе пакажа выйсце нават з самай складанай сітуацыі. Ухапіся за гэты маленькі агеньчык, увайдзі ў сваю цемру і ўбачыш…”.

Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская

 

Рэдагавана: 05 Снежня 2022