У нядзелю 20 лістапада Касцёл святкуе ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Але чаму мы гаворым пра Хрыста як Валадара Сусвету, калі сам Ён гаворыць пра сябе: “Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36)?
У Евангеллі можна знайсці дзіўны дыялог паміж Пілатам і Езусам аб каралеўстве Хрыста. Пілат напірае: “Ці Ты кароль?”, “Дык Ты кароль?”, “Вось кароль ваш!”. І Езус адказвае: “Маё Валадарства не з гэтага свету”, – а далей: “Так, Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе” (параўн. Ян 18, 33–39).
Гэта кароль, які бянтэжыць: з цярновым вянком на галаве, усунутым у руку скіпетрам з трысціны і ў пурпурным плашчы, накінутым на змучанае цела. Вось здзеклівыя знакі цудоўнай каралеўскай годнасці, у якіх Хрыстос з’яўляецца адначасова і каралём, і каралеўствам. І каб яшчэ больш узмацніць такі парадокс, Езус чыніць з гэтага бласлаўленне: “Шчаслівыя ўбогія, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 3).
Захапленне каралеўскай годнасцю Езуса павінна выклікаць у нас жаданне служыць Яму з поўнай адданасцю.
Усё зразумеў злачынец, які не просіць зняць з крыжа, а просіць Валадарства. І гэтае Валадарства не нейкая канцэпцыя, дактрына ці палітычная праграма, якую трэба рэалізаваць, а, перш за ўсё, Асоба, якая мае аблічча і імя Езуса з Назарэта: “Сёння будзеш са Мною ў раі!” (Лк 23, 43).
Валадарства пачынаецца ў сэрцы чалавека – менавіта там, у першую чаргу, хоча валадарыць Хрыстос. Таму мы павінны адпусціць руль свайго жыцця, каб дазволіць Богу валадарыць у ім: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 4, 17).
Такая цана шчасця! Дзякуючы навяртанню Хрыстос можа ўстанавіць сваё панаванне над розумам чалавека, таму што з’яўляецца Праўдай, якая вызваляе. Ён будзе валадарыць таксама праз сваю міласэрнасць, якая трэніруе нашу волю ў логіцы самааддачы.
Тым часам уваскрослы і праслаўлены Езус паказвае сапраўдны і ўніверсальны характар свайго Валадарства: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі” (Мц 28, 18). А гэта азначае, што панаванне Хрыста непазбежна будзе мець пэўныя сацыяльна-палітычныя наступствы.
Нядзеля Хрыста Валадара заклікана дапамагчы зразумець, што служыць такому Каралю – вялікі гонар.
Устанаўліваючы свята Хрыста, Валадара Сусвету, 11 снежня 1925 года ў цяжкі момант гісторыі, папа Пій XI абвясціў: “Таму калі б людзі прыватна і публічна прызналі над сабой каралеўскую ўладу Езуса, адразу ж на ўсё грамадства сышлі б нечуваныя ласкі, як належная свабода, як парадак і заспакаенне, як згода і мір”. Іншымі словамі, сапраўдная культура міру і справядлівасці не запануе ў свеце, пакуль не запануюць праўда і любоў, а значыць, пакуль не настане Валадарства Хрыста, які ёсць Праўдай і Любоўю.
Касцёл ужо з’яўляецца валадараннем Бога, містычна прысутнага ў гэтым свеце. Абвяшчаючы людзям Божае жыццё, Касцёл пашырае валадаранне Хрыста на зямлі, як і на небе. Істотным цэнтрам гэтага валадарства заўсёды з’яўляецца Эўхарыстыя. Там б’ецца сэрца Езуса і будзе біцца да таго дня, калі Ён перадасць усё сваё валадарства Айцу, і тады Бог будзе ўсім ва ўсім. У Эўхарыстыі Хрыстос Валадар сядзіць на сваім троне міласэрнасці і чакае магчымасці прывесці нас да свайго трона хвалы, каб маглі цалкам увайсці ў Валадарства, якому няма канца!
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч