Кожны раз, калі католікі аказваюцца ў стане вайны, яны павінны памятаць, што Ружанец з’яўляецца адным з галоўных інструментаў, якім яны павінны карыстацца, просячы аб нябеснай дапамозе і супакою.
Многія святыя, у тым ліку святы Піа з П’етрэльчыны, згадвалі магутную моц Ружанца ў справе міру. Таму яго можна назваць ідэальнай зброяй для ваеннага часу.
Гісторыя таксама насычана прыкладамі, калі католікі збіраліся разам, каб маліцца на Ружанцы за мір. Даведнік Нацыянальнай каталіцкай ваеннай рады Злучаных Штатаў 1918 года дае некалькі такіх прыкладаў.
«Каталіцкія сустрэчы павінны быць сканцэнтраваны вакол вялікага ідэалу малітвы за салдат на перадавой, і асабліва за мір. Варта даць зразумець грамадству, што ўшанаванне Маці Божай было на галоўным месцы падчас вялікіх крызісаў мінулага. Варта расказаць ім пра крызіс, які адбыўся ў трэцяй чвэрці XVI ст., калі цывілізацыя сустрэла вялікага ворага ў асобе туркаў, і пра тое, як у бітве пры Лепанта гэта малітва каталіцкай Еўропы да Найсвяцейшай Маці прынесла свету перамогу. Ім трэба расказаць пра месца, якое займаў Ружанец на працягу стагоддзяў, атрымліваючы перамогу за перамогай для каталіцкіх народаў мінулага».
Святы Ян Павел ІІ таксама падкрэсліў гэты аспект Ружанца ў сваёй энцыкліцы Rosarium Virginis Mariae.
«Пэўныя гістарычныя абставіны складваюцца так, што гэты напамін пра ружанцовую малітву набывае асаблівую актуальнасць. Першая з іх — гэта пільная патрэба малітвы да Бога аб дары спакою. На Ружанец як на малітву за мір не раз указвалі мае папярэднікі і я сам. На пачатку тысячагоддзя, якое распачалося жахлівымі тэрарыстычнымі злачынствамі 11 верасня 2001 г. і ў якім штодзённа з’яўляюцца новыя сцэны крыві і насілля ў гэтулькіх частках свету, паўторнае адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). Таму, адгаворваючы Ружанец, нельга не адчуваць сябе выразна абавязаным служыць справе міру, асабліва памятаючы пра зямлю Езуса, якая і надалей церпіць выпрабаванні і якая вельмі дарагая сэрцу хрысціяніна».
У часы вайны і гвалту Касцёл заклікае ўсіх быць яшчэ больш руплівымі ў малітве, асабліва ў Ружанцы за мір.