Пасля стварэння Гродзенскай дыяцэзіі было складана акрэсліць, колькі католікаў жыве на Гродзеншчыне. Часцей за ўсё падавалася заніжаная статыстыка, што было абумоўлена шматгадовым праследаваннем мясцовага Каталіцкага Касцёла. Запалохванне і рэпрэсіі прывялі да таго, што людзі баяліся публічна прызнаваць сваю хрысціянскую веру, захоўваючы яе ў сэрцы і практыкуючы таемна. Паводле апошніх афіцыйных даных, колькасць парафіян у нашай дыяцэзіі пасля 30-ці гадоў складае 400 тысяч чалавек.
З моманту ўзнікнення Гродзенскай дыяцэзіі пачалася актыўная праца па стварэнні новых парафій і будаўніцтве касцёлаў і капліц. І ўжо ў 1992 годзе Гродзеншчына ўзбагацілася новымі святынямі. А праз 30 гадоў у дыяцэзіі налічваецца 34 новыя касцёлы і 18 новых капліц. Усе яны пабудаваны з нуля, за выключэннем некалькіх, напрыклад, у Ізабеліне, Ражанцы і Карэлічах, якія былі адноўлены з руінаў.
Вуліцы Гродна пасля атрымання рэлігійнай свабоды зноў поўняцца шматлікімі вернікамі. Працэсія Божага Цела, 1990-ыя гады
Гродзенскія дэканаты:
Новыя касцёлы: у Гродне ў мікрараёнах Паўднёвы, Дзевятоўка і Вішнявец, у Азёрах, Скідзелі, Путрышках і Жытомлі.
Касцёлы ў працэсе будаўніцтва: у Гродне ў мікрараёнах Фолюш і Альшанка, у Пагаранах, Каробчыцах і Верцялішках.
Пад будаўніцтва касцёла атрымана зямля:
у Гродне ў мікрараёне Баранавічы.
Новыя капліцы: у Пераломе, Свіслачы, Падліпках і Плябанаўцах.
Лідскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Лідзе ў мікрараёнах Індустрыяльны, Гастэла, Слабада і Маладзёжны, у Першамайску, Дзітве, Бердаўцы і Беліцы.
Шчучынскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Астрыне.
Новыя капліцы: у Барташах, Клешняках, Шастакоўцах і Ражанцы.
Мастоўскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Мастах, Мастах Правых і Юбілейным.
Ваўкавыскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Ваўкавыску Цэнтральным, Падароску і Ізабеліне.
Новыя капліцы: у Навасёлках, Студзеніках і Субачах.
Бераставіцкі дэканат:
Новыя касцёлы: у Свіслачы.
Новыя капліцы: у Кватарах.
Дзятлаўскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Падвялікім.
Іўеўскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Сурвілішках і Юрацішках.
Новыя капліцы: у Цэнтральнай і Жамыслаўлі.
Навагрудскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Бярозаўцы, Любчы і Карэлічах.
Ашмянскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Анжадаве і Граўжышках.
Астравецкі дэканат:
Новыя капліцы: у Лошы.
Радунскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Воранаве і Доцішках.
Новыя капліцы: у Палецкішках.
Смаргонскі дэканат:
Новыя касцёлы: у Крэве.
Касцёлы ў працэсе будаўніцтва: у Смаргоні ў мікрараёне Карані.
Слонімскі дэканат:
Новыя капліцы: у Старой Весі.
У чарговую гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, якая прыпадае на 13 красавіка, узгадваем шлях, які ёй давялося прайсці, каб сцвердзіць: шмат чаго было зроблена, але заўсёды ёсць куды імкнуцца.
Кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, канцлер Гродзенскай курыі, выкладчык Святога Пісання ў Гродзенскай ВДС
Вельмі складана некалькімі словамі апісаць усе пазітыўныя змены, якія адбыліся за апошнія 30 гадоў з часу стварэння Гродзенскай дыяцэзіі. Таму абмяжуюся некалькімі дасягненнямі, на мой погляд, найбольш важнымі з пункту гледжання “звычайнага католіка”.
Перш за ўсё, значна павялічылася колькасць святароў. Вернікі старэйшага і сярэдняга пакаленняў памятаюць часы, калі святароў было вельмі мала, большасць з іх былі пажылымі, часта хворымі, стомленымі шматгадовай непасільнай паслугай. Толькі некалькі парафій мелі свайго пробашча. Каб прыняць удзел у св. Імшы ці прыступіць да сакраманту споведзі, заключыць сакраментальны сужэнскі саюз ці ахрысціць дзіця, вернікі павінны былі пераадолець значныя адлегласці да бліжэйшай парафіі, у якой працаваў святар.
З моманту, калі ў 1990 годзе была створана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя, у яе штогод паступала некалькі дзесяткаў кандыдатаў да святарства. Большасць сённяшніх святароў у дыяцэзіі – выпускнікі гродзенскай семінарыі з тых некалькіх вельмі плённых гадоў, калі колькасць пакліканняў была сапраўды ўражлівай. І хаця ў апошнія гады мы маем справу са спадам пакліканняў да святарства, то з пункту гледжання колькасці духавенства сённяшняя сітуацыя ў дыяцэзіі з’яўляецца непараўнальна лепшай, чым 30 гадоў таму.
Другое важнае дасягненне, цесна звязанае з папярэднім, – пашырэнне парафіяльнай сеткі. За 30 гадоў існавання дыяцэзія здолела вярнуць сабе большасць святынь, адабраных у вернікаў у пасляваенныя гады. Як правіла, вернутыя сакральныя будынкі былі занядбаныя, спустошаныя няправільным выкарыстаннем і патрабавалі вялікага і дарагога рамонту. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу святароў і вернікаў, а таксама пры дапамозе дабрачынцаў і ахвярадаўцаў удалося вярнуць гэтым святыням іх годнае аблічча. Цешыць таксама, што за апошнія 30 гадоў у дыяцэзіі былі пабудаваны новыя касцёлы і капліцы.
Яшчэ адным годным увагі дасягненнем з’яўляецца развіццё як традыцыйных, так і новых форм душпастырства. Сёння ў Касцёле праводзіцца сістэматычная катэхізацыя дзяцей і моладзі, вядзецца фармацыйная праца з іншымі катэгорыямі вернікаў, ствараюцца розныя малітоўныя групы, валантарыят, спецыялізаваныя душпастырствы, развіваецца паломніцкі рух, свецкія вернікі ўсё больш уключаюцца ў жыццё сваіх парафіяльных супольнасцей. Такая актывізацыя вернікаў не толькі сама па сабе з’яўляецца вялікім дабром, але і дазваляе з аптымізмам глядзець у будучыню.
За доўгія гады выкладання Божага слова ў духоўнай семінарыі ў Гродне я пераканаўся, што Усемагутны нястомна прамаўляе да чалавека. Так і зараз, у 30-ты юбілей нашай дыяцэзіі, Божае слова актуальнае і цэліць у нашыя сэрцы. Святое Пісанне – цудоўнае сведчанне прысутнасці Пана ў гісторыі Яго народа. Ён кіруе лёсам чалавецтва, нястомна праяўляе свой клопат, любоў і міласэрнасць. У святле біблейскага апавядання мы бачым, што гісторыя мае свой сэнс, бо ў ёй Бог ажыццяўляе свой план збаўлення чалавецтва.
У Бібліі святкаванне юбілеяў і іншых свят было цэлебрацыяй вялікіх Божых спраў, здзейсненых у мінулым. Такім чынам, выбраны народ нібыта нанова перажываў досвед папярэдніх пакаленняў, што заахвочвала яго да падзякі Усемагутнаму за нязменную апеку, а таксама спрыяла ўзмацненню веры і даверу, паколькі пацвярджала, што і ў будучыні Бог ніколі не пакіне свой народ.
Я думаю, што святкаванне 30-годдзя дыяцэзіі – гэта магчымасць для ўсіх нас падзякаваць Богу за вялікія змены ў жыцці Касцёла, якія адбыліся амаль на нашых вачах у такі адносна кароткі час, а таксама паглядзець у будучыню з надзеяй, даверам і аптымізмам. “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20), – запэўнівае нас уваскрослы Хрыстос.
Кс. канонік Раман Катлімоўскі, былы выкладчык Гродзенскай ВДС
Пачынаючы з 1991 года, я служыў у Гродзенскай дыяцэзіі спачатку прэфектам, а пасля віцэрэктарам мясцовай Вышэйшай духоўнай семінарыі. Гэта былі часы цікавага духоўнага прарыву і будаўніцтва Касцёла на падмурку гісторыі сем’яў, якія перажылі вялікую траўму падчас пераследу Касцёла ўладамі СССР. Перад біскупам Аляксандрам Кашкевічам стаяла заданне арганізаваць асновы функцыянавання дыяцэзіі. Ён пачаў з курыяльнага будынка, пасля стварыў дэканальныя структуры, каб праз дэканаў наладзіць лепшы кантакт са святарамі, заняўся грунтоўным аднаўленнем пабернардынскай забудовы, каб падрыхтаваць месца для клерыкаў, шмат старанняў прыклаў для развіцця катэхізацыі, запрашаючы ў паўсталы ў Гродне катэхетычны каледж выкладчыкаў з Польшчы і Літвы. Пад яго доглядам адбываўся рамонт святынь і чалавечых сэрцаў, паламаных “чырвонай” сістэмай. Гэта быў цяжкі, але прыгожы пачатак, поўны прыгод. І менавіта супакой і самавалоданне пастыра дыяцэзіі дазвалялі заўсёды пазітыўна вырашаць далікатныя сітуацыі. У прасторы дзейнасці біскупа заўсёды можна было заўважыць праявы Святога Духа. А інакш і быць не магло, бо іерарх нястомна клапаціўся аб дыяцэзіі праз малітвы даручэння.
Я дзякую Богу, што меў магчымасць служыць побач з біскупам Аляксандрам – чалавекам вялікай пакоры і прастаты, які паглыбляецца ў Бога і моцна любіць Касцёл. Ён ніколі не прымаў паспешлівых рашэнняў, але заўсёды шмат маліўся. І кожны раз мы бачылі плён гэтай разважлівасці. Іерарх заўсёды вельмі цёпла ставіўся да святароў і клерыкаў, кажучы, што духоўная асоба не ведае старасці, бо яе дух застаецца маладым. Мне падаецца, дыяцэзія мае цяпер шмат святароў “стылю” біскупа Аляксандра – спакойных духам і радасных сэрцам, бязмерна культурных і чуллівых.
І хоць у дыяцэзіі, як у кожнай супольнасці, хапае праблем, вобраз яе развіцця ясны і перспектыўны. Зразумела, у наяўнай сітуацыі мы ўсе павінны сканцэнтравацца на крыжы Хрыста і нястомнай малітве, але каб набрацца натхнення і надзеі, дастаткова зірнуць на ўжо пройдзены шлях. Фармацыя маладых людзей, якая існуе ў розных формах, шматлікія малітоўныя рухі (напр. “Маргарытка”, “Апостальства дапамогі чыстцовым душам”) і душпастырствы (напр. цвярозасці, вязняў, сем’яў) сведчаць аб тым, што Святы Дух вядзе Гродзенскую дыяцэзію на працягу ўсіх 30-ці гадоў. І робіць гэта праз чалавека, які на пачатку доўга адмаўляўся ад гэтай працы, думаючы, што не справіцца. Аднак Бог, як заўсёды, аказаўся вялікім, а пастыр – мудрым і спакойным правадніком у веры.
Тэрэза Змітрэвіч, шматгадовая парафіянка гродзенскага касцёла св. Францішка Ксаверыя
Мая вандроўка па дарозе веры пачалася трагічна. Улетку 1944 года, ва ўзросце сямі гадоў, я ўпершыню прыняла св. Камунію. Пасля ўрачыстасці мінуў тыдзень, і я страціла сваю маці – яе расстралялі немцы, – а разам з ёй на пэўны час згубіла і шлях у святыню. Мама заўсёды суправаджала мяне на св. Імшы. Калі падрасла і змагла запомніць дарогу ў касцёл, пачала хадзіць туды самастойна. Аднак цешылася гэтым нядоўга, бо савецкая ўлада распачала моцны ціск на мясцовы Касцёл, і мы “згубілі” нашага парафіяльнага святара, застаўшыся “сіротамі”. Невялікая група вернікаў засталася пры касцёле, каб ахоўваць яго, а большасць разбрылася, хто куды: далучылася да тых некалькіх парафій, дзе ўлады час ад часу яшчэ дазвалялі цэлебраваць св. Імшы.
Я пачала хадзіць у пабернардынскі касцёл, дзе служыў кс. Міхал Арановіч. Вядома, што нягледзячы на пераслед, гэты святар меў мужнасць патаемна хрысціць, вянчаць і катэхізаваць. Памятаю, як аднойчы прыйшла ў касцёл, каб паспавядацца. Стала ў чаргу і пачула ад людзей, што кс. Міхал атрымаў ад Святога Айца дазвол удзяляць сакрамант канфірмацыі і сёння ў закрыстыі мае адбыцца патаемнае прыняцце дароў Святога Духа. Я не разгубілася і папрасіла незнаёмую жачныну, якая стаяла за мной у чарзе, стаць маёй сведкай канфірмацыі. Пасля спазнання Святога Духа я ляцела дадому, нібы на крылах. Вярнуўшыся, адчула ў сабе столькі энергіі, што вырашыла далучыцца да былых парафіян і распачаць дзяжурствы ў гродзенскай катэдры. Нягледзячы на тое, што мела дзяцей і працавала, знаходзіла час, каб прыходзіць у свае змены і ахоўваць касцёл ад магчымых рабаўнікоў. Памятаю, што мы часта збіраліся ў святыні на супольны Ружанец: клалі на стол убранне святара і маліліся. Вельмі шкада тых людзей, з якімі разам баранілі касцёл, але якія не дачакаліся распаду СССР і ўстанаўлення дыяцэзіі.
Узгадваю вялікую радасць, што панавала ў нашых сэрцах, калі атрымалі першага біскупа. Наступіў час свабоднай катэхізацыі дзяцей, можна было без страху прымаць сакрамант канфірмацыі з рук іерарха. Асаблівым падарункам стала з’яўленне Тэалагічнага каледжа ў Гродне. Людзі, прагныя да хрысціянскіх ведаў пасля часоў савецкага атэізму, дзесяткамі запісваліся на заняткі. Пачалі “ажываць” касцёлы: туды вярталіся людзі, якія ахвотна аднаўлялі і адбудоўвалі свае святыні.
На жаль, вярнуць не ўдалося толькі Фару Вітаўта, узарваную камуністамі. Памятаю адно, як пасля атрымання рэлігійнай свабоды мы сабраліся на св. Імшу на месцы, дзе стаяла калісьці магутная святыня – хтосьці стаяў, хтосьці проста сядзеў на траве, – а ў паветры адчуваўся подых волі.
Лічу, што самае вялікае дасягненне апошніх 30-ці гадоў – гэта менавіта разрастанне дыяцэзіі. Хоць мне і прыкра было развітвацца з катэдрай і пераходзіць у парафію на Дзевятоўцы, а цяпер належаць да парафіі св. а. Піо, я разумею, што гэта клопат біскупа пра тое, каб усім было дастаткова месца ў касцёле і каб духавенства магло кожнаму ўдзяліць увагу. Дзякуй Богу за новых вернікаў і новыя святыні.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская