Charité [шарітэ]… Слова шамаціць і нібы атуляе. Нездарма ў перакладзе з французскай мовы яно азначае “міласэрнасць”. Справам міласэрнасці і служыць супольнасць сясцёр св. Вінцэнта дэ Поля – шарыткі. У Беларусі манахіні нясуць паслугу ўжо 30 гадоў. Пра сутнасць бяды і процідзеянне ёй распавядае сястра шарытка Юлія Новікава.
– На вуліцах нашай краіны чыста і акуратна, спаткаць якога-небудзь валацугу таксама даводзіцца нячаста. Ці адлюстроўвае гэта сапраўдны стан рэчаў адносна ўбогіх у Беларусі? Які маштаб мае праблема людзей, што знаходзяцца ў патрэбе?
– Згодна. Можна прайсціся па Мінску і нікога не заўважыць. Часам сустрэнеш бяздомнага ў цэнтры горада ці на вакзале. Ведаю, што ў сталіцы ёсць начлежка, дзе чалавек без жылля можа правесці ноч, і сталовая для бедных. Апошнюю, дарэчы, утрымліваюць пратэстанты. Аднак ці арганізавана на дзяржаўным узроўні нейкая дапамога для чалавека, каб ён мог выйсці са складанага становішча? Хіба не.
Разам з тым, калі паехаць у вёскі, адразу бачна, дзе хаваюцца ці хаваюць убогіх. У калгасах, якія развальваюцца, людзі часта не маюць сацыяльных навыкаў, а бяду топяць у алкаголі. Парадокс у тым, што ў гэтых людзей ёсць дах над галавой, але больш няма амаль нічога.
– У інтэрв’ю ў “Ave Maria” ў 2017 годзе сёстры шарыткі адзначалі, што ва ўмовах Беларусі Кангрэгацыі складана адкрываць установы дапамогі патрабуючым. У чым асноўныя цяжкасці?
– На сённяшні момант у Беларусі зарэгістравана толькі дзве манаскія кангрэгацыі. Мы ў іх склад не ўваходзім. Таму асноўныя цяжкасці звязаны з юрыдычнымі пытаннямі. Як у вачах дзяржавы мы можам адкрыць шпіталь ці дом састарэлых? Як фізічная асоба – не. Як манаская супольнасць – не. Фінансавая праблема таксама існуе: з Захаду грошы не заўсёды лёгка прымаць, сваімі сіламі збіраць яшчэ больш складана. Трэба, каб і сясцёр было болей. А нас у Беларусі служыць усяго 9 манахінь – па тры на кожную супольнасць: у Шуміліна, Брэсце і Мінску. Таму наша форма служэння – наведванне бедных і самотных у іх дамах.
Але, зразумела, мары ёсць. Часам ідзеш міма закінутага будынка і думаеш: з яго атрымаўся б добры дом для сірот ці прытулак для бяздомных…
– Распавядзіце, калі ласка, які ахоп працы на дадзены момант маюць сёстры шарыткі ў Беларусі?
– У кожнай з трох супольнасцей арганізаваны догляд за ўсімі, каму патрэбна дапамога. Для старых гатуем і прыбіраемся. Ляжачых хворых даглядаем цалкам. Катэхізуем дзяцей, а ў вёсках на катэхезу збіраюцца ўсе мясцовыя дзеці незалежна ад веравызнання. Гэта хлопцы і дзяўчаты з бедных сем’яў, якія не атрымліваюць належнага клопату дома. У сясцёр яны заўсёды знойдуць, што з’есці, пачуюць цёплае слова, адпачнуць на “Канікулах з Богам”.
Я працую ў мінскім шпіталі як медсястра, апошнім часам служу ў кавідным аддзеле. Яшчэ адна з нашых сясцёр служыць у “Карытас”, цяпер удзельнічае ў праекце “Табіта”, створаным, каб адказваць на абсалютна ўсе віды запытаў аб дапамозе. Зразумела, усім, пра каго мы клапоцімся матэрыяльна, нясём святло Хрыста.
С. Юлія таксама працуе медыцынскай сястрой у 1-ай гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску
– Догляд – шырокае паняцце. Наблізьце, калі ласка, канкрэтныя дзеянні па дапамозе, каб убачыць у гэтым і памагатага, і падапечнага.
– Калі даглядаем чалавека немачнага, дбаем, каб ён быў сухі і чысты, як немаўля. Мыем твар, галаву, цела, мяняем падгузнік. Прыбіраемся, ходзім у магазін за прадуктамі, гатуем з дапамогай блэндара, каб падапечным прасцей засвойвалася ежа. Пасля толькі можна і пагаварыць. Калі католікі – памаліцца разам.
Часта здараецца, калі людзі сталыя, могуць і накрычаць, патрабаваць рабіць хатнюю працу на іншы, звыклы ім лад. У такіх выпадках узгадваюцца словы св. Вінцэнта дэ Поля “Бедныя – гэта вашы спадары”, і пачынаеш перавучвацца, робіш, як патрабуюць. Па-чалавечы гэта складана. А калі па-божаму, разумееш: чым больш чалавек грубы, тым больш любові яму трэба аказваць. Усе-такі неабходна памятаць, Каго мы ім нясём. Я думаю, у такіх выпадках Госпад дае ласку пакоры.
– Ці маглі б Вы ўзгадаць нейкі звязаны з падапечнымі выпадак, які закрануў Ваша сэрца?
– У Шуміліна быў мужчына – Іван Іваныч, адзіны сярод спісу сацыяльнага цэнтра, які пагадзіўся прыняць нашу дапамогу. Ён меў рассеяны склероз, мышцы паступова атрафіраваліся, пасля мог варушыць толькі галавой. Даглядаць Івана Іваныча для кожнай з нас было як прайсці сканіраванне на чалавечнасць. Ён быў вельмі патрабавальны. То не той канал на тэлевізары ўключылі, то падушку інакш трэба пакласці. Калі што не так, адразу пагражаў, што будзе мацюкацца. Аднак не мацюкаўся, лаяў больш лагоднымі словамі. Адначасова кожную з нас любіў асабліва, па-рознаму.
Усё жыццё ён быў камуністам, а перад смерцю папрасіў споведзі. Цешуся, што мы змаглі данесці да яго галоўнае, а ён, у сваю чаргу, зрабіў шмат для фармацыі сясцёр.
– Калі чалавек мае шчымлівае сэрца, хоча дапамагаць патрабуючым, з чаго пачаць, як не нашкодзіць?
– Перш за ўсё, каб штосьці даць, трэба мець. Развіваць духоўную напоўненасць праз малітву. Затым зрабіць некалькі простых крокаў. Расплюшчыць вочы і паглядзець навокал – можа, дапамога патрэбна самотнаму суседу або нават блізкаму чалавеку. Калі не, распытаць адмысловыя ўстановы – сталовыя для бяздомных, хоспісы, дзіцячыя дамы і дамы састарэлых. Валанцёрская дапамога можа быць якой заўгодна: пачытаць раз на тыдзень Біблію бабулі, паслужыць кіроўцам для інваліда і г. д.
– Неаднойчы я назірала, што з-пад касцёла праганялі жабракоў, каб тыя не прасілі там міласціну. Хтосьці з вернікаў успрымаў гэта нармальна, хтосьці абураўся. Як думаеце, чаму святары прымаюць такія рашэнні і ці правільна гэта?
– Збоку сапраўды можа выглядаць непрыгожа. Аднак часта гэтыя людзі не для сябе просяць грошы, а трапляюць у палон злачынцаў. Іншым проста камфортна жабраваць – магчыма, пенсію прапіваюць, а збіраюць на чарговую порцыю. І святары могуць гэта разумець або нават ведаць. А можа, трэба паставіць пытанне інакш: чаму ў дзяржаве няма людзей, якія б маглі накіраваць такіх асоб куды трэба?
Да таго ж і нам неабходна ўважліва ставіцца да міласціны, не ўспрымаць яе як адкупленне. Лёгка кінуць капейку, цяжка дапамагчы чалавеку разабрацца ў яго праблеме.
– У харызму Вашай супольнасці ўпісана адказваць на розныя формы сучаснага ўбоства. Якія формы яно прыняло сёння?
– Мы стараемся расчытваць знакі часу. Сапраўдным крыкам нашай супольнасці было жаданне быць у экіпе тых, хто стараецца весці барацьбу з гандлем людзьмі. Чарговая праблема – гэта крызіс мігрантаў. І сёстры, наколькі магчыма, бяруць на сябе клопат пра тых, хто плыве ў лодцы ад адчаю да невядомага. Землятрус на Гаіці – сёстры накіроўваюцца дапамагаць пацярпелым. Так было і ў часы св. Вінцэнта дэ Поля: ішла вайна, і сёстры даглядалі жаўнераў. Інакш кажучы, мы ідзём туды, дзе бачым бяду – менавіта гэта і азначае наш чацвёрты шлюб – служэнне бедным.
Калі зірнуць яшчэ шырэй, бедны – гэта не толькі той, хто хоча есці. У нашай краіне чалавека адарвала ад яго каранёў камуністычная ідэалогія і бязвер’е, зрабіла яго бедным – цьмяным, паніклым. А з хрысціянствам усё можа быць інакш. Ад пазбаўлення ад страху смерці да вырашэння пытанняў эканамічнай раўнавагі праз ахвяраванне дзесяціны.
(Дзесяціна – старазапаветная канцэпцыя, якая прадстаўляе закон, згодна з якім ізраільцяне павінны былі даваць ад усяго, што яны зараблялі ці вырошчвалі, 10% на храм – заўв. аўт).
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская