Сёлета супольнасць сясцёр салезіянак у Беларусі адзначае 30-годдзе свайго служэння ў нашай краіне.
19 верасня супольнасць сясцёр салезіянак у Беларусі адзначае 30-гадовы юбілей сваёй прысутнасці ў краіне. Менавіта ў гэты дзень тры дзесяцігоддзі таму ў Смаргонь з Польшчы прыбыла с. Тэрэса Сольнічэк FMA. Маладая манахіня на пачатку свайго місійнага служэння прагнула трапіць у Бразілію, але апынулася каля вытокаў салезіянскай духоўнаці ў постсавецкай атэістычнай Беларусі. Успамінамі пра гэты перыяд сястра дзеліцца сёння з намі.
“Што мы такога зрабілі, што Бог нас так палюбіў і вырашыў выслаць да нас сясцёр?”. Гэта было першае, што мы пачулі, калі яшчэ з дзвюма манахінямі прыбылі ў Смаргонь. Сталыя людзі ставіліся да нас з вялікай цеплынёй. Дакраналіся да нас, нібы да золата, і было бачна, што моцна прагнулі Бога. Парафіяне былі бедныя, але нягледзячы на гэта, дзяліліся з намі ўсім, чым маглі.
Кангрэгацыю Дaчок Марыі Успамогі Хрысціян заснавалі св. Ян Боско і св. Марыя Дамініка Мадзарэла ў Італіі ў 1872 годзе. Яна накіравана на выхаваўчую працу з маладымі людзьмі.
У моладзі і дзяцей мы выклікалі цікаўнасць. Іх не бянтэжыла, што на катэхезу прыходзілася збірацца ў вільготным падвале без вокнаў – іншага месца не было. Аднак кідалася ў вочы тое, што хлопцы і дзяўчаты разгубленыя. Яны да канца не разумелі, да каго прыслухоўвацца: да бабулі, якая захавала веру з былых часоў, або да бацькоў, якія былі абыякавыя да рэлігіі. Са свайго боку мы стараліся дапамагчы дзецям усвядоміць іх уласнае ўяўленне пра Бога, распавесці пра духоўныя каштоўнасці і паставіць іх перад свабодным выбарам. Бо калі справа тычыцца духоўнасці, не можа быць ніякага прымусу. Цяпер, калі я сустракаю сваіх колішніх вучняў, ужо дарослых, я шчаслівая, бо заўважаю, што ў іх няма ўнутуранага падзелу – яны аднолькавыя ў касцёле, сярод сяброў, у сям’і і ў працоўным калектыве. Закладзенае зерне прарасло.
Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, с. Тэрэса запрашае ўсіх, хто чуе пакліканне да манаства, наведаць іх супольнасць і бліжэй прыглядзецца да сясцёр. Радыя ўсім!
Наша супольнасць праводзіць катэхезы, пачынаючы ад дзіцячага садка і да 11-га класа. Намагаемся стварыць месца – араторый, – дзе хлопцы і дзяўчаты могуць проста добра сябе адчуваць, быць у бяспецы, дзяліцца ўсім, што маюць на душы. Адно з нашых галоўных заданняў – праз гульні вучыць дзяцей працаваць над сваім характарам. Пасля яны разумеюць, што не заўсёды важная перамога або ўласная значнасць. Што самае галоўнае ў любой супольнасці – гэта заўважыць іншага чалавека.
На дадзены момант у Беларусі дзейнічае дзве супольнасці сясцёр салезіянак – у Смаргоні і ў Мінску. Абедзве складаюцца пераважна з сясцёр беларусак. І гэта наша вялікае дасягненне, што маем пакліканні з тутэйшых зямель. Думаю, патэнцыяльных кандыдатак прываблівае ў нас, перш за ўсё, радасць, якая льецца знутры. Неаднаразова чула ад дзяўчат: “Сястра, як так атрымліваецца, што Вы кожны дзень у адной і той жа сукенцы, а такая шчаслівая?”.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская