Толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі функцыянуе 16 дэканатаў, у якія ўваходзіць каля 170-ці парафій. Вядома, што частку вясковых парафій ахоплівае адзін ксёндз. Тым не менш, святароў, якія выпускаюцца з дыяцэзіяльных і манаскіх семінарый, нашмат менш. Чэрвень жа ў нашай дыяцэзіі быў аб’яўлены месяцам малітвы аб новых пакліканнях да паслугі ў Касцёле на Гродзеншчыне.
Аб праблематыцы колькасці пакліканняў у Беларусі і свеце, прычынах крызісу пакліканняў і магчымых шляхах змены сітуацыі мы пагаварылі з а. Аляксандрам Жарнасекам MIC, прапаведнікам і рэкалекцыяністам з ордэна айцоў марыянаў.
– Тэндэнцыя малой лічбы пакліканняў датычыць усяго свету, і мы ў яе ўпісваемся? Ці ў Беларусі сітуацыя нечым адрозніваецца?
– Ці адрозніваецца ад сусветнай? Думаю, што не. Толькі на сусветную трэба глядзець у залежнасці ад кантынента. Адна сітуацыя будзе ў Азіі, у Афрыцы, зусім іншая ў Лацінскай Амерыцы і ў Паўночнай. Напрыклад, у Азіі (хаця б у той жа Індыі, дзе ёсць хрысціянскія правінцыі, альбо ў Філіпінах, у Інданэзіі – там, дзе хрысціянскія астравы) праблем з пакліканнямі няма. Там якраз-такі абмежаваныя месцы ў семінарыях і не ўсіх прымаюць, а многія асобы з Азіі вучацца ў еўрапейскіх семінарыях.
Афрыка – гэта зусім іншая тэма. Там пакліканняў таксама шмат, але ёсць свая спецыфіка, цяжэйшая. Ведаю, што ў Паўночнай Амерыцы ў наш ордэн даволі вялікі працэнт людзей прыходзіць ва ўзросце каля 30-40 гадоў, то-бок, існуе ўздым у такіх межах.
На кожным кантыненце свае нюансы, а ярка выражаны крызіс пакліканняў адназначна закрануў Еўропу. Вядома, што еўрапейскія дзяржавы розныя і ў свой час крызіс не абмінуў нават такія каталіцкія краіны, як Ірландыя, Партугалія, дзе заўсёды было поўна пакліканняў. Тая ж Ірландыя вельмі шмат місіянераў давала ў свой час, а зараз семінарыі пустуюць. У гэтым плане і Польшча не стала выключэннем. І выглядае на тое, што Беларусь даганяе. Мы ідзём па тых самых тэндэнцыях.
Якая прычына гэтаму? Людзі цэлыя кніжкі пішуць пра крызіс у Касцёле, пра крызіс пакліканняў, і даследуюць, і аналізуюць. На маю думку, ёсць, як мінімум, дзве прычыны. І першая з іх – крызіс унутры Касцёла: крызіс духавенства, саміх структур Касцёла. Вельмі многія святары перажываюць уласны крызіс. Час ад часу чуваць гісторыі пра адыход са святарства. Другая прычына, я б сказаў, – гэта праблема чалавечай цывілізацыі. Еўрапейская цывілізацыя матэрыяльна развітая, матэрыяльна забяспечаная, плюс глабалізацыя, плюс інтэрнэт, плюс гэтая свецкасць, якая таксама ідзе ў сувязі з глабалізацыяй і з матэрыяльным дастаткам.
Гэта паўплывала на Касцёл і на пакліканні таксама. Такое маё асабістае меркаванне.
– Выходзіць, што чалавек, насычаны матэрыяльнымі рэчамі, не адчувае патрэбы ў духоўным?
– Тут, напэўна, шмат фактараў і ўсё ўзаемазвязана. Поўнасцю не бяруся адказаць, у чым сутнасць глабалізацыі. Філосафы тут шмат чаго маглі б заўважыць. Праблему глабалізацыі я бачу ў тым, што раней людзі жылі ў сваім невялічкім раёне, вёсцы, маленькім гарадку ці ў квартале нейкім, дзе ведалі адзін аднаго. Яны мелі свядомасць “вёскі”, вобразна кажучы, і мелі сваю культуру, якая іх выхоўвала. І калі культура была хрысціянскай, зразумела, якім было выхаванне. Глабалізацыя ж – гэта калі людзі выехалі ў вялікі свет і ён стаў “глабальнай вёскай”.
Яркі прыклад гэтай з’явы – каталіцкая моладзь, якая з Гродзеншчыны з’язджае ў Мінск. Набожнасць развейваецца ў адзін момант. Маладыя людзі трапляюць у вялікую прастору, пазнаюць грэх, якога раней не ведалі, плюс інтэрнэт дапамагае.
Гэта крызіс і агульначалавечых вартасцей, і, у выніку, сям’і. Працэнт разводаў агромны. Людзям усё цяжэй і цяжэй проста стварыць сям’ю. А святары ж з неба не падаюць, яны з народу, з сямей паўстаюць.
– У якім кірунку, на Вашу думку, трэба рухацца беларускаму Касцёлу ў кантэксце такіх выклікаў?
– Я асабіста бачу, што гэты працэс глабалізацыі, свецкасці, лаіцызацыі закрануў усю Еўропу. У нейкім сэнсе магу правесці паралель з сітуацыяй, калі габрэі па прычыне вайны (у Старым Запавеце чытаем) траплялі на язычніцкія тэрыторыі. Жывучы сярод язычнікаў, яны не былі артадоксамі. Тая самая знакамітая Самарыя, ці Вавілон, ці Рым – там мясцовы свет паўплываў на габрэяў. Думаю, нешта падобнае адбываецца з традыцыйнымі каталіцкімі дзяржавамі: Польшчай, Славакіяй, Літвой, некалі каталіцкай.
Па прычыне адкрытых межаў, паездак, працы, інтэрнэта і г. д. туды ўвайшла лаіцызацыя, свецкасць. Думаю, і мы не выключэнне ў гэтым плане. З аднаго боку, мы знаходзімся пад уплывам еўрапейскай лаіцызацыі, з другога – і дух камунізму ёсць, таму яшчэ цяжэй можа быць.
Як супрацьстаяць гэтай глабалізацыі ў шырокім значэнні – агромная праблематыка, вялікае пытанне не толькі для Касцёла, але для ўсяго чалавецтва, і многія людзі задаюць гэтае пытанне. Як захаваць каштоўнасці, этычныя, маральныя, не паддавацца гучнаму голасу зла, скажам так. Гэта пытанне і да веруючых, і проста да людзей, якія жывуць нейкімі каштоўнасцямі. Таму думаю, што адзін кірунак – як увогуле супрацьстаяць негатыўным уплывам глабалізацыі.
Другі – рэформа касцёльных структур. Тое, што мы напэўна можам зрабіць. Як рэфармаваць і ў якім кірунку – цяжка сказаць. Я асабіста гляджу ў напрамку Францыі, якая перажыла вялізны крызіс і якая ўсё-такі прайшла сур’ёзную рэформу часоў ІІ Ватыканскага сабору, калі маса людзей адышла ад Касцёла.
У Францыі зразумелі, што яны не могуць утрымаць гэтых людзей, і тады Касцёл перажыў рэформу, у тых яго частках, дзе іерархі на гэта адважыліся.
З маіх колішніх размоў з прадстаўнікамі французкага Касцёла і са святарамі выснова такая, што патрэбна была адвага іерархаў, каб зрабіць рэформу, не баяцца, што губляюцца такія павярхоўна-рэлігійныя людзі. Прыклад французскага Касцёла паказвае, што там, дзе рэформа адбылася, семінарыі мелі і маюць пакліканні. А там, дзе адвагі не было – семінарыі пустыя.
Між іншым, рух свецкіх у гэтай краіне вельмі развіты, поўна ўсялякіх супольнасцей: і харызматычных, і артадаксальных, і неакатэхуменальных. Думаю, у Францыі, дзе жывыя супольнасці рознага тыпу, ёсць і пакліканні.
– Тэма малітвы ў дадзеным кантэксце ўжо збітая. Як казаць пра яе, абмяркоўваючы праблематыку пакліканняў?
– З аднаго боку, Хрыстос кажа: “Прасіце гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё”. Тут якраз ідзе размова пра авечак. Гэта цікавы момант у Евангеллі, дзе Хрыстос кажа, што авечкі павінны ўсведамляць, што ім патрэбны пастыры. То-бок, калі ў авечак не будзе такой свядомасці, яны і маліцца не будуць, і прасіць не будуць. Таму, як бы банальна гэта не гучала, маліцца трэба.
З другога боку, канешне ж, нельга ўсю гэтую справу спіхнуць на тэму малітвы. Думаю, што далёка не ўсё тут вырашаецца малітвай. Гэта пытанне асабістых адносін з Госпадам. А таксама таго, што святары – гэта мужчыны, якія будуць жыць у цэлібаце. Давайце ўвогуле мужчын палічым: колькі іх у Касцёле ёсць і якія яны? Бедныя дзяўчаты не ведаюць, як выйсці замуж, як знайсці, каб і “мужык” быў, і адэкватны веруючы католік. А святароў яшчэ цяжэй адшукаць.
– Айцец Аляксандр, калі падрабязней сказаць пра рэформу структур Касцёла, то ў які бок іх рэфармаваць і ці адыгрывае тут нейкую ролю такі падыход, калі святарам цалуюць рукі, што можа нават шкодзіць ім?
– Цяжка сказаць, як рэфармаваць. Мая асабістая пазіцыя наконт цалавання рук – што гэта пэўная прыгожая, сімвалічная традыцыя, і логіка ў гэтым ёсць. Разам з тым, я не прыхільнік гэтага. Не памятаю, каб апосталы Хрысту цалавалі рукі.
Ёсць такая праблема клерыкалізму, што святары знаходзяцца на сваёй хвалі, а людзі – на сваёй. Часта святары не чуюць, чым людзі жывуць, не ведаюць, як яны зарабляюць грошы, не разумеюць, як гэта – “выжываць”, капейкі лічыць. Многія не ведаюць, якія крызісы перажываюць сем’і. Святарская навука ідзе вышэй галоў, не кранаецца людзей. Еўропа таксама праз гэта праходзіла. Якраз-такі ў ІІ Ватыканскага сабору была тэма рухаў і супольнасцей, актывізацыі свецкіх людзей. У супольнасцях вернікі або знаходзіліся разам са святарамі, або ўзначальвалі іх. І праз гэтыя групы духавенства больш пазнавала, чым жывуць людзі. А стоячы за амбонам і гледзячы на тых, хто сядзіць у лаўцы, не многа пазнаеш.
– Выходзіць, можна сказаць, што рэформа структур Касцёла альбо праца над пакліканнямі можа адбывацца праз далейшую фармацыю святароў, каб яны таксама не адчувалі сябе самотнымі, каб не адыходзілі.
– Рэформа, як правіла, пачынаецца ў чалавечым жыцці, калі няма ніякага выхаду. Чалавек пачынае думаць, што рабіць, калі ўжо недзе на дно сядае.
Пакуль варыянты ёсць, пакуль ёсць нейкія людзі, пакуль не прыцісне, рэформ сур’ёзных не пачынаецца. Гэта выключэнне, калі трошкі раней прадугледзелі і падумалі. Назіраючы за жыццём, больш-менш так выглядае.
Касцёл у Беларусі разнастайны. Напрыклад, ва Усходняй ці Цэнтральнай Беларусі ёсць шмат парафій, дзе зусім мала людзей, а ксёндз усё роўна ёсць альбо прыязджае туды. Тут таксама патрэбна адвага – нейкая адвага біскупаў, каб, напрыклад, парафіі закрываць. Тут святар для дзесяці чалавек ці для дваццаці, а можа, ён што-небудзь дасць там, дзе трохі болей людзей? Ізноў жа, з такой праблемай сутыкнулася Еўропа. У той жа Францыі ёсць нармальна парафій, дзе людзей поўна, а Імша нават у нядзелю не адбудзецца, толькі ў суботу вечарам, бо тэхнічна няма магчымасцей. Існуе місіянерскі падыход, што ў некаторых месцах раз на месяц праводзіцца Імша, і выбару няма. Канешне, Эўхарыстыя заўсёды павінна быць. Ёсць варыянты інтэрнэту, тэлебачання і г. д. Гэта вялікая тэма.
Паводле "Слова Жыцця", Кацярына Паўлоўская